Найлепшая легіянерка з Беларусі ў Еўропе сёння непатрэбная зборнай. Гуляе ў моцным чэмпіянаце, але справа ў іншым
Ізноў Базанаў нічога не робіць.
На сёння ў Еўропе выступаюць толькі дзве беларускі. Мінулым летам у «Сэнт-Эцьен» перабралася абаронца Вікторыя Казакевіч. Дзякуючы гэтаму яна патрапіла і ў сімулятар FC 24, дзе атрымала найвышэйшы рэйтынг сярод усіх сваіх суайчыннікаў, уключаючы мужчын.
Пакуль нельга сказаць, што Казакевіч адаптавалася да элітнага французскага дывізіёну. Яна дагэтуль ні разу не згуляла за каманду і наогул нерэгулярна трапляе ў заяўку.
За паўгода да яе – у лютым 2023-га – на Захад зʼехала Анастасія Пабягайла, якая лічыцца адной з самых перспектыўных маладых футбалістак Беларусі. У 16 гадоў яна дэбютавала за нацыянальную зборную, а ў беларускім чэмпіянаце за тры сезоны (2020-2022) забіла 65 мячоў у 67 матчах. Нядзіўна, што 19-гадовай паўабаронкай зацікавіліся многія замежныя клубы. У Пабягайлы былі прапановы з чэмпіянату Расіі, але яна выбрала еўрапейскі вектар і ў выніку падпісала кантракт з «Фартунай» – адным з топ-клубаў Даніі, які ў сезоне-2002/03 дабіраўся да фіналу Кубка УЕФА (ранейшая назва жаночай Лігі чэмпіёнаў). Дацкі чэмпіянат на добрым рахунку ў Еўропе – у рэйтынгу клубных каэфіцыентаў жаночых асацыяцый УЕФА краіна займае восьмае месца.
Да лета легіянерка была гульцом ратацыі – правяла пяць матчаў, выходзячы толькі на замену. «Фартуна» скончыла сезон на трэцім месцы. Затое перадсезонку беларуска правяла ўдарна і заваявала месца ў стартавым складзе – яе паставілі на левы фланг атакі. Пабягайла прыняла ўдзел ва ўсіх 12 матчах чэмпіянату Даніі-2023/24 і толькі раз выйшла з лавы запасных. Зараз на рахунку беларускі 2 галы і 4 выніковыя перадачы – гэта найлепшы бамбардзірскі паказнік у «Фартуне» і пяты па лізе. Чатырох галявых перадач хапае, каб ісці на першым месцы ў спісе асістэнтаў. Таксама Пабягайла неаднаразова ўваходзіла ў зборныя туру і наогул стварала на полі прыгажосць.
Пасля 12 тураў у «Фартуны» 20 пунктаў і чацвёртае месца. Адставанне ад першага радка складае пяць балаў.
Пры ўсіх сваіх клубных поспехах Пабягайла прапусціла два апошнія зборы нацыянальнай каманды – у кастрычніку і лістападзе. І адбылося гэта не па спартыўных прычынах.
У верасні 2023-га зборная Беларусі, якую з 2019-га ўзначальвае Юрый Малееў, стартавала ў Лізе нацый. Там беларускі гуляюць у Лізе В у адной групе з Босніяй і Герцагавінай, Славеніяй і Чэхіяй. Першае месца ў квартэце дае пуцёўку ў Лігу А, другое – шанец пайсці на павышэнне праз плэй-оф. Фініш на трэцім радку ад вылету ў Лігу С не гарантуе – прыйдзецца гуляць у плэй-оф. Апошняе месца азначае прамы вылет у Лігу С.
У першых двух матчах ЛН Беларусь з аднолькавым лікам 1:2 саступіла Босніі і Чэхіі, хаця па зместу футбола магла браць пункты ў абедзвюх сустрэчах. У першым матчы Пабягайла правяла на полі 69 хвілін, а ў другой выйшла з лавы запасных толькі на 84-й хвіліне.
На канец кастрычніка ў нацыяналкі былі запланаваныя два матчы са славенкамі. Малееў апублікаваў ростар з 23 футбалістак, але Пабягайлы ў ім не аказалася. Пры гэтым праблем са здароўем у спартсменкі не было.
«Мне цяжка сказаць. Яна напісала кіраўніцтву федэрацыі, што ў сувязі з тым, што вельмі занятая ў чэмпіянаце Даніі, папрасіла не выклікаць яе. Усё, што магу сказаць», – пракаментаваў тую сітуацыю Малееў.
Дзяўчына сапраўды даслала ў АБФФ ліст, пра які паведаміў трэнер. Аднак паводле інфармацыі «Трыбуны» гэтая просьба была звязаная не з фізічнай стомленасцю, а з маральным фонам у нацыянальнай камандзе. Гарачнасць Малеева ў беларускім футболе ні для кога не зʼяўляецца сакрэтам. Коўч часта крыкам выказвае прэтэнзіі падапечным як у зборнай, так і ў «Дынама-БДУФК». Хаця першыя гады знаходжання ў жаночым футболе, дзе Малееў працуе з 2016-га, трэнер паводзіўся больш стрымана. На сёння ў большасці сваёй дзяўчаты ўжо змірыліся з буйнымі праявамі спецыяліста.
Характар дае пра сябе ведаць і падчас матчаў – Малееў іх праводзіць на нагах у мяжы поля. Трэнер нярэдка прадʼяўляе прэтэнзіі не толькі сваім падапечным, але і суддзям. Калі ў Беларусі да гэтага ставяцца спакойна, то ў міжнародных сустрэчах усё інакш. Напрыклад, у лістападзе 2020-га пад канец матча кваліфікацыі ЧЕ-2022 з Паўночнай Ірландыяй (2:3) Малееў за празмерную эмацыйнасць на адрас суддзяў атрымаў прамую чырвоную картку, а ва УЕФА яму бонусам выдалі дыскваліфікацыю адразу на пяць гульняў. Таму ў жаночую зборную на час запрасілі Паўла Яўсеенку, які ў сезоне-2013 гуляў у Малеева ў «Славіі».
Пабягайла, чый характар таксама нельга назваць простым, не стала мірыцца з увесьчаснымі прэтэнзіямі галоўнага трэнера. І гэта не першы канфлікт паміж Малеевым і зборніцамі, аднак у большасці выпадкаў гісторыі заставаліся за зачыненымі дзвярыма.
Без Пабягайлы ў складзе Беларусь двойчы згуляла ўнічыю са Славеніяй – 1:1 і 0:0. На парадку дня ў зборнай два заключныя матчы групы ЛН з Чэхіяй (1 снежня) і Босніяй (5 снежня). Пасля чатырох тураў Беларусь з двума баламі займае апошняе месца ў квартэце. Каманда Малеева абавязана браць пункты ў снежаньскіх гульнях, каб захаваць прапіску ў Лізе В. Але, здаецца, трэнер ужо і сам не разлічвае на дапамогу сваёй найлепшай еўрапейскай легіянеркі. Пабягайла зноў няма ў ростары, аднак гэта ўжо рашэнне Малеева без якіх-небудзь просьбаў з боку футбалісткі.
Па інфармацыі «Трыбуны», пасля атрымання ліста ніхто не спрабаваў выйсці на сувязь з гульцом – ні з трэнерскага штабу зборнай, ні з кіраўніцтва федэрацыі, каб неяк уладзіць канфлікт. Нагадаем, што старшынём камітэту па жаночым футболе АБФФ зʼяўляецца Уладзімір Базанаў.
Пры гэтым адзначым, што выклік у зборную – гэта добрая магчымасць падзарабіць, у тым ліку для тых, хто выступае ў Еўропе. Калі выплаты за прыезд у зборную складаюць некалькі сотняў долараў, то за перамогу кожнаму гульцу стартавага складу выплачваюць па 2,5 тысячы долараў. Па рашэнні трэнераў тры найлепшыя футбалісткі матчу атрымліваюць нават больш – у раёне 3 тысяч долараў. За нічыю належыць палова ад прэміяльных. Таксама існуюць бонусы за забітыя мячы, галявыя перадачы і сухія матчы для абаронцаў і брамнікаў. Лёгка падлічыць, што за нічыі са славенкамі беларускія футбалісткі атрымалі па 2,5 тысячы долараў без уліку іншых бонусаў.
Зрэшты, не факт, што Пабягайла сёння думае менавіта пра гэта. 10 снежня ў яе найважнейшы матч чэмпіянату Даніі супраць «Кеге» – найлепшай каманды краіны апошніх гадоў і лідара лігі проста цяпер.