Tribuna/Футбол/Блогі/Беларусский футбол/Не можа забіць, хаця момантаў дастаткова, шмат прапускае, але брамнік ратуе. Чаму «Дынама» Брэст валіцца на старце сезону

Не можа забіць, хаця момантаў дастаткова, шмат прапускае, але брамнік ратуе. Чаму «Дынама» Брэст валіцца на старце сезону

І гэта пры 5 тысячах гледачоў на дамашніх матчах.

Аўтар — bytribuna com
Не можа забіць, хаця момантаў дастаткова, шмат прапускае, але брамнік ратуе. Чаму «Дынама» Брэст валіцца на старце сезону

Перад стартам сезона брэсцкае "Дынама" выглядала прэтэндэнтам на топ-5 у чэмпіянаце Беларусі. Клуб падпісаў спаважнага трэнера (Ігару Крывушэнку давяралі зборную Беларусі). Захаваў вопытных Міхаіла Гардзейчука, Эдгара Аляхновіча і галкіпера-«лімітчыка» Міхаіла Казакевіча (лідары складу ў 2022-м). Плюс зімой падпісаў Сяргея Кісляка (чэмпіёна-2019, уласна, з Брэстам), Дзмітрыя Багу (чэмпіёна з БАТЭ), Аляксандра Макася, Дзяніса Садоўскага і Кірыла Сідарэнку. Пра жаданне бачыць «Дынама» ў пяцёрцы наймацнейшых казаў і намеснік старшыні выканкама Лукашэнкі па Брэсцкай вобласці Валянцін Зайчук - галоўны апякун клуба.

Але старт сезона для «бела-сініх» выйшаў правальным: 0 ачкоў (адзіная каманда ў лізе без набраных балаў), 0 забітых мячоў (адна з двух такіх каманд у лізе) і апошняе месца пасля трох стартавых тураў - пры гэтым «Дынама» яшчэ не сустракалася ні з кім з леташняга топ-4. Ужо пачаліся размовы пра магчымую адстаўку Крывушэнкі, якія ён сам жа пасля паядынку супраць "Славіі" і пракаментаваў.

- Крытычная рэакцыя часткі заўзятараў? Магу зразумець іх. Яны прыйшлі па станоўчыя эмоцыі. Яны іх не атрымалі. Натуральна, казёл адпушчэння ў такой сітуацыі заўсёды трэнер. Чуць непрыемна. Мая задача - выправіць тое, што пакуль не атрымліваецца. А вырашаць мой лёс - ёсць кіраўніцтва. Але я лічу, што пакуль нейкія глабальныя высновы рабіць рана, - сказаў коуч.

Паспрабуем разабрацца, што не так з самай наведвальнай камандай на старце (у сярэднім 5100 чалавек).

Крывушэнка шукае на старце аптымальныя спалучэнні і мяняе схему

«Дынама» Брэст - лідар па колькасці палявых гульцоў, што былі задзейнічаны на старце сезона. Крывушэнка за тры гульні прапусціў праз склад 20 чалавек - такую ж колькасць выкарыстаў і Іван Біёнчык ў «Славіі».

Новы трэнер брэстаўчан супраць "Іслачы" і Мазыра рабіў па тры змены ў складзе ў параўнанні з папярэднім турам. Больш за тое, трэнерскі штаб усё яшчэ знаходзіцца ў пошуках базавай схемы: у першых двух матчах «Дынама» пачынала з расстаноўкі 4-3-3, супраць "Славіі" ж выйшла з трыма цэнтральнымі абаронцамі і парай форвардаў Канцадайлаў-Сідарэнка.

Адна з найгоршых абарон на старце (не ратуюць нават сейвы галкіпера)

Часцей за ўсё карэктывы ўносяцца ў абарончую лінію: за тры стартавыя туры ў складзе «Дынама» выходзіла ўжо восем абаронцаў. Пры гэтым у брэстаўчан адна з найгоршых абарон у дэбюце сезона: 5 прапушчаных галоў (больш толькі ў «Смаргоні» і «Гомеля») і 6,34 па паказчыку дапушчанага ля сваіх варот xG (чаканых галоў) - то-бок у каманды магло быць куды больш прапушчаных мячоў, калі б не надзейная гульня Міхаіла Казакевіча. Напрыклад, ужо на першай хвіліне матча супраць "Славіі" (0:1) галкіпер маладзёжнай зборнай пацягнуў удар з блізкай адлегласці ад Андрэя Кобеца пасля таго, як за сваімі апанентамі не паспелі спачатку Дзмітрый Зіновіч, а затым Аляксей Фірсаў (адзнака 1:07).

Асабліва ўсё дрэнна было ў матчы супраць "Іслачы" (0:3), дзе "Дынама" дапусціла 3,93 xG каля сваіх варот (больш у цяперашнім чэмпіянаце пакуль не было ні ў каго) пры 23 ударах ад "ваўкоў" (таксама антырэкорд сезона). Амаль на цэлы гол менш чаканага ў матчы «бела-сінія» зноў прапусцілі дзякуючы намаганням Казакевіча: у пачатку другога тайма пры ліку 0:1 ён пацягнуў удар ва ўпор у выкананні Прынса Аду (адзнака 7:32).

Акрамя таго, Брэст "лідаруе" па колькасці дапушчаных небяспечных атак (атакі з пранікненнем гульцоў суперніка ў штрафную або вострай перадачай/прастрэлам) у лізе - іх за тры гульні ў пасіве 167, у той час, як другі найгоршы паказчык у чэмпіянаце - 157 атак – належыць «Слуцку».

Вялікія пытанні да рэалізацыі

Пры гэтым са стварэннем момантаў у "Дынама" пытанняў няма: брэстаўчане ідуць на трэцім месцы ў лізе па вострых атаках - 153 за тры паядынкі (больш толькі ў мінскага "Дынама" (176) і "Іслачы" (166)). Таксама вельмі нядрэнны ў падапечных Крывушэнка паказчык xG - 3,54 па суме ўсіх матчаў. Але Брэст усё яшчэ застаецца адной з дзвюх каманд чэмпіянату з нулём у графе «забітыя мячы» (таксама ўсё яшчэ не можа забіць «Белшына», якая пры гэтым прапускала адзін тур).

У першым туры супраць «Тарпеда-БелАЗ» пры 0:0 мог забіваць Міхаіл Гардзяйчук - яго ўдар пацягнуў галкіпер жодзінцаў Яўген Абрамовіч (адзнака 1:46).

А ў пачатку другога тайма пасля кутняга выдатную магчымасць змарнаваў Дзмітрый Бага (адзнака 2:47).

З «Іслаччу» ў Гардзейчука з'явіўся момант пасля памылкі галкіпера суперніка, які аддаў мяч проста ў ногі - гэтым дасведчаны вінгер таксама не скарыстаўся (адзнака 3:43).

Са «Славіяй» спачатку быў добры момант пры 0:0, але ўдар Сяргея Кісляка адбіў Арцём Каратай (адзнака 1:36).

А ўжо пры 0:1 Кірыл Сідарэнка пасля паса ўсё таго Кісляка недакладна прабіў з межаў штрафной (адзнака 5:55).

Характэрна, што змену схемы пасля матчу супраць "Іслачы" Крывушэнка сам тлумачыў намерам павялічыць прастору ў атацы для сваіх гульцоў, але на практыцы, як паказала гульня супраць "Славіі", футбалісты пакуль не зусім зразумелі, што рабіць з гэтай прасторай.

Два выдаленні ў двух стартавых турах не ў гульнявых момантах

У двух стартавых турах «Дынама» заканчвала удзесяцёх, прычым абодва разы заставалася ў меншасці даволі рана: Аляхновіч у гульні супраць «Тарпеда-БелАЗ» атрымаў сваю картку адразу пасля свістка на перапынак, калі лік на табло быў 0:0, Макась супраць "Іслачы" - на 59-й хвіліне пры ліку 0:1. Абодва выдаленні здарыліся ў негульнявых эпізодах: адзін ударыў па твары Дзмітрыя Лісаковіча, другі паказаў непрыстойны жэст трыбунам.

Ігар Крывушэнка ў абодвух момантах не ўбачыў нічога крымінальнага ў дзеяннях сваіх гульцоў. Пра ўдар Аляхновіча сказаў, што капітан проста «разводзіў [рукі], ну і патрапіў яму», а жэст Макася апраўдаў тым, што толькі «пачасаў чалавек прычыннае месца».

«Дынама» і «Энергетык-БДУ» - самыя недысцыплінаваныя каманды старту сезона. Брэстаўчане і мінчане зарабілі па 11 картак: у "Дынама" 9 жоўтых і 2 чырвоных, у "Энергетыка-БДУ" - 10 жоўтых і 1 чырвоная.

Виктор ГригЛяш
Карточки потому что не успевают за соперниками, защитники тяжёлые, медленные,полузащита старая.
Адказаць
2
Забулдыга
Посьпехау камандзе.
Адказаць
0