Чаму будучыня сышла ад «Дынама»: у 21 адправіўся ў Д2 Казахстану, мае там шалёную статыстыку і пры гэтым спаліў кампенсацыю за сябе
Нечаканае ад Уладзіслава Ложкіна.
Уладзіслаў Ложкін – адзін з маладых, хто паспеў пабыць надзеяй сталічнага «Дынама», а Сяргей Гурэнка нават называў яго будучыняй клуба на пару з Мікітам Дземчанкам. Форвард пераехаў з Магілёва ў Мінск у 14 гадоў і амаль адразу пачаў забіваць за юнацкія каманды. У сезоне-2019 17-гадовым дэбютаваў за аснову, а таксама стаў найлепшым бамбардзірам дынамаўскага дубля з 22 мячамі ў 28 матчах.
У чэмпіянаце-2022 Ложкін быў у асноўнай абойме «Дынама». Выходзіў часцей на замену (у сярэднім 41 хвіліна на поле), але паспеў выбіць па статыстыцы 6+4. Сярод запамінальных перфомансаў – асістэнцкі дубль 20-гадовага лімітчыка ў гульні з БАТЭ. Аднак у сакавіку гэтага года футбаліст раптоўна «Дынама» пакінуў. І пайшоў не кудысьці за мяжу на перспектыву, не ў нейкі іншы беларускі топ-клуб, а ў Д2 Казахстана – турнір, мякка кажучы, зусім непрэстыжны. Затое, выступаючы ў «Туране» з гораду Туркестана, у 14 матчах лігі забіў 14 мячоў і аддаў 8 галявых перадач. Як і чаму Ложкін там аказаўся? Паспрабавалі разабрацца ў сітуацыі.
Хто такі Ложкін?
Займацца магілёвец пачынаў у школе мясцовага «Дняпра», але ў 14 перабраўся ў структуру мінскага «Дынама», дзе па-сапраўднаму і раскрыўся. Гуляючы ў аднаго з найлепшых дзіцячых трэнераў Беларусі Уладзіміра Дзятлава, мог забіць за сезон больш за 50 мячоў. Спецыялісты адзначалі ў гульца імкненне біць з любой пазіцыі і ўменне аказвацца менавіта там, куды прыляціць мяч, параўноўваючы пры гэтым з італьянцам Філіпа Індзагі.
Галявы нюх не знік і пасля таго, як Ложкін дарос да дубля. Там на старце сезона-2019 за 12 першых тураў ён забіў 12 мячоў і ўзначаліў гонку бамбардзіраў, пасля чаго стаў прыцягвацца да трэнаванняў асновы. Дэбют у эліце прыпаў на матч супраць БАТЭ ў ліпені 2019-га (Гурэнка выпусціў на 19 хвілін).
У тым годзе Ложкін стаў найлепшым бамбардзірам чэмпіянату дублёраў з 22 галамі (забіваў кожны трэці гол «Дынама») і дапамог камандзе ўзяць срэбра.
Апошнія два сезоны Ложкін знаходзіўся ў асноўнай абойме калектыву. Ва ўсіх турнірах правёў 61 матч, у тым ліку дэбютаваў у еўракубках. І хоць рэдка праводзіў поўныя сустрэчы, але гуляў у сярэднім 51 хвіліну за матч. За гэты час вызначыўся 10 галамі і 8 выніковымі перадачамі. І ў сезоне-2023 наўрад ці меў бы праблемы з гульнёвай практыкай. Згодна з рэгламентам, трэнеры мусяць выпускаць у чэмпіянаце як мінімум аднаго гульца не старэйшага за 2002 года нараджэння. Найбольш прыдатным пад гэтыя крытэры ў «Дынама» бачыўся якраз Ложкін, якому ў сакавіку споўніўся толькі 21 год. Але падпісант за дыктатуру не захацеў заставацца ні ў «Дынама», ні ўвогуле ў Беларусі. Хаця, паводле нашых звестак, меў прапановы ад некаторых клубаў «вышкі». Ложкін адправіўся ў Д2 Казахстана, падпісаўшы кантракт з «Туранам» з горада Туркестана да канца года.
Чаму не застаўся ў «Дынама»?
Як нам удалося даведацца, «бела-блакітныя» былі зацікаўлены ў працягу супрацы з маладым нападаючым. І ў канцы 2022 года, калі ў гульца заканчваўся кантракт, прапаноўвалі яго прадоўжыць. Рабілася гэта і для таго, каб не страціць правы на форварда і мець магчымасць на ім зарабіць.
Аднак Ложкін да канца 2022-га цвёрда вырашыў зʼехаць з Беларусі. Па звестках нашых крыніц, якія ў курсе сітуацыі, форвард хоць і гуляў за «Дынама», быў не да канца задаволены сваёй роляй у калектыве (у сезоне-2022 часцей выходзіў з замены і ўвогуле гуляў менш, чым у сезоне-2021, хоць выніковасць і вырасла) і хацеў больш практыкі. Вычарпанне кантракта з «бела-блакітнымі» давала магчымасць знайсці новы клуб, а статус вольнага агента падвышаў гэтыя шанцы.
Але кіраўніцтва мінчукоў не збіралася так проста адпускаць футбаліста. Разумеючы, што Ложкін мае намер зʼехаць, «Дынама» настойвала на заключэнні новай дамовы, каб мець магчымасць прадаць гульца. Тым больш, паводле ацэнкі «Трансфермаркт», рынкавы кошт магілёўца да таго моманту дасягнуў 400 тысяч еўра.
Аднак футбаліст праявіў упартасць, і «Дынама» нават спрабавала яго запалохаць: у выпадку адмовы ад працягу супрацы пагражала адпраўкай у войска (тыповы дынамаўскі інструмент – з яго дапамогай удалося зрабіць прыхільнікам Лукашэнкі Івана Бахара, які спачатку не меў такіх сімпатый). Але Ложкін на пагрозы не паддаўся, а стасункі з клубам канчаткова сапсаваліся.
У лютым Ложкін апынуўся ў «Туране» з Д2 Казахстана. Па нашых звестках, у гульца меліся і іншыя варыянты ў той жа лізе, але цікавасць «Турана» была самай канкрэтнай.
«Дынама» нешта атрымала за гульца?
Імкнучыся прымусіць гульца да новага кантракту, «Дынама» у выніку засталося ні з чым. Хаця пры пэўных раскладах магло разлічваць на кампенсацыю за падрыхтоўку футбаліста, таму што гульцу няма яшчэ 23 гадоў.
У выпадку з Ложкіным уступаюць у справу правілы ФІФА па міжнародных пераходах. ФІФА дзеліць клубы на чатыры катэгорыі ў залежнасці ад узроўню чэмпіянату і рэйтынгу клубаў. Катэгорыя, у сваю чаргу, вызначае памер кампенсацыі, якую мусіць сплаціць новы працадаўца клубу, у якім раней гуляў футбаліст і з якім у яго быў заключаны кантракт, – а гэта ад 10 тысяч да 90 тысяч еўра.
«Туран» – клуб чацвёртай катэгорыі, і памер кампенсацыі ад яго чакаецца мінімальны – 10 тысяч еўра. Але, як распавялі нам спецыялісты, якія ведаюць сітуацыю, «Дынама» было так засмучанае нежаданнем гульца заключаць новы кантракт, што нават не стала патрабаваць з «Турана» хоць нейкіх грошай. Казахстанцы таксама плаціць не рваліся. Па словах нашых суразмоўцаў, ФІФА на клубы чацвёртай катэгорыі ў гэтым плане асаблівага ціску не аказвае і часта проста заплюшчвае вочы на адсутнасць разлікаў.
А ці можа «Дынама» разлічваць на кампенсацыю, калі Ложкін сыдзе з «Турана» да свайго 23-годдзя? Па словах нашых кампетэнтных крыніц, і ў такім выпадку мінчукі нічога не атрымаюць.
- На якую-небудзь кампенсацыю беларускі клуб мог бы разлічваць, калі б казахстанцы скаапераваліся з якім-небудзь клубам больш салідным і, на яго просьбу, падпісалі б з гульцом кантракт, каб адразу аддаць яго ў арэнду. Быў бы прыклад «bridge transfer» (штучнага або прамежкавага трансферу). Але «Туран», як бачым, ні ў чым такім не ўдзельнічаў, а запрасіў гульца канкрэтна да сябе. І футбаліст выступае за каманду. Адпаведна, кампенсацыя згарэла – мінчукі нічога не атрымаюць, нават калі Ложкін сыдзе ў іншы клуб да дасягнення 23 гадоў, – тлумачыць суразмоўца.
Што паказвае ў Казахстане?
Спецыялісты, якія сочаць за казахстанскім футболам, у гутарцы з «Трыбунай» выказваюць меркаванне, што Д2 гэтай краіны па сіле роўны першай лізе Беларусі. Аднак і там напрацаваць статыстыку не так проста. Але сёння Ложкін відавочна вылучаецца на агульным фоне і дэманструе гатовасць гуляць у элітным дывізіёне Казахстану. На думку нашых суразмоўцаў, пераход на новы ўзровень – справа часу.
Дэбютаваў за «Туран» Ложкін не адразу праз працэс заяўкі. За першымі двума матчамі групавога этапу Кубка Казахстану назіраў з боку, а потым стабільна выходзіў у старце і дапамагаў калектыву прасоўвацца па турнірнай сетцы, хоць пунктаў і не набіраў. У выніку «Туран» дабраўся да чвэрцьфіналу, дзе прайграў па суме дзвюх сустрэч «Астане» (0:2, 1:1).
Затое ў чэмпіянаце Ложкін выглядае шыкоўна: з красавіка па пачатак жніўня правёў 14 матчаў, у 11 з іх выйшаў у старце. Першыя пункты набраў 27 красавіка – зрабіў два «асісты» з маладзёжкай «Актобе». Праз два тыдні – зноў галявы пас. У канцы траўня беларус прапусціў два матчы праз невялікае пашкоджанне, а калі вярнуўся на поле, яго нібыта прарвала: два хет-трыкі, тры дублі плюс яшчэ пяць «асістаў» за восем матчаў. Па-сапраўднаму феерычным атрымалася чэрвеньская сустрэча з «Жас Кыранам». Ложкін зноў выйшаў у старце і з 15-й па 47-ю хвіліны аформіў хет-трык (адзнакі 18.00, 40.11 і 1.09.29).
Акрамя таго зрабіў асістэнцкі дубль і паспеў зарабіць жоўтую картку. Трэнерскі штаб замяніў нападаючага на 60-й хвіліне пры ліку 6:1. Пасля сыходу беларуса каманды больш не забівалі.
Усяго ў Ложкіна ў Д2 Казахстану 14 галоў і восем перадач у 14 матчах (у сярэднім праводзіць на полі 67,5 хвілін). На цяпер ён лідаруе ў спісе бамбардзіраў Д2. Бліжэйшы праследавальнік – 29-гадовы ўкраінец Мікалай Агапаў, які вызначыўся 13 раз у 17 сустрэчах.
У «Туране» Ложкін проста цяпер зʼяўляецца самым дарагім гульцом па ацэнцы «Трансфермаркт» – 350 тысяч еўра і з тым жа Агапавым дзеліць першае месца па кошце сярод усіх футбалістаў Д2 Казахстану. У мінскім «Дынама» з аднагодак прыкладна на такім жа ўзроўні ці крыху даражэй ацэньваюцца 22-гадовы вінгер Алег Нікіфарэнка (350 тысяч), 21-гадовы паўабаронца Андрэй Рылач (400 тысяч) і 22-гадовы форвард Уладзіслаў Марозаў (600 тысяч).
Фота: dinamo-minsk.by