Нават калі б не санкцыі, лукашыст Талай не паехаў бы на Паралімпіяду. Ён проста забіў на спорт і фактычна скончыў
Усе сілы забірае прапаганда вайны.
28 жніўня ў Парыжы стартавалі Паралімпійскія гульні-2024. Беларусь прадстаўленая васьмю спартсменамі: плыўцамі Ігарам Бокім (ужо паспеў узяць тры золата і ўвогуле зарабіў амаль мільён долараў на паралімпійскіх прызавых), Дзмітрыем Салеем, Максімам Вашкевічам, Яўгенам Кавалёнкам, Ягорам Шчалканавым, Настай Зудзілавай, лёгкаатлетамі Лізаветай Дабравольскай і Уладзіславам Грыбам. Усе адправіліся ў Францыю ў нейтральным статусе, то бок абыходзяцца без гімна, сцяга і любога намёку на дзяржаўную прыналежнасць.
Сярод спартсменаў не аказалася плыўца і аднаго з самых вядомых фанатаў Лукашэнкі Аляксея Талая. На мінулых гульнях, у 2021 годзе, ён заняў сёмае месца на дыстанцыі 50 м брасам у групе SB-1, але ў Парыж не паляцеў. А ці былі ў яго шанцы туды трапіць?
На сёння Талай па-ранейшаму знаходзіцца ў спісах нацыянальнай зборнай. Аднак, як паведамляюць нашыя крыніцы з паралімпійскага спорту, пасля Алімпіяды ў Токіа Талай зразумеў, што «для дасягнення рэальнага значнага і важкага выніку трэба шчыраваць, а шчыраваць больш ён не хацеў». Тым не менш спартсмен-прапагандыст у першую пару працягваў трэнавацца, часта яго заўважалі ў басейне. Больш за тое, у кастрычніку 2022 года на летніх гульнях паралімпійцаў «Сочы-2022» ён узяў золата на 200 метрах вольным стылем у катэгорыі S1, срэбра ў 150 метрах комплексным плаваннем SM3 і бронзу на стометроўцы вольным стылем S3.
Аднак тое спаборніцтва не было адборачным на Паралімпіяду. У адрозненне ад чэмпіянату свету па паралімпійскім плаванні, дзе для трапляння на гульні патрабуецца заняць першае або другое месца ў фінальным заплыве на той ці іншай дыстанцыі. Турнір праходзіў у ліпені-жніўні 2023 года. Талая там не было.
Да таго моманту, як кажуць нашы крыніцы, Талай «забіў на спорт, праўда, пры гэтым пра заканчэнне кар'еры не заяўляў». Па словах нашых суразмоўцаў, у прыватных гутарках лукашыст казаў калегам, што пакуль на «пенсію» не хоча, аднак «самі калегі яго ўжо як спартсмена не ўспрымалі». Ды і наогул, як кажуць нашыя крыніцы, большасць цураецца гэтага чалавека.
Больш за тое, нашыя крыніцы сцвярджаюць, што хоць Талай па-ранейшаму і знаходзіцца ў спісах зборнай, нават у паралімпійскім камітэце Беларусі на яго асабліва не разлічваюць. Чыноўнікі ўбачылі, што дзеяч сканцэнтраваны ўжо не на спорце, а на прапагандзе і ўдзеле ў мерапрыемствах па падтрымцы Лукашэнкі і вайны ва Украіне. І яшчэ да ЧС-2023 Паралімпійскі камітэт і Талай прыйшлі да сумеснага рашэння, што спартыўныя планы ў прынцыпе, а тым больш на Паралімпіяду, можна не будаваць. Маўляў, і форма растрачаная, і жадання канцэнтравацца на плаванні пакуль няма. У выніку можна сказаць, што няхай і негалосна, але па факце Талай завяршыў кар'еру.
Сёлета паралімпіец, які раней любіў пахваліцца здымкамі з басейна, такой фатаграфіяй падзяліўся толькі аднойчы.
Ну а ў лютым 2024 года ён трапіў у 13-ы санкцыйны спіс Еўрапейскага звязу за незаконны вываз украінскіх дзяцей з акупаваных Расіяй тэрыторыяй. Санкцыі ў тым ліку забаранялі перамяшчэнне па Еўрасаюзе. Такім чынам дарога ў Парыж нават пры наяўнасці ліцэнзіі была б закрытая.
А нават калі не браць пад увагу спартыўны складнік, то і так шанцаў трапіць на Паралімпіяду ў Талая не было. Як вядома, выканкам Міжнароднага алімпійскага камітэта рэкамендаваў не дапускаць да спаборніцтваў спартсменаў, якія маюць дачыненне да лукашэнкаўскіх сілавікоў, а таксама тых, хто адкрыта падтрымлівае вайну ва Украіне. Тыя ж рэкамендацыі распаўсюджваліся і на Паралімпіяду. Па падтрымцы вайны ў Талая поўнае бінга.
На сёння дзейнасць 41-гадовага Талая сканцэнтраваная на падтрымцы расійскай агрэсіі і наведванні розных прапагандысцкіх мерапрыемстваў. Пакуль паралімпійцы рыхтаваліся да ад'езду ў Парыж, стала вядома, чым заняты спартсмен-лукашыст. У гэтым месяцы ён здымаўся ў ролі пакалечанага чырвонаармейца ў фільме «У спісах не значыўся». Сярод галоўных зорак карціны – расійскі актор Уладзімір Машкоў, таксама адэпт Пуціна і вайны ва Украіне. Нібыта менавіта Машкоў і запрасіў Талая паўдзельнічаць у здымках.