У Беларусi ледзь не забралi галоўныя гонкi з бiятлона – пытаннi па ўмовах засталiся, але ёсць пафасная назва i дзiвацкi вiдэаанонс
Здаецца, са снегам зноў давядзецца прыдумляць.
Міжнародная федэрацыя біятлона не збіраецца дапускаць спартсменаў з Беларусі і Расіі да міжнародных спаборніцтваў да заканчэння вайны ва Украiне, пра што ў студзені паведаміў супрацоўнiк арганізацыі Крысціян Вінклер. Таму, як і раней у апошнія гады, для беларускіх і расійскіх біятланістаў галоўным турнірам застаецца Кубак Садружнасці.
З 13 па 24 лютага пяты этап гэтых спаборнiцтваў запланаваны ў Раўбiчах, атрымаўшы пры гэтым асобную пафасную назву – «Кубак наймацнейшых спартсменаў». Але цi пройдзе ўсё добра, калi ў Беларусi цяпер няма снегу? Разбiраемся.
Спаборнiцтвы маглі перанесці ў Расiю
Умовы «плюсавога» надвор’я сапраўды маглi прывесцi да пераносу этапу. 26 студзеня кіраўнік Саюза біятланістаў Расіі Віктар Майгураў казаў, што шанцы на правядзенне турніру ў Раўбічах 50 на 50. А расійскі каментатар Дзмітрый Губерніеў нават называў Уфу ў якасці альтэрнатыўнага месца, якое было гатова прыняць этап.
Але на тыднi з 3 па 9 лютага ў Мiнску ўсё ж абяцаюць мiнусавую тэмпературу нават днём, а ноччу – увогуле да -6. Моцных снегападаў не прагназуецца, але невялiкiя часам нiбыта будуць. Таму і кіраўнік беларускага біятлону Андрыян Цыбульскі, і Майгураў заявілі, што «Кубку наймацнейшых спартсменаў» у Раўбічах быць. Гэта, напэўна, узрадуе Губерніва, які нядаўна заяўляў, што засумаваў па Мінску, а падчас візіту закупіцца беларускім трыкатажам, трэнікамі, майткамі і майкамі. Бiлеты на турнiр абяцаюць пусцiць у продаж у хуткiм часе.
У Раўбiчах ужо не раз праводзiлi спаборнiцтвы ва ўмовах недахопу снегу. У 2020-м Беларусь падахвоцілася правесці ЧЕ замест Эстоніі, якая адмовiлася як раз праз надвор’е. У Беларусі яно было не лепш для бiятлона – снег прыйшлося везці з аматарскай трасы ў Мiнску i дадаваць спецыяльнымi прыладамi, але на якасць таго, што атрымалася, скардзiлася нават цяперешняя рэжымная пара Антона i Дзiнары Смольскiх. У 2024-м сiтуацыя ледзь не паўтарылася на этапе Кубку садружнасцi – раciянка Анастасiя Гарэева паспела паскардзiцца, што на трэнiроўцы яе спаткала «жахлівая траса: пясок, камяні».
Але перад гонкамi над Раўбiчамi ўсё пайшоў снег – i спаборнiцкая праграма прайшла ўжо ў добрых умовах. Гэтай прыроднай выпадковасцю тады вельмi выхвалялiся ў вярхушцы «мiнспорту», што выглядала пацешна.
У Раўбічах нядаўна быў турнiр
Нядаўна Раўбічы ўжо паспелі прыняць спаборніцтвы – з 29 па 31 студзеня там прайшло першынство Беларусi па біятлоне для юніёраў, юніёрак, юнакоў і дзяўчат. У гэтыя дні тэмпература была ад +3 да +9, але трасы змаглі падрыхтаваць, хоць іх якасць пакідала пытанні.
А вось узнагароджанне праводзiлi на асфальце сярод лужын.
Як ідуць беларусы ў Кубку садружнасці?
У агульным заліку ў мужчын лідаруе Антон Смольскі, які здолеў выйграць усе тры ролер-гонкі на першым этапе. Затым наступіў спад. У спрынтах у Ханты-Мансійску і Чайкоўскім рэжымнiк быў 11-м і 12-м адпаведна. Але потым пайшло лепш, а ў апошніх чатырох гонках бiятланiст тройчы трапляў у прызы: срэбра ў мас-старце на этапе ў Чайкоўскім, срэбра ў спрынце і золата ў гонцы пераследу ў Дзёміне .
На шостым месцы агульнага заліку размясціўся Дзмітрый Лазоўскі. З медалёў ён браў срэбра ў мас-старце на ролерах у Краснаярску і дзве бронзы: у мас-старце ў Чайкоўскім і спрынце ў Дзёміне.
Далей у мужчын у агульным заліку беларускiя спартсмены размясціліся наступным чынам:
15. Максім Варабей
18. Павел Бялько
19. Мікіта Лобастаў
20. Сцяпан Данілаў
24. Іван Тулацін
26. Ілля Аўсеенка
Акрамя Смолькага і Лазоўскага, на п’едэстале ў гэтым сезоне апынаўся толькі Лобастаў – сенсацыйна выйграў мас-старт у Дзёміне.
Сярод беларускiх жанчын вышэй за ўсіх ідзе Дзінара Смольская – пасля чатырох этапаў займае трэцяе месца агульнага залiку. У прызы яна трапляла тройчы: выйграла ролерны мас-старт у Краснаярску і гонку пераследу ў Ханты-Мансійску, стала другой у гонцы пераследу ў Чайкоўскім.
На дзявятым месцы ідзе Ганна Сола. Яна трапляла ў прызы нават часцей за Смольскую: выйграла мас-старт у Ханты-Мансійску, стала другой у мас-старце ў Чайкоўскім і ўзяла дзве бронзы ў Дзёміне – у спрынце і гонцы праследавання. Сола магла б размяшчацца вышэй, але падчас мас-старту на першым этапе страляла ў чужы шчыт, атрымала вялікі штраф і сышла з дыстанцыі. Ды i ўвогуле са стральбой у яе рэгулярныя праблемы.
Вось на якіх месцах у агульным заліку размяшчаюцца астатнія беларускія спартсменкi (нiхто з iх у гэтым сезоне медалёў не браў):
13. Ксенія Варабей
24. Ірына Шаклеіна
25. Алена Кулак
30. Дар'я Кудаева
37. Адэліна Сабітава
46. Ганна Песцерава
Тым часам частка зборнай Беларусi зняла своеасаблiвы анонс да новага этапу – з подпiсам «калi дазналiся, што гонкi ў Раўбiчах усё ж адбудуцца», у кадры спартсмены выконваюць дзiўныя рухi пад накладзены ўрывак запiсу ад украiнскага стрымера анлайн-гульняў evelone, якi шмат разоў паўтарае «толькi гэта не фэйк».
У каментарыях Смольская таксама назвала Раўбiчы «найлепшым месцам на Зямлi».