Усе навіны

Экс-прэзідэнт IBU Бесеберг заявіў у судзе, што Меркель спрабавала паўплываць на яго, каб яе краіна атрымала права на правядзенне ЧС-2023

У Нарвегіі ідзе разгляд апеляцыі па справе былога прэзідэнта Міжнароднай федэрацыі біятлона (IBU) Андэрса Бесеберга.

Ён адмаўляе, што быў асабліва прыхільны да Расіі. Бесеберг паведаміў, што нават былы канцлер Германіі Ангела Меркель спрабавала паўплываць на яго, каб яе краіна атрымала права на правядзенне чэмпіянату свету ў 2023 годзе.

«Я хачу паказаць, што на мяне спрабавалі паўплываць не толькі нейкі губернатар ці радавы чалавек. Гэта адбывалася на самым высокім узроўні. Гэта была таямніца, якую я захоўваў, але зараз хачу яе раскрыць», – сказаў Бесеберг.

У 2018 годзе Меркель даслала яму ліст незадоўга да таго, як IBU павінна была вызначыць гаспадара сусветнага першынства. Адным з кандыдатаў быў нямецкі Аберхоф.

«Яна горача падтрымлівала заяўку Германіі на правядзенне чэмпіянату свету ў Абергофе. Яна, у прыватнасці, згадвала пра незабыўныя кадры па чэмпіянаце свету 2004 года ў тым жа горадзе, а таксама на чэмпіянаце свету ў Рупольдынгу ў 2012 годзе», – распавёў ён, чытаючы ліст.

Бесеберг адказаў ёй, што шануе ліст і падзякаваў за падтрымку нямецкага біятлону на самым высокім узроўні. Аберхоф тады атрымаў тады права на правядзенне ЧС.

Выданне NRK звярнулася па каментар да Ангелы Меркель, а таксама ў офіс канцлера, але адказу не атрымала.

У красавіку 2024 года Андэрс Бесеберг быў прыгавораны за карупцыю да зняволення на 3 гады і 1 месяц. Нарвежскі суд прызнаў Бесеберга вінаватым у атрыманні хабараў, сувязях з прастытуткамі, удзеле ў паляўнічых паездках у Расію, Аўстрыю і Чэхію.

У красавіку 2023 г. Бесеберг быў абвінавачаны незалежнай знешняй агляднай камісіяй Міжнароднай федэрацыі (ERC) у садзейнічанні і абароне інтарэсаў Расіі, «асабліва ў антыдопінгавым кантэксце» пасля таго, як быў падкуплены кіраўнікамі біятлону гэтай краіны.

Бесеберг быў прэзідэнтам IBU больш за 25 гадоў. У студзені мінулага года IBU пажыццёва адхіліў экс-прэзідэнта ад права займаць пасады ў арганізацыі.

У сакавіку 2025 года CAS пажыццёва забараніў экс-прэзідэнту IBU Бесебергу займаць любыя спартовыя пасады.