Tribuna/Футбол/Блогі/Беларусский футбол/Першая перамога БАТЭ за месяц: далі «Дынама» нарэшце забіць, выпусцілі экс-гульца Брэста – ён выдаліўся за 7 хвілін, але праз столькі ж перавярнулі гульню

Першая перамога БАТЭ за месяц: далі «Дынама» нарэшце забіць, выпусцілі экс-гульца Брэста – ён выдаліўся за 7 хвілін, але праз столькі ж перавярнулі гульню

Супернікі засталіся на дне.

Аўтар — bytribuna com
Першая перамога БАТЭ за месяц: далі «Дынама» нарэшце забіць, выпусцілі экс-гульца Брэста – ён выдаліўся за 7 хвілін, але праз столькі ж перавярнулі гульню

23 красавіка праграму 5-га тура ЧБ заканчваў матч брэсцкага «Дынама» і БАТЭ. Гаспадары незадоўга да матчу змянілі трэнераў – Ігар Крывушэнка і яго ключавыя памочнікі сышлі, а прыйшлі Аляксандр Юрэвіч, Сяргей Нікіфарэнка і Вадзім Ласоўскі. Нікога з іх галоўным «Дынама» не назвала – але інсайдары паведамілі, што дэ-юрэ такім будзе Нікіфарэнка, а дэ-факта Юрэвіч, у якога няма патрэбнай ліцэнзіі.

«Дынама» не аформіла галоў і ачкоў у сваіх першых чатырох матчах. Але першую праблему выправілі ўжо на 8-й хвіліне – Сяргей Кісляк навесіў, а 21-гадовы Дзяніс Кавалевіч галавой без асаблівага супраціву адправіў мяч у вароты.

БАТЭ валодала ініцыятывай, але забіць у адказ доўга не магло. Каб паскорыць працэс, трэнерскі штаб дыскваліфікаванага Кірыла Альшэўскага на 59-й хвіліне выпусціў Аляксандра Шасцюка. Аднак зменшчык Дзяніса Лапцева, здаецца, занадта хацеў нешта даказаць сваёй былой камандзе ў цэлым і яе брамнiку Міхаілу Казакевічу ў прыватнасці. Ужо на 65-й хвіліне Шасцюк пасля слоўнай пікіроўкі з Казакевічам заблакаваў яго вынас з рук і атрымаў жоўтую картку.

А яшчэ праз сем хвілін Шасцюк незразумела для чаго жорстка ўляцеў у Казакевіча, які апярэджваў суперніка ў сваёй варатарскай. Суддзя Сяргей Гараюцін пасля кароткага роздуму дастаў папярэджанне яшчэ раз – і Шасцюк праз 13 хвілін пасля выхаду на поле з яго сышоў. Праўда, хутка гэтага рабіць не хацеў – прыйшлося падганяць цяперашняму капітану БАТЭ Валерыю Бачарову.

Аднак удзесяцёх у БАТЭ практычна тут жа атрымалася перавярнуць гульню. Ужо на 75-й хвіліне зараджаны на гульню Бачароў класна выканаў штрафны – мяч ад перакладзіны вылятаў у поле, але трапіў у Казакевіча і апынуўся ў сетцы.

А яшчэ праз чатыры хвіліны барысаўчане ўжо вялі ў ліку – Казакевіч не згуляў па навесе Канцавога, і мяч прыляцеў на далёкую штангу, дзе замкнуў Уладзіслаў Малькевіч. Выдаленне Шасцюка і другі гол БАТЭ падзялілі сем хвілін.

У час, які застаўся, хутчэй, БАТЭ мог забіць яшчэ, чым «Дынама» адыграцца. Матч скончыўся перамогай «жоўта-сініх» 2:1 – першай для клуба за пяць апошніх матчаў (не выйгравалі з 18 сакавіка). З 8 ачкамі БАТЭ размясціўся на 5-м месцы. Ну а «Дынама» ўпершыню ў сваёй гісторыі прайграла пяць з пяці матчаў са старту ЧБ – і застаецца апошнім у табліцы.