IBU не зніме бан з беларускіх і расійскіх біятланістаў да заканчэння вайны ва Украіне
Міжнародны саюз біятланістаў (IBU) выказаўся наконт працягласці міжнароднага бана Федэрацыі біятлона Беларусі і Саюза біятланістаў Расіі (СБР).
Пра ўмовы допуску прэс-служба IBU паведаміла эксклюзіўна для Metaraitings.ru.
«Статус гэтага пытання не мяняўся з таго часу, як кангрэс IBU ў 2022 годзе прагаласаваў за адхіленне Саюза біятланістаў Расіі і Беларускай федэрацыі біятлона да таго часу, пакуль не будуць выкананы пэўныя ўмовы. Кангрэс IBU таксама вырашыў не дапускаць расійскіх і беларускіх спартсменаў і службовых асоб на свае міжнародныя спаборніцтвы да далейшага апавяшчэння, каб гарантаваць бяспеку і цэласнасць гэтых мерапрыемстваў.
Раней у 2024 годзе выканаўчы камітэт IBU ясна даў зразумець, што прыпыненне членства абедзвюх федэрацый будзе захоўвацца да таго часу, пакуль абедзве нацыянальныя федэрацыі не прадэманструюць сваю поўную прыхільнасць падтрымцы і прасоўванні мэт і прынцыпаў IBU. Напрыклад, трэба дакладна дыстанцыявацца ад СВА (так шэраг прарасійскіх медыя называе вайну – заўв.) ва Украіне і гарантаваць, што ніхто з іх афіцыйных асоб або спартсменаў не будзе ўцягнуты ў расійскія ўзброеныя сілы і не будзе прымаць які-небудзь удзел у СВА.
Кангрэс IBU, які прайшоў у Бялградзе ў верасні 2024 года, не разглядаў пытанне вяртання расійскіх і беларускіх біятланістаў. Такім чынам, ніякіх рашэнняў па гэтым пытанні не чакаецца на працягу наступных тыдняў, месяцаў ці нават больш, пакуль не скончыцца СВА, а федэрацыі не выканаюць згаданыя ўмовы. У цяперашні час правілы спаборніцтваў IBU не прадугледжваюць удзел спартсменаў у нейтральным статусе», – заявілі ў прэс-службе IBU.
Нагадаем, што IBU адхіліў прадстаўнікоў Беларусі ад спаборніцтваў пад сваёй эгідай у адказ на вайну, якая з 24 лютага 2022 года працягваецца Расіяй ва Украіне з выкарыстаннем тэрыторыі Беларусі.