Цяпер і Драгун кажа, што палітыка толькі для палітыкаў: у футбольных пакаяннях гэта паўтараюць амаль даслоўна, але ёсць і іншыя прыклады
Яшчэ адна ахвяра.
13 ліпеня Станіслаў Драгун даў прэс-канферэнцыю з нагоды завяршэння карʼеры. Яе можна смела назваць «пакаянай» – экс-футбаліст мінскага «Дынама» і БАТЭ стаў чарговым «вылечаным» беларускім рэжымам ад непажаданых яму, рэжыму, думак. Добра яшчэ, чэрні было больш не ў адказах Драгуна, а ў пытаннях газеты адміністрацыі Лукашэнкі. Прычым задаваў іх прапагандыст Сяргей Канашыц, які некалі і падбіў Драгуна прыдумаць гісторыю пра перафарбаваны плот у вёсцы ў бабулі футбаліста.
Накіроўвалі Станіслава ў звыклае для сістэмы рэчышча. Была, безумоўна, тэза, што экс-футбаліст ніколі не пакіне краіну, у тым ліку дзеля карʼеры (а прапановы нібыта былі) – хаця яшчэ чатыры гады таму ён спакойна гуляў за яе межамі. Вядома, была і спроба вуснамі экс-футбаліста замест рэжыму, які працягвае гвалт і беззаконне, абвінаваціць ва ўсіх бедах тых, каго гэты ж рэжым пад пагрозай змяшчэння за краты і смерці (у рэжыму гэта практычна адно і тое ж) прымусіў зʼехаць з краіны. Калі верыць дзяржгазеце (чаго мы рабіць не рэкамендуем), Драгун папрасіў людзей з-за межаў Беларусі «не чапаць нас, не расказваць, як жыць». Што ж, зафіксуем, што ў чарговы раз тоўстая спроба раскалоць беларускае грамадства не знайшла гарачага водгуку ў спікера – жаданай рэжымам нянавісці экс-футбаліст усё ж не праявіў.
Але галоўная думка, вядома, была такой: палітыка – гэта для абраных (вядома, не народам – рэжым даўно прысвоіў яго паўнамоцтвы), а калі ты займаешся ў сваім жыцці чымсьці яшчэ, то думаць пра палітыку не смей. Не вашае гэта, калі зусім ужо коратка. Шкада, канешне, што ў 1990-х не знайшлося сілы, якая даходліва б патлумачыла Лукашэнку, што старшыня саўгаса мусіць займацца выключна сельскай гаспадаркай. Але на гэтым фоне спробы рэжыму заблакаваць палітыку для непажаданых гучаць максімальна недарэчна. А спробы гэтыя вельмі настойлівыя – думка спрабуюць укласці ў «пакаяныя» інтэрвʼю больш-менш усіх спартоўцаў.
Недзе гэта было крыху танчэй: экс-лёгкаатлетка Надзея Астапчук перасцерагала ад палітыкі праз вобраз карнавалу, які прыцягвае ўвагу, але аказваецца не тым, чым здаецца, таму яго нібыта трэба пазбягаць.
Баец Аляксей Кудзін, якога рэжымнікі цяжка паранілі, адмовіўся пачувацца чалавекам, які займаецца палітыкай – ясна аддзяліў сябе ад яе, падаючы жаданы для рэжыму прыклад іншым.
А ў выпадку з футбалістамі рэжым наогул не затлумляецца – яны кажуць рэальна аднымі і тымі ж словамі. Вось гулец «Тарпеда-БелАЗ» Анатоль Макараў, які «каяўся» ў студзені.
Паўтарыў гэта ў траўні гулец у пляжны футбол Ігар Брышцель, якому дазволілі вярнуцца ў зборную Беларусі. Яе потым у апошні момант разбанілі на адбор да ЧС, куды яна ў выніку кваліфікавалася. Што ж, такая рэжымная цана гульні на мундыяле – Брішцелю па кішэні.
Ну а цяпер роўна такая ж рыторыка зʼявілася ў арсенале Драгуна, які яшчэ і наўпрост назваў сябе прыкладам таго, што не трэба лезці «не туды», куды рэжыму заўгодна.
Класікай становіцца і тое, што людзі пасля выбараў-2020 дзейнічалі не па ўласнай волі – гэта было б занадта проста і дзесьці нават недаравальна. Беларускія спартсмены, да якіх дабралася прапаганда, – ахвяры. Ахвяры ціску, эмоцый, старэйшых таварышаў, недахопу інфармацыі і гэтак далей. Драгун – з іх ліку. Не зарыентаваўся ў сітуацыі і выступіў супраць гвалту. Сёння сцвярджае, што нічога негатыўнага для рэжыму за тымі словамі не стаяла.
Нам застаецца пажадаць, каб «вінаватаму» ва ўдзеле ў відэа супраць гвалту Драгуну новы выступ неяк дапамог у далейшым жыцці ў рэжымнай Беларусі. Гэты выбар кожны робіць сам. Толькі вельмі шкада тых, каму яго і не думалі даваць – а проста замучылі за кратамі.