Tribuna/Біятлон/Блогі/Ёханэс Бо – топ. Пабіў рэкорд Мартэна Фуркада на ЧС і разнёс яго пазіцыю па вяртанні расіян і беларусаў у спорт

Ёханэс Бо – топ. Пабіў рэкорд Мартэна Фуркада на ЧС і разнёс яго пазіцыю па вяртанні расіян і беларусаў у спорт

І разнёс не толькі ён.

13 лютага 2023, 14:17
Ёханэс Бо – топ. Пабіў рэкорд Мартэна Фуркада на ЧС і разнёс яго пазіцыю па вяртанні расіян і беларусаў у спорт

Ёханэс Бо бясспрэчна дамінуе ў сусветным біятлоне ў гэтым сезоне. Нарвежац у стартавых трох гонках чэмпіянату свету сабраў максімальны ўраджай – 3 залатыя ўзнагароды з 3.

У гонцы пераследвання Бо-малодшы наогул быў фенаменальным – не дапусціў ніводнага промаху і з традыцыйна топавай хуткасцю прывёз другому Лагрэйду больш за хвіліну. І гэта пры тым, што ён паспеў папазіраваць для камер перад фінішнай прамой.

Такім чынам, Ёханэс Бо выйшаў на чыстае другое месца па колькасці перамог на ЧС па біятлоне ў гісторыі, абышоўшы Мартэна Фуркада. Зараз у нарвежца іх 14 – наперадзе толькі Б'ёрндален з 20 залатымі медалямі.

Ёханэс выступіў супраць заявы Мартэна Фуркада пра вяртанне расіян. Яго падтрымалі і іншыя топы

Заява Фуркада пра допуск спартсменаў з Расіі і Беларусі ўзняла немалы рэзананс на ЧС па біятлоне. Справа ў тым, што Мартэн – прадстаўнік Камісіі спартсменаў у Міжнародным алімпійскім камітэце. Вось што сказаў француз:

«Будзе шмат людзей, якія зразумеюць і шмат, якія не змогуць. Не кажу, што я маю рацыю і стаю вышэй за іншых, але ў мяне як у чалавека ёсць асабісты погляд на гэта. Сёння я адчуваю, што пра гэта казаць можна.

Як прадстаўнік атлетаў я лічу, што мы павінны разгледзець магчымасць дазволіць расійскім і беларускім спартсменам вярнуцца ў спаборніцтвы. Гэта галоўны пасыл.

Я быў абраны ў МАК, каб абараняць спартсменаў. І мне падаецца, што я не абараняю гэтых спартсменаў. Канешне, яны расіяне і беларусы, але яны таксама спартсмены. Мяркую, што іх трэба бараніць на гэтай падставе.

Я поўнасцю падтрымліваю ўкраінскі народ. Гэтая вайна жахлівая. Няма ніводнай часткі мяне, якая б разумела дзеянні расійскай улады.

На працягу ўсёй кар'еры я змагаўся з Расіяй у пытаннях допінгу. Я быў не адзіны, але адзін з нямногіх, хто займаў публічную пазіцыю супраць расійскіх уладаў па допінгу. Я не дам нікому магчымасці абвінаваціць мяне ў прарасійскай пазіцыі.

Мы можам аб'яднаць прадстаўнікоў розных рэлігій, краін і светапоглядаў. На гэтай мірнай спартыўнай арэне мы можам паказаць свету, што можам любіць адзін аднаго і змагацца адзін з адным, кіруючыся каштоўнасцямі спорту.

Я абараняю гэта з самага першага дня. Я б здрадзіў сабе, калі б не абараняў гэта. Мне будзе вельмі сорамна за сваю краіну, калі яна вырашыць забараніць расійскім і беларускім спартсменам удзельнічаць у спаборніцтвах».

Супраць такіх слоў выступіў Ёханэс Бо, які стаяў на кветкавай цырымоніі ЧС побач з Дзмітрыем Підручным, у якога нядаўна на вайне загінуў таварыш.

Вось што сказаў нарвежац: «Ён, відаць, нешта вырашыў для сябе, што грунтуецца на гэтых меркаваннях. Я з гэтым не згодзен.

Мяркую, важна не проста дазволіць кожнаму канкурыраваць па-за нацыянальнымі межамі Расіі. Тады гэта не сродак ціску, каб спыніць вайну. Пасля, верагодна, расійскім спартсменам будзе вельмі цяжка, але, магчыма, раздражненне можа апынуцца настолькі вялікім, што гэта можа спрыяць заканчэнню вайны і любых іншых праблем. Вы не атрымаеце гэтага, калі пакінеце гэта іншым. Гэта складаная дылема. Спартсменам цяжка. Мы спачуваем ім, але ў той жа час ёсць нешта большае.

Фуркад зрабіў шмат правільнага, але тут адчуваю, што ён няправы. Будзе цікава паглядзець, што будзе далей».

Таксама Ёханэса падтрымаў Стурла Лагрэйд: «Я думаю, гэта трызненне нейкае. Вайна яшчэ працягваецца – нічога не змянілася. Чаго б гэта ім дазваляць зноў спаборнічаць?

Я лічу, мы павінны падоўжыць бан, пакуль вайна не скончыцца. А ўжо потым глядзець, ці можам іх вярнуць у спорт».

Узважана ўсё расклаў Ветле Крысціянсен:

«Разумею дыскусію пра тое, каб не змешваць спорт і палітыку. Але, думаю, гэта цяжка, калі расіяне фармуюць такія цесныя сувязі паміж спортам і вайскоўцамі. Значную частку падрыхтоўкі аплачваюць вайскоўцы. Толькі мы, скандынаўскія краіны, не атрымліваем грошай за працу на мытні, паліцыі ці як вайскоўцы», – сказаў Крысціянсэн.

Ён таксама ўзгадаў заявы былой біятланісткі Вольгі Зайцавай, якая лічыла, што біятланістаў трэба адпраўляць на фронт з-за іх стралковага майстэрства.

«Гэта проста так сюррэалістычна і тупа каментаваць па сутнасці. Па стане на сёння, улічваючы, што ў расіян цесныя сувязі паміж спортам, вайскоўцамі і палітыкай, думаю, мы ўсё роўна павінны забараніць іх».

Адказаў Фуркаду і Дзмітрый Підручный: «Калі Фуркад так сказаў, гэта вялікая памылка. Не думаю, што расійскія і беларускія спартсмены павінны быць тут – толькі пасля вайны.

Яны павінны заплаціць за зробленае. Мы можам казаць пра гэта толькі пасля гэтага».

Як і заўсёды жорсткім быў Себасцьян Самуэльсан: «Добра разумею, што Фуркад мае такое меркаванне. Я не згодзен. Мяркую, павінны быць наступствы з-за пачатку агрэсіўнай вайны падчас алімпійскага міру.

Калі вы парушаеце правілы, следствам павінна быць тое, што яны не павінны быць дапушчаны да ўдзелу. Наіўна думаць, што гэта не звязана. Мы не можам нармалізаваць гэтую вайну, якую вядзе Расія».

З падтрымкай Украіны выступіла і Маркета Давідава, якая выступае на спаборніцтвах з сіне-жоўтым сцягам на вінтоўцы. «Важна падтрымліваць Украіну. Вайна яшчэ не завяршылася – гэта таксама важна, як і ў яе пачатку.

Я думаю, што гэтая праява падтрымкі вельмі маленькая. Але гэта лепей, чым нічога.

Вяртанне расіян і беларусаў у біятлон? Не думаю, што гэта добрае рашэнне. На мой погляд, мы ўсё яшчэ павінны больш падтрымліваць Украіну», – адзначае чэшская біятланістка.

Фота: CHRISTOF STACHE / AFP, Christian Manzoni/IBU, Tobias SCHWARZ / AFP

Іншыя пасты карыстальніка

Усе пасты