Tribuna/Футбол/Блогі/Беларусский футбол/Чаму самы статусны гулец «Шахцёра» псіхануў і папрасіўся з клуба – пра гэта не хоча казаць былы галоўны трэнер

Чаму самы статусны гулец «Шахцёра» псіхануў і папрасіўся з клуба – пра гэта не хоча казаць былы галоўны трэнер

Непрыемная сітуацыя перад матчам з «Дынама» Мінск.

Аўтар — bytribuna com
1
Чаму самы статусны гулец «Шахцёра» псіхануў і папрасіўся з клуба – пра гэта не хоча казаць былы галоўны трэнер

Станіслаў Сувораў працягвае распавядаць пра тое, праз што прайшоў у «Шахцёры», дзе ад пачатку сезона-2024 і да нядаўняй даволі дзіўнай адстаўкі быў галоўным трэнерам. Сярод іншага спецыяліст успомніў пра расставанне з лідарам і самым статусным футбалістам салігорцаў у гэтым чэмпіянаце – албанскім паўабаронцам Валонам Ахмедзі, які пакінуў клуб 24 траўня. Па словах Суворава, гэта здарылася па ініцыятыве 29-гадовага гульца, а папярэднічала скасаванню кантракта нейкая сітуацыя, пра якую трэнер не захацеў распавядаць.

«Трыбуна» ведае, чаму легіянер папрасіўся з Беларусі.

Што паказаў у «Шахцёры» Ахмедзі?

У Салігорску албанец апынуўся ў пачатку 2021 года, калі камандай кіраваў украінец Раман Грыгарчук. Паводле «Трансфермаркт», за паўабаронца атакі «Шахцёр» выклаў 100 тысяч еўра – яны сышлі на рахунак «Шкендыі», чатырохразовага чэмпіёна Македоніі. Кантракт быў падпісаны на два гады.

Ахмедзі хутка стаў гульцом асноўнага складу, прычым на яго запатрабаванасці ніяк не адбіваліся змены трэнераў. Албанец быў патрэбны і Грыгарчуку, і Аляксею Баге, і Сяргею Ташуеву, і Івану Біёнчыку, і Сяргею Гурэнку. Да ад'езду ён найграў 100 матчаў у форме «гарнякоў» ва ўсіх турнірах (76 – у старце), забіў 11 галоў і аддаў 26 перадач. Найлепшым сезонам Ахмедзі па асабістай статыстыцы стаў 2023-і, калі ён у 26 матчах аформіў 16 балаў па «гол + пас» (5+11), а заўзятары «Шахцёра» прызналі яго сваім MVP сезона.

Як раз перад сезонам-2023 Ахмедзі падоўжыў з клубам кантракт на два гады і стаў у ім самым высокааплатным гульцом – па нашых звестках, атрымліваў 18 тысяч рублёў да выліку падаткаў плюс бонусы. І гэтая зарплата захоўвалася аж да сыходу з клуба, нягледзячы на ўзмацненне жорсткасці фінансавых лімітаў у лізе.

У Салігорску Ахмедзі правёў 20 матчаў з капітанскай павязкай, але галоўнае – паўдзельнічаў у заваёве трафеяў: два Суперкубкі і два чэмпіёнства (праўда, золата-2022 забралі праз скандал з дамоўнымі матчамі).

Дык чаму сышоў з «Шахцёра»?

Ахмедзі ніяк не выказваўся публічна на тэму расстання з «Шахцёрам». Хоць розныя журналісты, у тым ліку «Трыбуна», звярталіся да яго па каментар. Сувораў жа на днях распавёў, што ў яго з Ахмедзі здарыўся мікраканфлікт, а расстанне з камандай – ініцыятыва легіянера. Як адзначыў былы галоўны трэнер, мабыць, футбаліст пакрыўдзіўся на тое, што быў спушчаны ў дубль пасля гульні з мінскім «Дынама» ў траўні. Папярэднічала ж гэтаму сітуацыя, пра якую трэнер не захацеў распавядаць падрабязна. Але заўважыў, што гэта «не праз матч, нават у большай ступені не праз трэнавальны працэс, а спасылку ў дубль Ахмедзі ўспрыняў эмацыйна, адмоўна».

Паводле інфармацыі «Трыбуны», ледзь не ад самага старту сезона паміж Суворавым і Ахмедзі склаліся няпростыя адносіны. Настаўнік лічыў, што албанец знізіў патрабаванні да сябе: нібыта недапрацоўвае на трэнінгах і ў матчах не выкладаецца цалкам. Пра гэта Сувораў як раз выказаўся ў нядаўнім інтэрв'ю, а яшчэ ў чэрвені 31-гадовы трэнер прызнаваўся, што чакаў ад 29-гадовага гульца большага.

Свае прэтэнзіі спецыяліст не хаваў і часцяком агучваў на трэнінгах, прасіў легіянера больш працаваць і ўвогуле прыкладаць намаганні. Пры ўсім пры гэтым Сувораў бачыў у Ахмедзі гульца стартавага складу – шмат у чым праз яго досвед, якога так бракавала моладзі (а яна і складала асноўны касцяк праз забарону на трансферы): у 9 з 11 матчаў 2024 года паўабаронца выйшаў з першых хвілін, шэсць з іх адгуляў цалкам. За 811 хвілін аформіў два асісты.

Дык вось, Сувораў не хаваў незадаволенасці тым, што Ахмедзі, на яго думку, адкрыта лянуецца, пры гэтым ніякіх канфліктаў паміж бакамі заўважана не было. Але напярэдадні сустрэчы з мінскім «Дынама» здарылася тое, што ў выніку і прывяло да разрыву кантракту.

За дзве гадзіны да матчу ў сталіцы 19 траўня галоўны трэнер на перадматчавай устаноўцы абвясціў спіс тых, хто выйдзе з першых хвілін. Прозвішча Ахмедзі не прагучала, хоць да гэтага ён у ЧБ адгуляў чатыры поўныя сустрэчы запар, тры з іх – у ролі капітана. Пачуўшы, што на матч з «Дынама» застаецца ў запасе, гулец пры ўсіх у грубай форме выказаўся пра рашэнне Суворава. Да адкрытага пасылання на тры літары не дайшло, але, па звестках нашых крыніц, Ахмедзі паводзіў сябе па-хамску.

Сувораву і яго памочнікам тыя прэтэнзіі не спадабаліся, хоць на 58-й хвіліне Ахмедзі і выпусцілі на поле (ён замяніў Уладзіслава Кабышава і на 83-й зрабіў асіст пры голе Вадзіма Марцінкевіча, які зрабіў лік 2:2).

Пасля той атакі каманда пабегла да лаўкі запасных, Сувораў нават прыабняў Ахмедзі – праявіў скупую мужчынскую пяшчоту ў адказ і албанец. Але канфлікт на гэтым не быў вычарпаны.

Да таго ж «Дынама» вырвала перамогу дзякуючы голу Дзмітрыя Падстрэлава на 88-й хвіліне. Пасля крыўднага паражэння ў распранальні «Шахцёра» панавала не самая прыемная атмасфера, а Ахмедзі зноў прыгадалі паводзіны перад матчам. Сувораў абвясціў, што ў якасці пакарання паўабаронца адпраўляецца ў «Шахцёр-2». Аднак той да рэзервістаў так і не дабраўся.

На наступны дзень пасля матчу з «Дынама» ў «гарнякоў» быў выходны, а пасля гэтага албанец сустрэўся з клубным кіраўніцтвам і абвясціў пра жаданне разарваць кантракт. Маўляў, калі агульную мову з Суворавым знайсці не ўдаецца, то за лепшае пашукаць новае месца працы.

Пару дзён бакі ўзгаднялі дэталі разрыву па ўзаемнай згодзе, і 24 траўня гулец і клуб разышліся без якіх-небудзь фінансавых прэтэнзій. А перад матчам са «Смаргонню» 26 траўня албанцу далі магчымасць развітацца з заўзятарамі і раздаць аўтографы. І нават уручылі майку з лічбай 100, якая азначала колькасць згуляных за Салігорск матчаў.

Дзе Ахмедзі сёння?

Некалькі месяцаў албанец правёў без працы, а ў пачатку жніўня падпісаў кантракт да 30 чэрвеня 2026-га з ужо знаёмай «Шкендыяй».

Сезон у Паўночнай Македоніі стартаваў 11 жніўня, праз два дні як Ахмедзі стаў гульцом каманды. Першы тур паўабаронца прапусціў, бо яшчэ не былі ўладжаныя пытанні з паперамі. У наступных трох сустрэчах чэмпіянату экс-«гарняк» аднойчы выйшаў на замену, двойчы – у аснове. Характэрна, што ў першым матчы (Ахмедзі атрымаў 17 хвілін) «Шкендыя» згуляла ўнічыю, а далей – дзе футбаліст быў у старце – клуб нязменна перамагаў. «Шкендыя» займае першае месца з 10 баламі. Ну а што тычыцца Ахмедзі, то ў яго актыве адзін асіст за 151 хвіліну на полі.

Фота: fcshakhter.by

Колясик
и что?Трибуна в своей красе!!!не о чем!!!
Адказаць
1