Пуцінскага каментатара вылізалі ў Беларусі: фота ў цэнтры Мінска, «Расія» на імянным падарунку, любімыя «трэнікі»
Але Губерніеў знайшоў лайно.
У Раўбічах завяршыўся этап Кубку садружнасці па біятлоне, якому прыдумалі асобную пафасную назву – «Кубак наймацнейшых спартсменаў». То быў беларуска-расійскі адказ чэмпіянату свету, які праходзіў паралельна, але ўзровень турніраў быў, канешне, не супастаўны.
Асвятляць спаборніцтвы ў Беларусь прыехаў, сярод іншых, Дзмітрый Губерніеў – галоўны каментатар біятлона на расійскім прапагандысцкім канале «Матч ТБ», вядучы канцэртаў у падтрымку Уладзіміра Пуціна, а з нядаўняга часу яшчэ і афіцыйны дарадца пуцінскага міністра па спорце Міхаіла Дзегцярова. Губерніеў сам сабе кліча «голасам біятлона», а пад Мінскам насіў шапку з «беларусіфікаваным» надпісам «Пясняр біятлона». А розныя дзяржустановы вельмі ўжо намагаліся зладзіць такому госцю цёплы прыём.
Да прыезду Беларусь каментатар запланаваў сабе пакупкі адразу ў некалькіх гандлёвых цэнтрах.
«Калі казаць пра Мінск, то абавязкова зайду ў ГУМ, прыйду «На Нямігу». Праверу, ці ёсць у наяўнасці трэнікі. Беларускія трэнікі – гэта святое. Ніжняя бялізна абавязкова, шкарпэткі, натуральна, трусы, у якіх усё дыхае. У сапраўднага мужчыны ўсё павінна працаваць. Таксама я карыстаюся выключна беларускімі крэмамі. А як жа прыкрыць, як той казаў, калені і ягадзіцы ад фабрыкі «Мілавіца»? А Брэсцкі панчошны камбінат? «Світанак» – легендарныя трэнікі» – ухваляў Губерніеў беларускі трыкатаж.
У гандлёвым доме «На Нямізе» (гэта частка дзяржсеткі ўнівермагаў, што засталіся з савецкіх часоў) у цэнтры Мінска так уразіліся словамі Губерніева, што павесілі на дзвярах плакат з яго фатаграфіяй і подпісам: «Дзмітрый Віктаравіч, чакаем вас!». Расіяніну, які рэальна дайшоў да ўстановы, было прыемна.
Апынуўся Губерніеў і на жодзінскай фабрыцы «Світанак» (уваходзіць у дзяржканцэрн «Беллегпрам»), якую да гэтага хваліў. Пасля візіту тэлевядучы абсыпаў новымі кампліментамі і завод, і яго калектыў, а таксама расхваліў «трусікі» і трэнікі беларускай вытворчасці. На прадпрыемстве ж арыгінальна падышлі да магчымасці атрымаць натыўную рэкламу і на бачнае месца павесілі майкі сваёй вытворчасці з цытатамі дыктатара Аляксандра Лукашэнкі.
А бліжэй да канца спаборніцтваў у Раўбічах Губерніеў наведаў дзяржпрадпрыемства «Мінсктранс», сумнавядомае сваімі іскамі на драконаўскія сумы да ўдзельнікаў беларускіх мірных пратэстаў, якія нібыта перашкаджалі руху аўтобусаў і тралейбусаў арганізацыі. Але на «Мінсктрансе» не толькі займаюцца рухам траспарту, але і вырабляюць лыжаролеры, якія і падарылі Губерніеву. Пара была імянная ды са словам «Расія».
Але не ўсё ў Беларусі Губерніева задаволіла. Пасля жаночага спрынту каментатар заявіў: «Усе ведаюць, як я люблю Беларусь, але паказ жаночага біятлоннага спрынту быў поўнае лайно. Калегам у Мінску павінна быць вельмі сорамна! Паглядзім, што будзе далей». Больш падобных выказванняў не было, але расійскія гледачы на спартыўных сайтах пісалі, што і далей трансляцыі пакідалі жадаць лепшага. Губерніеў жа, дарэчы, каментаваў у тым ліку разам з Дзегцяровым.
Таксама Губерніеву ў Раўбічах ўдалося запісаць інтэрв“ю адразу з дзвума чатырохразовымі алімпійскімі чэмпіёнамі: расіянінам Аляксандрам Ціханавым (браў золата толькі ў эстафетах), які жыве ў Беларусі і заўсёды ўхваляе Лукашэнку, і беларускай Дар“яй Домрачавай, якая апошнім часам рэдка выходзіць у свет.
Каментатар нават паспрабаваў умяшацца ў рэгламент старту – вельмі здзівіўся, што для траплення ў мас-старт ўлічваюцца гонкі толькі ў Раўбічах, а не за цэлы сезон КС. Праз гэта «пралятаў» расіянін Данііл Серахвостаў, які ў Беларусі захварэў і прапусціў некалькі гонак. Губерніеў хацеў дадаць спартсмена ў мас-старт 31-м удзельнікам і нават правёў з гэтай нагоды апытанне – некаторыя былі за, некаторыя супраць. Пазней тэлевядучы адрапартаваў, што дабіўся ўдзелу біятланіста, але той пасля эстафеты адчувае сябе зноў не вельмі добра, таму не стартаваць не будзе.
Паміж гонкамі дарадца міністра спорту Расіі паспяваў займацца спартыўнай хадзьбой, адначасова ацэньваючы спартыўную інфраструктуру Мінска. Адмысловае захапленне ў былога весляра выклікаў элінг з лодкамі на Свіслачы.
Быў у раскладзе Губерніева і Вялікі тэатр Беларусі, дзе ён глядзеў балет «Рамэа і Джульета» расійскага кампазітара Сяргея Пракоф'ева і адтуль жа анансаваў біятлонныя гонкі.
Не дзіўна, што пуцінскі вяшчальнік застаўся задаволены візітам у Беларусь.