Tribuna/Футбол/Блогі/О духе времени/Бюджэт DMedia – 100 тысяч долараў на сезон. Вось хто яго забяспечвае і колькі зарабляюць гульцы за матч

Бюджэт DMedia – 100 тысяч долараў на сезон. Вось хто яго забяспечвае і колькі зарабляюць гульцы за матч

У Расіі плацяць 1-2 тысячы долараў за гульню, але ў Мінску не так.

Аўтар — bytribuna com
23 траўня, 19:30
4
Бюджэт DMedia – 100 тысяч долараў на сезон. Вось хто яго забяспечвае і колькі зарабляюць гульцы за матч

У жніўні 2023-га «Трыбуна» распавядала, як і за чый кошт існуе FC DMedia.

Сёння клуб не толькі ўдзельнічае ў актыўнасцях расійскай Медыялігі, але і выступае ў Кубку Беларусі. Абгуляўшы на гэтым тыдні ў сераду «Астравец» з Д2, аматарскі па факце калектыў прабіўся ў 1/16 фіналу турніру.

Зрэшты, аматарскі статус кампенсуецца гучнымі прозвішчамі ў ростары, у тым ліку – былых гульцоў зборнай Беларусі. Толькі ў апошнія дні DMedia ўзмацнілася вядомымі гульцамі: падпісала абаронцу Аляксея Рыяса, які завяршыў карʼеру ў 2022-м, а таксама хаўбека Дзмітрыя Багу – той яшчэ нядаўна збіраўся гуляць за «Шахцёр», але перашкодзіў трансферны бан для клуба.

Чым прафесійных футбалістаў – дзейных і тых, хто ўжо пайшоў на спартыўную пенсію – можа зацікавіць забаўляльны праект? Расказваем некаторыя дэталі.

Адразу адзначым, што за год жыцця ў DMedia адбыліся пэўныя змены. Паводле нашых звестак, яшчэ ў 2023 годзе так званы міністр спорту Сяргей Кавальчук адышоў ад спраў каманды і сёння не мае да яе ніякага дачынення. Як кажуць інфармаваныя суразмоўцы, Кавальчук «дапамог» толькі на пачатковым этапе, ужыўшы адміністрацыйны рэсурс, каб выключыць з гульні ФК «Інформ» – канкурэнта, які таксама імкнуўся ў расійскую медыялігу.

Сёння справы праекта вядуць сузаснавальнікі DMedia Платон Дзмітрыеў і Станіслаў Драгун. Па нашай інфармацыі, Кавальчук не дапамагаў ні з арэндай стадыёна «Дынама», на якім каманда часам праводзіць матчы, ні з іншымі выдаткамі. Грошы расходуюць выключна былы гулец БАТЭ і былы супрацоўнік барысаўскага офіса.

Выдаткі на ўтрыманне DMedia аказаліся не такімі маленькімі для аматарскага ўзроўню. Па нашых звестках, бюджэт на сезон-2024 закладзены ў памеры 100 тысяч долараў. Часткова гэта сума фармуецца з паступленняў партнёраў і спонсараў. Напрыклад, тытульным спонсарам праекта выступае букмекерская кантора Winline. Яшчэ на форме можна ўбачыць лагатыпы кампаніі «Штарк» (афіцыйнага дылера ААТ «БЕЛАЗ» у Расіі), «Тэхнабанка», кампаніі «Актыўлізінг» (прапануе лізінгавыя паслугі па ўсёй Беларусі). Сярод партнёраў значацца піва «Рэчыцкае» і крама велатавараў Veloset, уласнікам якой зʼяўляецца гулец DMedia Віталь Радзівонаў.

Але палова бюджэту – гэта ўсё-ткі ўласныя сродкі кіраўнікоў DMedia.

На што ідуць грошы? Наколькі нам вядома, прыкладна 50 тысяч долараў плануецца патраціць на пераезды і пералёты. DMedia ў 2024 годзе атрымала запрашэнне ў расійскую медыялігу, хаця летась з гэтым меліся праблемы. Калектыў ўжо згуляў у турніры з камандай «Чыста Піцер» у Адзінцова (28 красавіка перамог 3:0) і з «Тандэмам» у Маскве (18 траўня саступіў 3:4).

У групе С, дзе сабраныя калектывы DMedia, «Тандэм», «Чыста Піцер», «Амкал» і «Народная каманда», мінчукі лідаруюць пасля чатырох матчаў. Згодна з рэгламентам, усе каманды згуляюць па разе з супернікамі па групе, а затым правядуць яшчэ тры сустрэчы з супернікамі з іншых груп. 25 красавіка мінчукі сустрэнуцца з прадстаўніком групы D «Эгрысі» (праект нябожчыка Васіля Уткіна, які не так даўно спрабавалі за 380 тысяч долараў выкупіць дзіўныя беларусы) у Маскве.

2 чэрвеня плануецца сустрэча з «Тытанам» на «Барысаў-Арэне». Супернік па трэцяй сустрэчы пакуль не вызначаны.

У чвэрцьфінал выйдуць найлепшыя каманды сваіх груп, якія занялі другія і трэція месцы будуць гуляць у 1/8 фіналу. Па выніках плей-оф вызначыцца чэмпіён.

Такім чынам, пры ідэальным раскладзе DMedia, калі выйдзе з гурта з першага месца і дойдзе да фіналу, на працягу сезона медыялігі згуляе 10 матчаў. Палову з іх – дома, палову – на выездзе.

Лётае ў госці беларуская каманда рэгулярнымі рэйсамі, а колькасць дэлегацыі ў сярэднім складае 22-25 чалавек.

Астатняя частка бюджэту ідзе на аплату іншых патрэб. Напрыклад, арэнду стадыёнаў, дзе праводзіць свае дамашнія матчы DMedia. Арандаваць «Дынама» ў Мінску на адзін вечар каштуе 18 тысяч рублёў (пяць з паловай тысяч долараў па курсе), стадыён у Барысаве просіць за матч восем з паловай тысяч рублёў (крыху больш за дзве з паловай тысячы долараў). Праўда, з «Барысаў-Арэнай» у праекта няпростыя адносіны.

Нярэдка DMedia выступае на палях больш сціплых (праводзіць таварыскія матчы на «Дынама-Юні», у Кубку выкарыстала стадыён ФК «Мінск» і штучнае поле побач са сталічным футбольным манежам). За арэнду гэтых палёў таксама трэба было плаціць.

Правядзенне матчаў – гэта і выдаткі на лукашэнкаўскіх носьбітаў формы нібыта для аховы парадку, і на прысутнасць брыгады хуткай дапамогі. Увогуле, усё, як у прафесійным футболе. На гэта сыходзіць яшчэ не менш за дзевяць тысяч рублёў (2750 долараў) за матч. Акрамя таго клуб нясе выдаткі на арэнду палёў для трэнінгаў (яны праходзяць то на «Дынама-Юні», то на комплексе ў АБФФ).

Ну і, нягледзячы на тое, што DMedia – аматарская каманда, гульцы ўсё роўна атрымліваюць грошы за ўдзел у матчах. Праўда, гэта не тыя сумы, якія фігуруюць у расійскім медыяфутболе. Там футбалісты могуць атрымліваць 1-2 тысячы долараў за матч. У DMedia плацяць фіксавана – 150 рублёў за гульню. Прычым, як кажуць нашыя суразмоўцы, усім аднолькава незалежна ад статусу і ўнёску ў вынік. Можна падлічыць, колькі гулец, які паўдзельнічаў ва ўсіх матчах каманды цягам апошняга месяца, зарабіў. DMedia з 20 красавіка правяло чатыры матчы ў медыялізе і дзве сустрэчы ў Кубку Беларусі. Адпаведна, максімальная аплата – 900 рублёў.

Далёка не самыя вялікія грошы для тых, хто яшчэ нядаўна займаўся футболам прафэсійна. Пры гэтым у DMedia ёсць гульцы, якія не абʼяўлялі пра заканчэнне карʼеры і могуць у любы момант вярнуцца ў профі. Гэта і 34-гадовы Бага, і 26-гадовы Арсеній Канцадайлаў, і 35-гадовы Андрэй Варанкоў, і 29-гадовы Уладзіслаў Ясюкевіч.

Як кажуць нашыя крыніцы, футбалісты з прафесійным досведам ідуць у медыялігу не за грашыма, а каб «акунуцца ў варушняк, які пануе ў лізе, стаць часткай камʼюніці, плюс падкупляе арганізацыя і асвятленне матчаў».

Фота: t.me/fc_dmedia

Іншыя пасты блога

Усе пасты