Tribuna/Футбол/Блогі/О духе времени/Пад 9 траўня «Прэсбол» выдаў першую паласу ў духу лукашэнкаўскай прапаганды. Даведаліся, хто гэта прыдумаў і напісаў

Пад 9 траўня «Прэсбол» выдаў першую паласу ў духу лукашэнкаўскай прапаганды. Даведаліся, хто гэта прыдумаў і напісаў

У газеты зноў фінансавыя цяжкасці.

Аўтар — bytribuna com
4
Пад 9 траўня «Прэсбол» выдаў першую паласу ў духу лукашэнкаўскай прапаганды. Даведаліся, хто гэта прыдумаў і напісаў

6 траўня выйшаў чарговы нумар газеты «Прэсбол». Першая паласа ў ім цалкам прысвечаная Дню Перамогі: адну калонку займае вялікі верш за аўтарствам былога кавэзэшніка Міхаіла Гулікава (ураджэнец Санкт-Пецярбурга ў тры гады пераехаў у Запарожжа і з мясцовай камандай стаў чэмпіёнам лігі), тры калонкі – пафасны тэкст у стылі лукашысцкай прапаганды без указання аўтара.

Такі кантэнт для сённяшніх рэжымных СМІ ў Беларусі – напрыклад, для раённых газет – не зʼяўляецца чымсьці дзіўным. Аднак у спартыўным выданні, якое яшчэ нядаўна было прыватным і ў апошні час імкнецца не змешваць спорт і палітыку, ён глядзіцца дзіўна. Асабліва магутным атрымаўся апошні абзац тэксту: «Мы ніколі не забудзем зверстваў фашысцкага рэжыму ў XX стагоддзі, не дазволім гітлерам, гебельсам, борманам і мусаліні заразіць свет карычневай чумой. Нацысцкаму рэваншу не бываць!» Раней «Прессбол» не быў заўважаны ў рэжымнай экзальтацыі.

А хто гэта зрабіў? Вось што змагла даведацца «Трыбуна».

З кастрычніка 2023 года затуплены «Прэсбол» жыве пад кантролем Беларускай федэрацыі футбола. Федэрацыя, каб уратаваць выданне, якое знаходзілася на мяжы закрыцця праз фінансавыя праблемы, выкупіла ўсе акцыі ў ранейшых уласнікаў.

Натуральна для Беларусі (у свеце бывае, што ўласнікі не могуць умешвацца ў рэдакцыйную палітыку, але гэта не пра нас), АБФФ атрымала магчымасць уплываць на напаўненне газеты. Аднак нашыя крыніцы сцвярджаюць, што пасля набыцця акцый кіраўніцтва федэрацыі толькі некалькі разоў звярталася да галоўнага рэдактара «ПБ» з просьбай асвятліць тыя ці іншыя тэмы. У першую чаргу гаворка ішла пра дзейнасць АБФФ і масавы футбол. У «Прэсболе» прадказальна стала больш беларускага футбола. Па нашых звестках, з канца 2024 года кіраўнік дэпартамента маркетынгу і камунікацый АБФФ Аляксандр Алейнік зʼяўляецца негалосным куратарам «Прэсбола» і сочыць за тым, каб на старонках газеты было больш айчыннага футбола і больш падзей, з ім звязаных.

У астатнім жа ўсё аддадзена на водкуп рэдакцыі, у яе медыйную палітыку АБФФ не лезе. Нашыя крыніцы запэўніваюць, што федэрацыя дакладна не мае дачынення да такой агрэсіўна-«патрыятычнай» перадавіцы. З Дому футбола не паступала ўказанняў размяшчаць ні такі тэкст, ні такі верш.

Пры гэтым прадстаўнікі АБФФ апошнім часам самі актыўна ўдзельнічаюць у рэжымных акцыях і эксплуатуюць тэму вайны. Напрыклад, лёсаванне мужчынскага чэмпіянату Беларусі-2025 у Д1 праводзілася ў Брэсцкай крэпасці, а перад лёсаваннем Д2 прадстаўнікі федэрацыі на чале з яе кіраўніком Мікалаем Шарснёвым ускладалі кветкі на мемарыяльным комплексе «Буйніцкае поле», каб ушанаваць «памяць загінулых суайчыннікаў у год 80-годдзя Перамогі над нямецка-фашысцкімі захопнікамі».

У выніку некалькі чалавек, знаёмых з сітуацыяй, далі зразумець, што аўтар саўковага тэксту на першай паласе «Прэсбола» – галоўны рэдактар выдання Аляксандр Дабрыян.

Як кажуць нашы суразмоўцы, тэкст напісаны ва ўласцівым Дабрыяну стылі, ды і выслужыцца галоўрэд цяпер хоча як ніколі – апошнім часам ён спрабуе знайсці фінансаванне для далейшага функцыянавання выдання. Тэкст ні з кім не ўзгадняўся, нідзе не спраўджваўся і для многіх супрацоўнікаў «Прэсбола» і АБФФ стаў неспадзяванкай.

Асноўная частка тэксту няхай не мае дачынення да спорту, але хаця б зразумелая ва ўмовах сённяшняй рэжымнай Беларусі (лічбы страт сярод беларусаў, расказ пра партызанаў і зверствы фашызму), але пафасная канцоўка і верш Гулікава здзівілі многіх. Нашыя суразмоўцы называюць першую паласу «абсалютна крынжовай».

Дык а што ж з грашыма? Па нашых звестках, сёння «ПБ » жыве за кошт дапамогі федэрацыі і з грошай, якія прыходзяць за размяшчэнне рэкламы на сайце, у першую чаргу ад букмекерскай канторы BETERA. Аднак сама газета практычна не прыносіць аддачы. У апошніх нумарах, напрыклад, адсутнічае якая-небудзь рэклама за выключэннем згадкі букмекерскай канторы каля назвы газеты на першай паласе. Вось ужо паўтара года як «ПБ» дзеля эканоміі выходзіць двойчы на тыдзень на 12, а не 16 старонках, як раней. Тыраж аўторкавага нумара з канца 2023 года ўпаў амаль на 400 асобнікаў і сёння складае 3259 адзінак.

Паводле нашых звестак, у сувязі са слабым фінансавым станам з ліпеня 2025 года друкаваная версія «Прэсбола» будзе выходзіць толькі раз на тыдзень, па аўторках.

Вітаўт
Прэсбол стаў інструкцыяй для патрыятычных фізрукоў. Што далей — хакеісты пад прысягай? Гэта ўжо не спорт, а сцэна для тэатру абсурду. Іх першая паласа — партрэт таго, што стала з краінай.
Адказаць
4
ivan4ik
Они забыли, что спорт — это радость, игра и эмоции, а не лозунги с митинга.
Адказаць
1
Габриэль
Чтить память предков - это, по вашему, кринж? Конечно, нужно прославлять "подвиги" ВСУ, нужно продвигать неонацизм, а вспоминать о ВОВ, где погиб каждый четвертый житель страны, не стоит вовсе, это по мнению "Трибуны", стрём... Приехали. Мне даже представить страшно, что бы сделала какая-нибудь марионетка ЕС типа Тихоновской. Перевернули бы всю историю, и восхваляли бы гитлеровскую армию, а не советскую... День Победы отменили бы вовсе. Ни грамма не сомневаюсь. Трибуна гранты Запада отрабатывает... Тьфу.
Адказаць
-4
Вітаўт
адказаў на каментарый карыстальніка Габриэль
Культ ВАВ - гэта крынж. Яны не шануюць памяць, яны хочуць новую вайну.
Адказаць
3