Не здолеўшы нарасціць бюджэт (горад паслаў), «Мінск» сам адмовіўся гуляць у лізе расіян – далей ад ганьбы
Вось як развівалася сітуацыя.
30 траўня тэлеграм-канал «Перахоп» паведаміў, што баскетбольны клуб «Мінск» не будзе ўдзельнічаць у наступным сезоне Адзінай лігі ЗГБ. Нібыта клуб ужо праінфармаваў пра гэта кіраўніцтва Лігі, даслаўшы адпаведны ліст. Таксама паведамляецца, што «Мінск» заявіць каманду ў Адзіную моладзевую лігу ЗГБ.
Пры гэтым наконт прычын такіх рашэнняў нічога не паведамляецца. «Трыбуна» высветліла падрабязнасці.
Як даўно клуб у Лізе і што паказаў?
У расійскай лізе беларускі калектыў дэбютаваў у сезоне-2010/11. Тады каманда яшчэ называлася «Мінск-2006». Згодна з рэгламентам, удзельнікі былі разбіты на дзве групы па дзевяць каманд. У сябе ў групе мінчукі занялі апошняе месца, у 16 матчах атрымаўшы ўсяго адну перамогу. Так мала ў тым сезоне ніхто не перамагаў.
Клуб застаўся ў турніры, а з часам нават стаў выйграваць часцей, але ў плей-оф ніколі не прабіваўся. Бліжэй за ўсё накаўт-раўнд быў у сезоне-2017/18, калі беларусы занялі 9-е месца з 32 баламі (восем перамог і 16 паражэнняў) і толькі па дадатковых паказніках саступілі латвійскаму ВЭФ у барацьбе за апошняе прахадное месца.
Далей было горш. Апошнія сезоны ўвогуле сталі правальнымі. У чэмпіянаце-2022/23 «Мінск» з трыма перамогамі ў 32 матчах стаў найгоршай камандай рэгуляркі, а ў чэмпіянаце-2023/24 паўтарыў «дасягненне», здолеўшы перамагчы толькі раз за 40 гульняў!
За час выступу ў лізе калектывам кіравалі шасцёра трэнераў. Сезон-2023/24 «Мінск» заканчваў з Аляксеем Сухавецкім, які ў снежні-2023 змяніў Расціслава Вергуна.
Чаму не будзе каманды ў новым сезоне?
Тэлеграм-канал «Перахоп» паведаміў, што «Мінск» не будзе заяўлены ў новы сезон Лігі ЗГБ, пра што ўжо праінфармаваў кіраўніцтва турніру. Гэта дазваляе зрабіць выснову, што клуб сам адмовіўся ад удзелу. Такое развіццё падзей у нейкай ступені было прадказальным. Яшчэ ў красавіку 2024-га прэзідэнт лігі Сяргей Кушчанка казаў, што вельмі сурʼёзна разглядаюцца перспектывы «Мінска» – «будуць яны гуляць ці не».
– Пры тым, што мы вельмі любім «Мінск», усе каманды любяць прыязджаць у сталіцу Беларусі. Але камандзе не хапае якаснага менеджменту, – адзначаў функцыянер, разважаючы пра будучыню калектыва.
Незадоўга да таго, у снежні 2023-га, з пасады старшыні БК пасля крытыкі рэжымнага старшыні федэрацыі баскетбола Максіма Рыжанкова быў звольнены Юрый Шакола (займаў пост з 2014-га). Рыжанкоў заявіў, што «кіраўніцтва «Мінска» дрэнна працуе з маркетынгавымі службамі, спонсарамі і партнёрамі». Шаколу змяніў сябра выканкама БФБ і арбітр ФІБА Пётр Івашкоў, які да таго ўзначальваў калегію суддзяў і СДзЮШАР «Мінска». На сайце клуба ён дагэтуль значыцца выканаўцам абавязкаў старшыні.
Па нашых звестках, неўзабаве пасля прызначэння ў Івашкова адбылася сустрэча з Кушчанкам – яна шмат у чым абумовіла будучыню клуба ў лізе. Новаму босу «Мінска» было заяўлена, што вынікі калектыву не задавальняюць кіраўніцтва турніру. Для выпраўлення становішча было рэкамендавана істотна павялічыць бюджэт і кардынальна абнавіць каманду.
Сітуацыя ў лепшы бок не мянялася – у Маскве гэта для сябе адзначалі. Як кажуць нашыя крыніцы, кіраўніцтва БК асаблівай стараннасці ў пошуку грошай не выяўляла (зрэшты, не зусім зразумела, як яе праяўляць ва ўмовах рэжымнай эканомікі). Плюс лукашэнкаўскія ўлады па Мінску, якія фармуюць больш за палову бюджэту БК, па нашых звестках, адмовіліся павялічваць выдаткі са свайго боку. Не гарэлі жаданнем дадаткова марнавацца і спонсары.
У выніку ўсё ішло да таго, што ў «Мінска» зноў будзе самы мізэрны бюджэт у чэмпіянаце, а разам з ім – і вынікі на ранейшым узроўні. У лютым Кушчанка прыляцеў у сталіцу Беларусі, каб сустрэцца з тым, хто сапраўды неяк здольны перавярнуць сітуацыю з дапамогай адміністрацыйнага рэсурсу, – лукашыстам Рыжанковым для абмеркавання «бягучага стану спраў». Ну а ў красавіку расіянін ужо публічна крытыкаваў менеджмент беларускага клуба, выказваючы сумневы наконт таго, ці пакідаць яго ў лізе.
Пётр Івашкоў
Пры гэтым з пачатку 2024 года «Мінск» адчувае фінансавыя цяжкасці. Па нашых звестках, гульцам некалькі месяцаў не ў поўным абʼёме выдавалі заробкі (нейкія грошы пералічваліся, але далёка не тыя, што прапісаныя ў кантрактах). Плюс, наколькі нам вядома, існуюць запазычанасці і перад хатняй арэнай «Мінска» (як мы ўжо пісалі, арэнда Falcon Club на суткі каштавала 15 тысяч долараў). У сезоне-2023/24 бюджэт «Мінска», як пісала «Трыбуна», складаў менш за 1,9 мільёна еўра. Кушчанка ж патрабаваў павялічыць яго істотна.
У выніку кіраўніцтва беларускага клуба само прыйшло да рашэння адмовіцца ад удзелу ў Лізе ЗГБ. Некалькі тыдняў таму ліст з адмовай быў дасланы кіраўніцтву Лігі.
У сезоне-2024/25 «драконы» будуць гуляць толькі ў Беларусі – у чэмпіянаце і Кубку. Пасля адмовы ад расійскага турніру ў камандзе адбудуцца сурʼёзныя змены: кардынальна абновіцца склад, а галоўным трэнерам, хутчэй за ўсё, стане 48-гадовы Аляксандр Падзерачоў – у мінулым сезоне ён узначальваў рэзерв «драконаў».
Зрэшты, пэўная сувязь з Лігай ЗГБ захаваецца. Як паведаміў тэлеграм-канал «Перахоп», беларускі клуб мае намер заявіць калектыў у Моладзевую лігу. Гэта нам пацвердзілі некалькі крыніц, адзначыўшы, што выдаткі на ўдзел каманды ў такім чэмпіянаце куды меншыя.
-- Кіраўніцтва клуба вырашыла скарыстацца хоць нейкай магчымасць выступіць на міжнароднай арэне. А заадно і даць шанец маладым гульцам развівацца не толькі ва ўнутраным першынстве, – растлумачыў такі ход адзін з суразмоўцаў «Трыбуны».
Дадамо, што ў сезоне Моладзевай лігі ВТБ-2023/24 удзел узялі 13 калектываў, а найлепшым стаў «Зеніт-М». Беларускія каманды ў гэтым турніры ніколі не ўдзельнічалі.
Фота: minskbasket.by