Алег Рыжанкоў: «Шкада, што ў апошні дзень Кубка Садружнасці не атрымалася ні ў дзяўчынак, ні ў хлопцаў заваяваць медалі»
Галоўны трэнер зборнай Беларусі па біятлоне Алег Рыжанкоў выказаўся наконт вынікаў сезона для каманды.
– Шкада, што ў заключны дзень Кубка Садружнасці не атрымалася ні ў дзяўчынак, ні ў хлопцаў заваяваць медалі, Антон Смольскі спыніўся за крок ад п'едэстала. У першыя два дні мы заваявалі чатыры ўзнагароды, думаю, гэта таксама дастойны вынік. Не заўсёды атрымліваецца так, як хацелася б.
– Доўгі, насычаны сезон. Скажыце сапраўды, выдыхнулі ўжо?
– Ну так, можна выдыхнуць спакойна, з чыстым сумленнем дадому – і на адпачынак. На галоўных стартах сезона сёлета – на Кубку наймацнейшых і Кубку Садружнасці – каманда заваявала даволі вялікую колькасць узнагарод. У цэлым 20 медалёў за два галоўныя старты.
– Сімвалічна, што менавіта ў Раўбічах Антон Смольскі змог зарабіць сабе такі адрыў, што дагнаць яго аказалася практычна немагчыма.
– Антон выступіў стабільна і вельмі выдатна, адразу зрабіў добры зачын яшчэ ў летніх спаборніцтвах, потым у Раўбічах дадаў. Гэтыя медалі далі яму добры запас. У прынцыпе ён і ў Мурманску не бянтэжыўся, не быў сераднячком, працаваў па поўнай і даказаў па праве, што заваяваў вялікі прыз.
– Дзінары Смольскай не хапіла зусім няшмат для перамогі ў агульным заліку. Але ўсё ж, мусіць, за характар варта яе пахваліць?
– Ну канешне, у яе ўжо быў такі трафей у першым сезоне, і ў гэтым годзе была блізкая. Калі б, скажам так, пару стартаў былі больш удалымі, каб такі ж зачын быў, як у Антона - можа, тады ёй было б лягчэй. Вельмі шчыльная барацьба, дастаткова складана страляць, бегчы, цяжкі снег, цяжкая траса. Плюс стомленасць, гэта ўсё дало пра сабе ведаць.
– Гаворачы пра іншых нашых спартсменах, хто на працягу сезона вас прыемна здзіўляў – а хто, наадварот, не апраўдаў усіх чаканняў.
– У прынцыпе ўсе хлопцы ў мужчынскай камандзе мне спадабаліся – і Ілля Аўсеенка, і Сцяпан Данілаў, і Паша Бялько. Можа, у Івана Тулаціна не ўсё атрымалася ў гэтым сезоне так, як хацелася б. У дзяўчынак, можа, Даша Кудаева не патрапіла ў стартавы склад, не паказала вынікаў, на якія мы наладжваліся і чакалі. Парадавала Іра Шаклеіна пасля Новага года, калі вярнулася і ўжо стала выступаць на поўную сілу, таксама заваявала медаль, дапамагала ў эстафетах. Прыемна здзівілі маладыя спартсменкі, якія таксама выступалі і на юніёрскіх спаборніцтвах і бралі медалі, тая ж Лена Кулак сярод дарослых паказала дастойны вынік. У прынцыпе ўся каманда падцягнулася - вялікага разрыву паміж лідэрамі і, скажам так, адстаючымі ў нас няма. З аптымізмам можна глядзець у будучыню, - сказаў Рыжанкоў.