У Беларусi прыдумалi «лiпу», каб бiятланiсты зарабiлi у Расii – тыя атрымалi амаль у 5 разоў менш, чым летась, ды яшчэ пасварылiся
А супернiкi дзялiлi перамогу на «камень-нажніцы-папера».
Для беларускіх біятланістаў, якія працягваюць знаходзіцца пад міжнародным банам праз саўдзел рэжыму Лукашэнкі ў расійскім нападзе на Украіну, распачаўся новы сезон.
Тое, што ўсімі няпраўдамі дыктатарскія медыя называюць сусветнымі спаборніцтвамі, па факце так і засталося суперніцтвам двух краін. Толькі што назвы, фарматы і арганізатары ў іх розныя, і грашыма там не абдзяляюць – расійскія турніры-замяняльнікі сапраўдных міжнародных стартаў адсыпаюць шчодрыя прызавыя. Таму беларускім «зоркам» біятлону, якія раз-пораз там перамагаюць, нібыта няма на што крыўдаваць.
16–17 лістапада ў расійскім Ханты-Мансійску праходзіла Міжнародная ліга клубнага біятлона. Але тая «ліга» праходзіць толькі ў адзін этап за два дні, ды i «клубы» ўдзельнічаюць толькі дзвюх краін. I то гэта праформа. Нават у «Прэсболе» пра турнiр так i напiсалi: «Ясна, што на практыцы ніякіх біятлонных клубаў няма, а спартсмены збiраюцца ў калектывы чыста намінальна на час стартаў».
Але для беларусаў гэта смачны кавалачак у расійскім турнэ, бо ў адрозненні ад Кубка садружнасці, дзе плацяць 3,3 тысячы долараў за золата, у МЛКБ можна зарабіць на ўзроўні этапаў Кубка свету: каля 10 тысяч долараў за золата, 5 тысяч – за срэбра, і 2,5 тысячы – за бронзу (на КС – 16,3 тысячы, 13,1 тысячы і 10 тысяч долараў адпаведна).
У асабістых гонках МЛКБ прызавыя прадугледжаны за месцы ў топ-10, у змешанай эстафеце – для найлепшых шасці каманд.
Сам па сабе турнір не новы, упершыню ён прайшоў у прошлым годзе не той жа лакацыі. Падрабязней пра МЛКБ і тое, колькі там зараблялі беларускія біятланісты,мы распавядалі летась (артыкул па спасылцы ніжэй).
У 2023-м на МЛКБ беларуская дэлегацыя прывезла адзін так званы «клуб», сёлета – тры, але па факце біятланістаў у чырвона-зялёнай форме стала нават меней. У мінулым годзе ў складзе «Беларускага клуба біятлона» ў гонках прымалі ўдзел 15 спартсменаў, а ў гэтым годзе ў трох прыдуманых «клубах» назбіралася 12. Найлепшыя беларускія біятланісты – Ганна Сола, Антон і Дзінара Смольскія ды Дзмiтрый Лазоўскi – аб’ядналіся ў складзе «Беларускага нафтавіка». Відаць па ўсім, каб пазмагацца за залатыя прызавыя ў змешанай эстафеце.
Ці акупіўся ўдзел у «міжнародным» турніры? У мужчынскім масс-старце Смольскі заняў трэцяе месца (і зарабіў 2,5 тысячы долараў), Іван Тулацін прыехаў да фінішу пятым (1 тысяча), Дзмітрый Лазоўскі – шостым (0,9 тысячы), Максім Варабей – дзявятым (0,6 тысячы). У жаночым мас-старце зарабіць змагла толькі Дзінара Смольская: 9 месца – і 600 долараў у кішэні.
У змешанай эстафеце, як і чакалася, найлепшым з беларускіх «клубаў» стаў квартэт «нафтавікоў» – трэцяе месца і 2,5 тысячы долараў на чатырох чалавек. А яшчэ тут ізноў усплыў даўні канфлікт Смольскай і Солы: са слоў Дзінары, Ганна не паціснула ёй руку і нават не павіншавала каманду з бронзай.
Тым не менш на п'едэстале дзяўчыны стаялі побач адна адной і ўсміхаліся.
У суме ў гэтым сезоне МЛКБ беларусы зарабілі 8,1 тысячу долараў. У 2023-м было 37,8 тысячы. Цяпер менш у 4,6 раза – такі вось вынік.
З пацешнага: у мужчынкім мас-старце, дзе Смольскі стаў трэцім, два расійскія біятланісты Карым Халілі і Данііл Серахвостаў на фінішы разыгралі золата на «камень-нажніцы-папера». Перамогу атрымаў першы (потым бiятланiсты заявiлi, што прызавыя дамовiлiся дзялiць роўна).
Да аншлагаў на трыбунах таксама было далёка – вось колькі гледачоў было на тым жа мужчынскім мас-старце.
22 лістапада беларусы вернуцца да выступаў у расійскім Кубку садружнасці, першы зімні этап якога таксама пройдзе ў Ханты-Мансійску. А каб не міжнародны бан, 30 лістапада стартавалі бы ў сапраўдным сусветным Кубку на этапе ў Кантыялахці.