«Сэксапільны» спартыўны псіхолаг з Калінкавічаў – гэта ўсё пра беларуску, якая магла ўзяць медаль у Парыжы
Знаёмімся з Алінай Змушкай.
28 ліпеня Аліна Змушка выйшла ў фінал на стомятроўцы брасам на Алімпійскіх гульнях. 27-гадовая беларуска паказала пяты час па выніках двух паўфінальных заплываў, а яе вынік 1.05,93 секунды – гэта новы нацыянальны рэкорд. Папярэдні таксама належаў Змушка. 1:06.20 – такі час яна паказала ў ліпені перад Алімпіядай на Кубку Беларусі.
У фінальным заплыве, які адбыўся ў панядзелак, беларуска фінішавала апошняй, на восьмым месцы. Час спартсменкі – 1:06.54. Таму давайце бліжэй пазнаёмімся з Алінай.
Змушка нарадзілася ў Калінкавічах. У плаванне прыйшла ў пяць гадоў. Яе маці таксама займалася брасам і была кандыдатам у майстры спорту.
Змушка мае вышэйшую адукацыю пасля таго, як у 2020-м скончыла педагагічны факультэт па кірунку спартыўная псіхалогія ва ўніверсітэце фізічнай культуры. Па гэтай спецыяльнасці няма завочнай формы навучання, таму спартсменка наведвала заняткі.
У адным інтэрв'ю спартсменка расказвала, чаму выбрала спартыўную псіхалогію:
«Мне трэба было папрацаваць над сваім псіхалагічным станам. І я вырашыла гэта зрабіць такім чынам: разабрацца са сваімі праблемамі і атрымаць адукацыю.
Праз сваю эмацыйнасць я часта ўпадаю ў крайнасці: то я максімальна ў сабе, то фантаную эмоцыямі. Прыйшлося шукаць баланс. І дзякуючы навучанню я яго знайшла. Аказалася, вельмі займальна капацца ў сабе і вывучаць свой унутраны свет. Ды і ў спорце псіхалагічная падрыхтоўка важная не менш фізічнай. Як мне казаў адзін трэнер: «У фінале ўсе восем спартсменаў гатовыя ваяваць за медаль, кожны прэтэндуе на п'едэстал. Але сярод роўных фізічна перамагае той, хто лепш готаў псіхалагічна».
Калісьці Змушка расказвала, што яе мара – адабрацца на Алімпіяду. Яе ўдалося ажыццявіць у папярэдні алімпійскі цыкл – у 2021 годзе плыўчыха з'ездзіла ў Токіа, дзе прадстаўляла Беларусь у брасе на 100 і 200 метраў і ў эстафеце комплексным плаваннем. Тады ні ў адной з дысцыплін не ўдалося прайсці кваліфікацыю:
Дзяўчына тлумачыла правал у Токіа абавязковай вакцынацыяй:
«Яна выбіла мяне з трэнавальнага працэсу на тыдзень – у самы пікавы для падрыхтоўкі час. Штарміла так, што я прыходзіла на трэнінгі і проста нічога не магла рабіць».
Цяпер Змушка ў фінале, але казаць, што яна выглядае прэтэндэнткай на медаль, можна з пэўным нацягваннем. Безумоўнай фаварыткай выглядае Таццяна Сміт з ПАР, якая двойчы праплыла з вынікам 1.05.00. У другой, ірландкі Моны Макшэры, – 1:05.51. Трэцяя – амерыканка Лілі Кінг, паказала 1:05.64. Карацей, каб быць на п'едэстале, прадстаўніцы Беларусі трэба ізноў абнаўляць нацыянальны рэкорд, прычым у самы адказны момант. Атрымаецца?
А яшчэ Змушка лічыць сябе «сексапільнай». Такую характарыстыку аднойчы яна дала сабе адным словам на просьбу журналіста. Не будзем тут спрачацца.
Тыя, хто ўпадабаў прыгажосць дзяўчыны, мусяць улічваць, што яна замужам. Абраннік – таксама плывец зборнай Беларусі, Руслан Скамарошка. У снежні 2023-га ён атрымаў нейтральны статус, але на міжнародных спаборніцтвах удзелу не прымаў. Зрэшты, ягоныя паказнікі на ўнутраных беларускіх і расійскіх турнірах вельмі далёкія ад алімпійскіх нарматываў. Са Змушка яны распісалася ў 2023 годзе.
Стометроўка - не адзін старт Змушка ў Парыжы. 31 ліпеня яна паспрабуе прайсці кваліфікацыю і на 200 метрах брасам.
Фота: Instagram alina_zmushko