Tribuna/Футбол/Блогі/О духе времени/Паплечнік Лукашэнкі хоча спыніць паглынанне Расіяй гандбалістаў з Беларусі. А вось чаму туды бягуць (ГРОШЫ!)

Паплечнік Лукашэнкі хоча спыніць паглынанне Расіяй гандбалістаў з Беларусі. А вось чаму туды бягуць (ГРОШЫ!)

Раскрываем эканоміку гандбола.

Аўтар — bytribuna com
3 кастрычніка 2024, 11:30
Паплечнік Лукашэнкі хоча спыніць паглынанне Расіяй гандбалістаў з Беларусі. А вось чаму туды бягуць (ГРОШЫ!)

Днямі старшыня Беларускай федэрацыі гандбола Уладзімір Канаплёў абурыўся масавым пераходам у Расію, якая, на яго думку, проста «паглынае беларускіх гульцоў». Звязана гэта з недахопам фінансавання клубаў у Беларусі. Паплечніку Лукашэнкі «хацелася б, каб мясцовыя органы ўлады лепш працавалі, таму што ўсе бюджэты ў іх». Канаплёў не хоча «за бесцань аддаваць нашых гандбалістаў» расійскім камандам і з гэтай нагоды нават напісаў у так званае міністэрства спорту.

А да якога ўзроўню беларускім клубам трэба павысіць заробкі, каб гульцы не беглі ў Расію? Крыху разабраліся ў эканоміцы гандбола.

Пры падрыхтоўцы матэрыялу «Трыбуна» пагутарыла з прадстаўнікамі беларускага гандбола рознага ўзроўню. Нашы суразмоўцы ведаюць пра выказванні Канаплёва, але абсалютна ўсе перакананыя, што намаганні федэрацыі ніяк не дапамогуць спыніць адток гульцоў у Расію. Прынамсі ў бліжэйшы час і без выканання пэўных умоў. У каментары на ўмове ананімнасці адзін з гандбольных менеджараў тлумачыць:

– Адток гульцоў у Расію дакладна не паменшыцца, пакуль у Беларусі не палепшыцца эканоміка, пакуль у гандбалістаў не з'явіцца цікавасць заставацца на Радзіме. А што іх трымае цяпер у Беларусі? Па сутнасці, нічога. Заробкі – невялікія, зарабіць на нябедную старасць, як той казаў, не атрымаецца. Плюс, зразумела, у цэлым у краіне не найлепшая эканамічная сітуацыя, а пра палітыку мы наогул не гаворым. Большасці людзей у першую чаргу важна, што ляжыць у халадзільніку. Імі рухае матэрыяльны інтарэс. Ведаю, што гандбалісты гатовыя ехаць далёка за Урал у Расію, ахвяраваць асабістым жыццём, нейкім камфортам – усё дзеля добрых заробкаў. А грошы ў Расіі даць могуць, можна прыстойна зарабіць. Адток не зменшыцца, пакуль у нас у краіне не наладзіцца фінансавы дабрабыт у цэлым.

– Публічная заява Канаплёва і яго ліст у «мінспорта» ні да чаго не прывядуць?

– Канешне. Гэта ўсё паказуха, жаданне прадэманстраваць, што федэрацыя нібыта занепакоеная сітуацыяй і што яна працуе. Па факце сумняюся, што нешта зменіцца. Адзінае, магу адзначыць з пазітыўнага боку, што федэрацыя хаця б прызнала, што не ўсё так добра, што ёсць праблемы. Ужо нейкі вынік.

Дык колькі ж гандбалісты зарабляюць у чэмпіянатах Расіі і Беларусі?

У нашай краіне па грошах па-за канкурэнцыяй «Мяшкоў» Брэст і СКА, якія кожны год змагаюцца за чэмпіёнства і, па сутнасці, канкуруюць толькі адзін з адным. Для прыцягнення якасных выканаўцаў яны прапануюць сур'ёзныя (але толькі па беларускіх мерках) заробкі.

Так, па звестках нашых крыніц, у «Мяшкове» сярэдні заробак знаходзіцца ў раёне 3-3, 5 тысяч долараў да выліку падаткаў. Больш атрымліваюць адзінкі – тыя, хто ўжо даўно выступае ў Брэсце і ўваходзіць у лік лідараў. Гаворка, напрыклад, пра лінейнага Вячаслава Шумака (выступае за «Мяшкоў» з 2006 года, з'яўляецца капітанам каманды і рэкардсменаў па колькасці гульняў) і правага крайняга Максіма Баранава (найлепшы бамбардзір у гісторыі клуба, за які гуляе з 2018-га, а да таго выступаў з 2010-га па 2016-ы).

Максім Баранаў

У іх, паводле нашых звестак, заробак блізу 5 тысяч долараў да сплаты падаткаў. І яны, як кажуць нашыя суразмоўцы, з'яўляюцца не толькі самымі высокааплатнымі беларусамі ў «Мяшкове», але і ў цэлым у чэмпіянаце краіны. Ну а асноўная маса брэсцкіх гульцоў атрымлівае блізу 3 тысяч долараў. Моладзь, па звестках нашых крыніц, – да 2 тысяч.

СКА па заробках ад «Мяшкова» адстае, але ўсё роўна вылучаюцца на фоне астатніх клубаў краіны. Адзінае, як кажуць суразмоўцы «Трыбуны», апошнім часам каманда сур'ёзна амаладзілася, таму заробкі некалькі аселі. Тым не менш у СКА можна зарабіць да 2,5 тысяч долараў за месяц да выліку падаткаў – гэта максімум. У большасці сваёй гульцы атрымліваюць каля 2 тысяч долараў.

Ну а што тычыцца астатніх прадстаўнікоў чэмпіянату Беларусі, то там заробкі зусім сціплыя для прафесійнага спорту. Па звестках нашых суразмоўцаў, у «Гомелі» і «Кронане» максімум дасягае тысячы долараў – столькі з усімі бонусамі могуць зарабіць лідары калектываў. Іншыя гульцы атрымліваюць не больш за 700-800 долараў. Ну а ў клубах, якія стабільна трымаюцца бліжэй да нізу табліцы, гандбалісты зарабляюць па 300-500 долараў.

Натуральна, з такімі фінансавымі магчымасцямі канкураваць з расійскімі клубамі нерэальна. Праўда, як зазначаюць нашыя суразмоўцы, абы-каго туды запрашаць не будуць: клічуць сапраўды якасных выканаўцаў, прапаноўваючы куды больш грошай, чым яны могуць зарабіць на Радзіме.

У самым «беларускім» клубе расійскай Суперлігі – «Зеніце» Санкт-Пецербург – выступае восем беларусаў: Яўген Нікановіч, Алег Луня, Вячаслаў Бохан, Дзмітрый Хмялькоў, Віктар Зайцаў, Алег Астрашапкін, Арцём Кулак і Ігар Чэрнікаў. Па зарплаце вылучаецца ў гэтай кампаніі Кулак, які папоўніў калектыў у чэрвені гэтага года. 28-гадовы цэнтральны, па нашых звестках, атрымлівае 10 тысяч еўра ў месяц да выліку падаткаў. Такі ж аклад у Кулака быў і ў расійскіх «Чэхаўскіх мядзведзях», дзе ён выступаў з 2020 да 2024 гады.

Арцём Кулак

Каля 6 тысяч еўра далі 26-гадоваму леваму паўсярэдняму Хмялькову. Астатнія, па звестках нашых крыніц, «ледзь-ледзь не дацягваюць да ўзроўню Хмялькова».

За асноўнага канкурэнта «Зеніта» ў барацьбе за чэмпіёнства – ЦСКА Масква – выступаюць разыгрываючы Юльян Гірык і паўсярэдні Артур Рудзь. Яны, па нашых звестках, маюць 7-8 тысяч еўра да выліку падаткаў.

Ну а ў расійскіх клубах не самага высокага рангу, у якіх няма медальных задач, са слоў нашых суразмоўцаў, беларусам гатовыя даваць да трох тысяч долараў да выліку падаткаў.

Відавочна, словы Канаплёва пра масавы адток гандбалістаў у Расію датычацца ў першую чаргу мужчын. Беларусак у суседняй краіне даволі мала. Але і тут наш чэмпіянат з расійскай Суперлігай канкураваць не можа. У першынстве Беларусі самымі вялікімі заробкамі прадказальна могуць пахваліцца фаварыты БНТУ-БелАЗ і «Гомель». Максімум, як удалося даведацца, ды і то ў вельмі рэдкіх выпадках, даходзіць да 1200 долараў у месяц да выліку падаткаў. У апошні пару гадоў ледзь падцягнуліся ў фінансавым плане да гэтых калектываў «Гараднінчанка» і «Бярэсце». Там можна зарабіць да 800 долараў. Але асноўная маса гульцоў чэмпіянату Беларусі атрымлівае зусім невялікія грошы – паводле нашых звестак, блізу 200-300 долараў. Плюс некаторыя клубы пакрываюць выдаткі прыезджых спартсменак на кватэры.

Што тычыцца чэмпіянату Расіі, то дакладныя лічбы даведацца не ўдалося, аднак нашы суразмоўцы для разумення сітуацыі распавялі пра тое, што некаторыя беларускі з'язджалі ў суседнюю краіну і там за пару сезонаў зараблялі на кватэру ў беларускім абласным цэнтры і нават у Мінску.