Сёння ў Англіі – матч «непераможных». Такое дасягненне на Альбіёне, аказваецца, мае не толькі «Арсенал»
Вяртанне ў гісторыю.
30 кастрычніка адбудуцца 6 матчаў 1/8 фіналу Кубка англійскай лігі. Вядома, сачыць усе будуць за супрацьстаяннем «Тотэнхэма» і «Ман Сіці», алё ёсць яшчэ адна гульня з вельмі цікавай шыльдай – матч «непераможных».
Адразу вы падумалі пра «Арсенал» і не памыліліся: дасягненне былой каманды Аляксандра Глеба ў сезоне-2003/04 нікуды не знікла. А што за «непераможныя» ў суперніках, ўпэўнены, вы не здагадаецеся, пакуль не паглядзіце ў матч-цэнтр Tribuna.com.
Напрыканцы верасня клуб з Чэмпіёншыпа нечакана абыграў крэпкі «Фулхэм» з АПЛ у 1/16. Асноўны час скончыўся ўнічыю 1:1, а на вызначэнне пераможцы ў серыі пенальці спатрэбілася 34 ўдары – рэкордны паказчык для турніра.
Гаворка пра «Прэстан», і статус «непераможнага» ён зарабіў яшчэ ў тыя часы, калі ў футбол гулялі з шасцю форвардамі.
Футбольны клуб быў заснаваны ў 1880 годзе як аддзел мясцовай каманды па крыкеце. У той момант кіраўніком «Прэстана» быў Уільям Садэл, наватар свайго часу. Па-першае, Садэл які выступаў за перавод футбола ў прафесійны статус, адзін з першых пачаў плаціць гульцам сваёй каманды грошы. За гэта ў 1884 годзе «Норд Энд» адхілілі ад ігр. У выніку зарплаты легалізавалі, а клуб Садэла стаў набываць моц, падпісваючы у склад шатландцаў. Цяжка паверыць, але тады яны лічыліся мацнейшымі за англічан.
Вызначаўся «Прэстан» і стылем гульні. Садэл укараніў схему 2-3-5, і на той час гэта была абараняльная тактыка, бо большасць каманд гулялі 2-2-6!
Да заснавання Футбольнай лігі ў Англіі ў 1888 годзе «Прэстан» падышоў з моцным бэкграўндам. Па выніках дэбютнага сезона «Норд Энд» заняў 1-е месца – у 22 матчах 18 перамог і 4 нічыі, адрыў 11 пунктаў ад другой «Астан Вілы». Такая ж розніца па пунктах была ў «Арсенала» ў 2004 годзе.
У тым жа годзе «Прэстан» перамог у Кубку Англіі. Такім чынам, хлопцы Садэла аформілі першы ў гісторыі «залаты дубль» і ўпершыню ў гісторыі сталі «непераможнымі».