Tribuna/Футбол/Блогі/О духе времени/Закрылася дзіцячая школа бізнесмена Мурашкі: ён прывёў у Беларусь «Інтэр», хацеў пабудаваць спартцэнтр каля Цнянкі, але не пацягнуў фінансава

Закрылася дзіцячая школа бізнесмена Мурашкі: ён прывёў у Беларусь «Інтэр», хацеў пабудаваць спартцэнтр каля Цнянкі, але не пацягнуў фінансава

Ад школы застаўся праект былога бізнес-партнёра, які працуе ў тых жа лакацыях.

Аўтар — Tribuna.com
Закрылася дзіцячая школа бізнесмена Мурашкі: ён прывёў у Беларусь «Інтэр», хацеў пабудаваць спартцэнтр каля Цнянкі, але не пацягнуў фінансава

У 2015 годзе ў Мінску з'явілася "Футбольная школа Мурашкі", заснаваная бізнесменам Мікалаем Мурашкам. Развіццё праекта ішло імкліва: праз два гады пасля адкрыцця ў ФШМ з'явілася ўласнае поле, планавалася пабудаваць шматфункцыянальны комплекс падрыхтоўкі юных спартсменаў. У 2018-м школа заключыла партнёрскую дамову з міланскім «Інтэрам» аб стварэннi акадэміі. У рамках праекта беларускія трэнеры ездзілі на стажыроўкі ў італьянскі клуб, перыядычна накіроўваліся туды і выхаванцы ФШМ.

Зрэшты, хапала ў Мурашкі і праблем. Нядаўна школа раскалолася на два новыя праекты з рознымі філасофіямі, крыху раней здарыўся масавы адток дзяцей. Ну а зараз пра школу Мурашкi і сумесную акадэмію «Інтэра» зусім нічога не чуваць.

Як аказалася, ФШМ банальна спыніла існаванне. Даведаліся, чаму так адбылося.

Чым запомнілася ФШМ?

«Футбольная школа Мурашкі» з'явілася ў самым пачатку 2015 года, ідэйным натхняльнікам праекта стаў бізнесмен Мікалай Мурашка, чый сын да таго займаўся ў акадэміі мiнскага «Дынама» у камандзе хлопцаў 2002 года нараджэння. Трэніравалі той дынамаўскі калектыў браты Дзмiтрый і Андрэй Караткевічы. Першы зараз з'яўляецца старшым трэнерам Акадэміі АБФФ, а другі ўваходзіць у штаб Арцёма Чалядзінскага ў «Дынама» і iграе там не самую адназначную ролю.

Гісторыя школы пачалася з таго, што браты Караткевічы прынялі запрашэнне Мурашкі і перайшлі да яго на працу. З імі да ФШМ далучыўся і Юрый Шуканаў, які адказваў у "Дынама" за развіццё дзіцячага футбола. Пасля сыходу спецыялiстаў бацькі дзяцей, якія займаліся ў акадэміі «бела-блакітных», таксама перавялі іх у ФШМ, каб тыя працягнулі займацца пад кіраўніцтвам ужо звыклых трэнераў. Паралельна школа пачала набор.

Першапачаткова ўсе трэніроўкі ў школе Мурашкі былі бясплатнымі - бізнесмен цалкам утрымліваў праект. Заняткі праходзілі на школьных стадыёнах, палях АБФФ і нават у спарткомплексе гасцiнiцы «Веста» за 40 кіламетраў ад Мінска. Аднак доўга гойсаць паміж пляцоўкамі дзецям не прыйшлося - ужо ў 2017-м Мурашка на 25 гадоў арандаваў у Мінскага дзяржаўнага абласнога ліцэя спартыўную пляцоўку з пяшчаным футбольным полем, і неўзабаве там з'явілася штучнае пакрыццё, новыя вароты, раздзявальнi і асвятленне. Рэканструкцыя абышлася ў амаль 200 тысяч долараў. Поле не стала ўласнасцю ФШМ - яно па-ранейшаму заставалася ў валоданні ліцэя. Адпаведна, Мурашка плаціў за арэнду пляцоўкі. Паведамлялася пра 2,5 тысячы долараў за месяц, аднак сам Мурашка казаў, што сума меншая.

У планах бізнесмена было і будаўніцтва дзіцячага спартыўна-аздараўленчага цэнтра на перакрыжаванні вуліцы Цнянскай і завулка Якуба Коласа ў Мінску. Аднак усё гэта так і засталося на ўзроўні планаў.

Цягнуць абсалютна ўсе фінансавыя выдаткі на сваіх плячах Мурашка стаміўся ў 2017 годзе. Каб пакрыць частку расходаў, у ФШМ увялі плату за трэніроўкі, што справакавала сыход са школы пэўнай колькасці дзяцей і трэнераў. У розны час у ФШМ працавалі даволі вядомыя па беларускіх мерках футбольныя спецыялісты: дзяцей трэніравалі Сяргей Паўлюковіч, Сяргей Казека, Аляксей Хадневіч, Сяргей Гігевіч.

Тым не менш праект працягваў жыць і развівацца. У 2018-м ён зноў гучна заявіў пра сябе: ФШМ падпісала дамову да канца 2023-га аб супрацоўніцтве з акадэміяй міланскага «Інтэра». Так з’явілася «Інтэр» акадэмія ФШМ». Па дамове трэнеры і наймацнейшыя юныя футбалісты ФШМ перыядычна стажыраваліся ў Італіі, а італьянскія спецыялісты, у сваю чаргу, працавалі ў Мінску па некалькі месяцаў у год - ажыццяўлялі кантроль і карэкцыю трэніровачных методык.

На той момант у школе займалася каля 450 дзяцей. І частка з іх, паводле задумы Мурашкі, у будучыні павінна была скласці каманду школы, якую планавалі заявіць у другую лігу чэмпіянату Беларусі ў 2021 годзе. Гэтая задумка таксама не здзейснілася.

Першыя праблемы пачаліся ў 2020-м

Праз пяць гадоў пасля запуску ў ФШМ адбыўся першы па-сапраўднаму сур'ёзны канфлікт. Бацькам выхаванцаў, якія дасягнулі 12 гадоў, прапанавалі падпісаць дамовы, паводле якіх першы кантракт дзеці павінны заключыць менавіта са школай Мурашкі, а калі юны футбаліст пасля гэтага захоча перабрацца ў іншую школу або пасля выпуску сысці ў іншы клуб, то на рахунак ФШМ павінна легчы каля 15 тысяч долараў кампенсацыі. Шмат каму не спадабалася гэтая ідэя, бацькі нават звярталіся ў АБФФ з просьбай разабрацца ў сітуацыі. Канфлікт у выніку ўдалося пагасіць, і да сур'ёзных разборак справа не дайшла.

Тым не менш гэта справакавала новы адток выхаванцаў (па словах Мурашкі, у іншыя школы і акадэміі пайшло больш за 100 чалавек). Аднак ФШМ па-ранейшаму магла пахваліцца нядрэннай працай у плане прадуктыўнасці. Варта сказаць, што некалькі дзясяткаў выхаванцаў школы - у асноўным, хлопцы 2002-2003 гадоў нараджэння - да гэтага часу ў футболе. Веніямін Пузан, напрыклад, бегае за «Радамяк II» з польскага Д6, Цімафей Мурашка абараняе колеры «Гарлявы» з Д2 Літвы. Частка хлопцаў гуляе ў Беларусі: Андрэй Рылач - асноўны паўабаронца "Энергетыка-БДУ" (27 матчаў у сезоне-2022, адзін гол і адзін асіст), Аляксандр Чыж гэты год пачынаў у "Макслайне", а цяпер у складзе "Асіповічаў" у Д2. Ну і яшчэ шэраг выхаванцаў ФШМ раскіданы па Д2 і Д3 чэмпіянату Беларусі.

Праз год з нечым школа перажыла новае і куды больш сур'ёзнае ўзрушэнне - а калі быць дакладней, то ў ФШМ адбыўся раскол. Першапачаткова Мурашка развіваў праект са сваей партнёркай Таццянай Сідляравай. Яны разам укладалі сродкі ў арэнду і рэканструкцыю стадыёна на Сярова, Таццяна адказвала за развіццё "Акадэміі ФШМ".

На старце 2021-га Сідлярава сышла і заснавала свой праект, даўшы яму назву «Акадэмія «ДНК нацыі». Ну а Мурашка застаўся верны свайму дзечiшчу. Стадыён і раздзявальні на Сярова бакі падзялілі, пачаўшы працаваць бок у бок.

Праз пару месяцаў пасля раздзялення "ДНК нацыі" правяла фестываль футбола. Фактычна гэта была прэзентацыя школы. На полі па вуліцы Сярова сабралася каля 100 юных футбалістаў, якіх прынялі ў шэрагі вучняў.

У ФШМ пасля расколу мала што памянялася: з хлопцамі працавалі тыя ж трэнеры (Сяргей Казека, Аляксей Хадневіч, Рэнат Шулуноў). Заняткі абыходзіліся ў 10 рублёў за трэніроўку. Хіба што ў школы з'явіўся новы сайт і змяніліся колеры (замест "бела-сіняй" ФШМ стала "бела-зялёнай"). Мурашка, у школе якога напрыканцы вясны 2021-га займалася больш за 100 дзяцей, працягваў верыць у сваё пачынанне.

- За сем гадоў мы абкаталі мадэль падрыхтоўкі футбаліста. І зараз у нас ёсць дакладнае разуменне, як працаваць далей, - казаў бізнесмен.

Што тычыцца сумеснага праекта з «Інтэрам», то, па словах Мурашкі, яго вырашана было паставіць на паўзу з-за кавіда - каранавірус не дазваляў паўнавартасна абменьвацца трэнерамі і дзецьмі.

ФШМ да васьмігоддзя не дажыла тры месяцы

У апошні час Мурашка нагадваў пра сябе дзякуючы відэаінтэрв'ю на ўласным YouTube-канале "Футмол". У апісанні медыяпраекта гаворыцца, што «паспяховыя Асобы са свету Футбола расказваюць пра сябе і дзеляцца вопытам і сакрэтам поспеху».

Са студзеня 2021-га выйшла 19 ролікаў. На размову з Мурашкам прыходзілі Аляксей Бага, Уладзіслаў Клімовіч, Алег Кубараў, Юрый Пунтус, Алег Дулуб, Сяргей Кісляк, Павел Рыбак, Пётр Качура, Мікалай Януш і іншыя. Таксама вопытам дзяліліся замежныя трэнеры (у прыватнасці, прадстаўнікі акадэмій кракаўскай "Віслы" і «Рэд Бул Нью-Ёрк»). Зараз на канал падпісана крыху больш за тысячу чалавек, а сярэдні паказчык праглядаў відэа - дзве тысячы.

А як жа футбольная школа? Мы паспрабавалі даведацца пра тое, як жыве праект, непасрэдна ў Мікалая Мурашкі, аднак ён ад якіх-небудзь каментароў адмовіўся. Аднак, паводле нашай інфармацыі, ФШМ спыніла існаванне 1 кастрычніка.

Ужо на пачатку гэтага года некаторыя трэнеры перабраліся ў іншыя школы, у штаце засталiся толькі пара спецыялістаў. У ФШМ было ўсяго чатыры групы: хлопцы 2008-09, 2010-11, 2012-14 і 2015-16 гадоў нараджэння. Да лютага існавала група 2005-07, аднак яна закрылася яшчэ зімой з-за сыходу трэнера (як нам удалося даведацца, з хлопцамі працаваў рэкардсмен па колькасці галоў за сезон (59) у Д3 Аляксей Хадневіч). Варта таксама дадаць, што пра ранейшую масавасць груп даводзілася толькі марыць: агульная колькасць тых, хто займаўся ў ФШМ, лічылiся ўсяго некалькімі дзясяткамі. Заняткі заставаліся платнымі, але сумы ўпалі да 5-6 рублёў за трэніроўку.

1 кастрычніка 2022 года скончыўся аплачаны бацькамі месяц трэніровак, і Мурашка абвясціў пра рашэнне закрыць праект: групы былі распушчаныя, трэнеры - разлічаны. ФШМ да васьмігоддзя не дажыла ўсяго тры месяцы.

Галоўнай прычынай закрыцця ФШМ, паводле нашай інфармацыі, стала тое, што Мурашка банальна не пацягнуў справу фінансава. Як атрымалася даведацца "Трыбуне", у бізнесмена заставаліся даўгі яшчэ з часоў рэканструкцыі поля на Сярова, таксама назбіраліся запазычанасці за камунальныя паслугі. Ну а новых выхаванцаў набраць ніяк не ўдавалася. У святле ўсяго гэтага і было прынята рашэнне закрыць праект.

Нялёгкі лёс і ў сумеснага праекта з міланскім «Інтэрам». У пачатку восені 2020-га з-за пандэміі супрацоўніцтва было прыпынена. Пры жаданні праект можна было б аднавіць, але, улічваючы скон ФШМ, выглядае гэта прынамсi немэтазгодна. Кантракт з "Інтэрам" разлічаны да канца 2023 года. Мурашка мог бы яго скасаваць датэрмінова, аднак, згодна з умовамі, гэта прынясе бізнесмену дадатковыя выдаткі - давядзецца заплаціць немалую няўстойку (колькі канкрэтна, нам даведацца не ўдалося, аднак, паводле нашай інфармацыі, толькі за выкарыстанне франшызы «Інтэра» Мурашка выкладваў у год па 20 тысяч долараў).

Жаданне згарнуць праект з італьянцамі (зноў жа па фінансавых прычынах) у Мурашкі ўзнікла ўжо ў 2020-м. Аднак з-за штрафных санкцый, прадугледжаных дагаворам, ён не мог гэтага зрабіць раней за заканчэнне кантракта. Пандэмія стала тым самым «выратавальным кругам», які дазволіў прыпыніць праект «па ўважлівай прычыне» і не плаціць за франшызу кожны год.

Праект, які ўтварыўся пасля расколу ФШМ, паспяхова функцыянуе да гэтага часу

А вось «Акадэмія «ДНК Нацыі» паспяхова працуе і развіваецца дагэтуль. Ёю па-ранейшаму кіруе Таццяна Сідлярава. ДНК расшыфроўваецца як «Дзеці. Нацыя. Культура». Першапачаткова праект функцыянаваў на базе "Акадэміі ФШМ" - сайт быў той жа, лагатып практычна не змяніўся. Але з часам «ДНК Нацыі» абзавяліся сваім адрасам у інтэрнэце і ўнікальным лога.

Заняткі праводзяцца як на звыклым полі на Сярова, так і на некалькіх школьных стадыёнах у Мiнску. Згодна з афіцыйным сайтам, у акадэміі навучаюцца футболу хлопчыкі і дзяўчынкі ва ўзросце ад 5 да 18 гадоў, пробная трэніроўка - бясплатна. А так заняткі абыходзяцца бацькам у 120 рублёў за месяц. У тыдзень - па 2-4 трэніроўкі (у залежнасці ад года навучання дзіцяці).

З хлопцамі займаюцца трэнеры, якія маюць ліцэнзію UEFA. Як абвяшчае сайт акадэміі, на 12 выхаванцаў прыходзіцца па адным трэнеры. Тэхнічным дырэктарам у "ДНК Нацыі" з'яўляецца экс-настаўнік шэрагу айчынных, а таксама латвійскіх і малдоўскіх клубаў Алег Кубараў. Трэніруюць, напрыклад, Аляксей Хадневіч, Рэнат Шулуноў і Андрэй Казарын, якія працавалі ў ФШМ. Каманду 2005 года нараджэння трэніруе чэмпіён Беларусі-2004 Кірыл Паўлючак. Трэнерам па фізічнай падрыхтоўцы і відэааналітыкам з'яўляецца Сяргей Кубараў - сын тэхдырэктара. Сярод партнёраў акадэміі - АБФФ, Дзіцячы фонд ААН ЮНІСЕФ, дабрачынны фонд "Сямейны інклюзіў-тэатр" і буйны міжнародны IT-холдынг ASBIS.

Мы прапанавалі Сідляравай пагаварыць пра яе праект, а таксама мелі намер даведацца яе меркаванне наконт закрыцця ФШМ, у стварэнне і развіццё якой менеджарка таксама ўклала нямала сіл і сродкаў, аднак адказам на просьбу пра каментарый была адмова.

fan1667997191691211853
https://cloud.mail.ru/public/ry8M/PtBudTR2Y
Адказаць
0