Tribuna/Футбол/Блогі/Беларусский футбол/Калі «зоркі супадуць», Глеб і Драгун будуць гуляць у адной камандзе. Апошні паведаміў пра гэта, калі не мінула і гадзіны пасля пакаяннай прэс-канферэнцыі

Калі «зоркі супадуць», Глеб і Драгун будуць гуляць у адной камандзе. Апошні паведаміў пра гэта, калі не мінула і гадзіны пасля пакаяннай прэс-канферэнцыі

Заслужыў вяртанне ў футбол.

Аўтар — bytribuna com
14 ліпеня, 13:00
Калі «зоркі супадуць», Глеб і Драгун будуць гуляць у адной камандзе. Апошні паведаміў пра гэта, калі не мінула і гадзіны пасля пакаяннай прэс-канферэнцыі

Менш чым праз гадзіну пасля пакаяннай прэс-канферэнцыі, на якой Станіслаў Драгун заявіў пра поўную лаяльнасць лукашэнкаўскаму рэжыму, у сацсетках зʼявілася відэа з яго ж удзелам. У 13-секундным роліку 35-гадовы экс-гулец зборнай Беларусі не каментаваў свой выступ перад прапагандыстамі – толькі паведаміў пра намер выступаць за каманду DMedia, якая спрабуе заявіцца ў расійскую Медыялігу (турнір, дзе выступае мікс з зорных ветэранаў і блогераў з розных медыяплатформ).

Пра стварэнне беларускага клубу ў расійскім праекце загаварылі ўвесну гэтага году. Адным з ініцыятараў праекту зʼяўляецца Платон Дзмітрыеў. Да сакавіка 2021-га ён працаваў менеджарам у БАТЭ, дзе адказваў за пошук партнёраў і вёў клубны YouTube-канал. У 2019-м на «Барысаў-Арэне» Дзмітрыеў зрабіў прапанову сваёй дзяўчыне Жане – памочніцы так званага міністра спорту Сяргея Кавальчука.

Пабудова любой каманды пачынаецца з запрашэння галоўнага трэнера. Першай кандыдатурай на гэтую ролю ў DMedia быў Ігар Крывушэнка, які ў красавіку расстаўся з брэсцкім «Дынама». Аднак гэты варыянт хутка адкінулі – коўч не адпавядаў лізе, дзе стаўка робіцца на шоў і эмоцыі, сваёй харызмай. DMedia хацела б займець экспрэсіўнага Віталя Жукоўскага, але той працуе ў Казахстане.

Пазней зʼявілася інфармацыя, што кіраўніцтва клуба вядзе перамовы з «яркім, эмацыйным, імпульсіўным» трэнерам. У падкасце «На банцы» паведамілі пра кандыдатуру 70-гадовага Анатоля Байдачнага, які цалкам адпавядае такой характарыстыцы. Аднак пазней падкастэры забралі свае словы і прынеслі прабачэнні – Байдачнага такі інсайд «моцна раззлаваў». З таго часу пра пошукі трэнера ў праект нічога не вядома.

Першым навічком-гульцом, пра якога паведаміла каманда, стаў Аляксандр Глеб – у чацвер яго прадставілі на стадыёне «Дынама». «Калі ўсё будзе добра [з заяўкай у Медыялігу], зоркі супадуць, то ўсё будзе добра», – сказаў прыхільнік рэжыму Лукашэнкі. Пры гэтым раней паведамлялася, што перамовы з экс-гульцом «Арсенала» ідуць вельмі няпроста. Найперш, пытанне было ў фінансавых умовах для футбаліста. І нават так званая прэзентацыя не дае дакладнага адказу, ці мае намер Глеб бегаць за DMedia (для гэтага давядзецца ездзіць у Расію) і што наогул трэба зрабіць, каб «зоркі супалі».

Акрамя Драгуна і Глеба DMedia прэзентавала яшчэ аднаго персанажа – ужо не экс-прафесійнага футбаліста. Медыйную частку складу папоўніў блогер Аркадзь Логвін, вядоўца YouTube-канала з 1400 падпісантамі «ПʼЯНАЕ ЗЫБА», якога нібы ўсе глядзяць і ўсе ведаюць. У найбліжэйшых планах навічка навучыцца набіваць мяч. Драгун не без гумару адрэагаваў на падпісанне сваёй новай каманды.

Паведамлялася пра тое, што браму DMedia будзе бараніць Аляксандр Гутар. Увесну галкіпер вярнуўся ў Беларусь пасля коратка адрэзка ў Казахстане, дзе выступаў за «Аксу». У пачатку чэрвеня Гутар разам з Глебам гуляў за лукашэнкаўскае фізкультурна-спартыўнае таварыства «Дынама» (абʼядноўвае носьбітаў формы з самых розных структур, якія маюць дачыненне да рэпрэсій і катавання беларусаў) супраць зборнай так званых памежнікаў, якія ўдзельнічаюць у арганізацыі міграцыйнага крызісу на мяжы Беларусі з Еўразвязам. Матч ладзіўся ў гонар 100-годдзя БФСТ і 105-годдзя з дня ўтварэння памежнай службы Лукашэнкі.

Акрамя Гутара ў склад DMedia сватаюць вялікую групу вядомых белфутбалістаў – абаронцаў Аляксандра Мартыновіча, Алега Верацілу, Максіма Жаўнерчыка, паўабаронцаў Ігара Стасевіча, Дзмітрыя Багу, а таксама нападаючых Віталя Радзівонава і Вячаслава Глеба. Што да беларускіх медыяасоб у складзе, то тут цікавыя варыянты пакуль не агучваюцца.

Зрэшты, канчаткова яшчэ не вырашана, што беларуская каманда згуляе ў Медыялізе, і справа тут у фінансах. Кіраўніцтву DMedia пакуль не ўдачлося забяспечыць клуб спонсарскай падтрымкай на неабходным узроўні.

Іншыя пасты блога

Усе пасты