Tribuna/Футбол/Блогі/Беларусский футбол/Экс-гулец зборнай, які нечакана вярнуўся ў Беларусь, усё ж трапіў пад рэпрэсіі. І не толькі ён

Экс-гулец зборнай, які нечакана вярнуўся ў Беларусь, усё ж трапіў пад рэпрэсіі. І не толькі ён

Чынуша-лукашыст усё яшчэ карае тых, хто супраць гвалту і вайны.

Аўтар — bytribuna com
Экс-гулец зборнай, які нечакана вярнуўся ў Беларусь, усё ж трапіў пад рэпрэсіі. І не толькі ён

На стыку 2022 і 2023 гадоў лукашэнкаўскі міністр па спорце Сяргей Кавальчук праводзіў актыўную кампанію супраць футбалістаў, якія ўвосень 2020-га выступілі супраць паслявыбарчага гвалту. Спартсменаў ўключалі ў «чорны спіс», што фактычна азначала забарону на прафесію. Ім не дазвалялі ні выступаць за клубы вышэйшай лігі, ні падпісваць з імі кантракты. Хтосьці ў выніку публічна раскаяўся ў сваёй міралюбнасці, хтосьці завяршыў кар'еру.

У апошнія месяцы здавалася, што помслівы чынуша суняўся з пераследам футбалістаў. Да таго ж не так даўно былі амніставаныя некаторыя гульцы – ім дазволілі вярнуцца ў спорт.

Але не, рэпрэсіі працягваюцца. Лукашыст Кавальчук дабраўся да гульцоў другога дывізіёна. Расказваем, хто і чым яму не дагадзіў.

Мікалай Золатаў апошнія чатыры з паловай гады выступаў за мяжой (Украіна, Францыя, Казахстан). Ва Украіне разам з сям'ёй ратаваўся ад вайны. Улетку 2024-га абаронца нечакана папоўніў шэрагі прыватнага клуба «Макслайн», да гэтага правёўшы ў казахстанскім «Елімаі» сем месяцаў, дзе згуляў восем матчаў і, па нашай інфармацыі, атрымліваў каля 15 тысяч долараў на месяц да сплаты падаткаў.

11 ліпеня 29-гадовы гулец вярнуўся ў Беларусь. Трэнерскі штаб «Елімая» не бачыў Золатава ў камандзе, кантракт быў скасаваны па згодзе бакоў. Абаронца хацеў вярнуцца ў Беларусь і таму адмовіўся ад некаторых замежных варыянтаў, а на Радзіме яго клікаў да сябе толькі «Макслайн». Кантракт з віцебскім клубам быў падпісаны да канца 2024-га.

Золатаў паспеў правесці за «Макслайн» усяго чатыры матчы, прычым усе цалкам. 14 ліпеня адгуляў 120 хвілін у 1/16 фіналу Кубка Беларусі з «Нафтанам» (2:1), столькі ж адбегаў у наступным раўндзе са «Славіяй» (2:0), а ў чэмпіянаце Беларусі згуляў па 90 хвілін з «Астраўцом» і БАТЭ-2.

Ад 5 жніўня гулец перастаў не тое, што выходзіць на поле, але нават трапляць у заяўку на матчы. Вось ужо шэсць тураў, як Золатаў застаецца па-за гульнёй. Пад некалькімі пастамі ў сацыяльных сетках клуба заўзятары задавалі пытанні, куды падзеўся абаронца, але адказу ім ніхто не даў.

Па нашай інфармацыі, Золатаў не гуляе па патрабаванні Кавальчука. У канцы ліпеня віцебскі клуб быў апавешчаны пра тое, што ён не можа выкарыстоўваць футбаліста, які «раней выказваў незадаволенасць дзейнай уладай Беларусі». Таксама па словах крыніц, якія знаёмыя з сітуацыяй, гора-міністру не спадабалася, што Золатаў раней асуджаў вайну ва Украіне. Карацей, Кавальчук забараніў клубу супрацоўнічаць са спартсменам. І хоць «»Макслайн» – прыватны праект і ад дзяржавы не залежыць, яму паабяцалі праблемы ў выпадку непаслушэнства. Зрэшты, па нашай інфармацыі, за Золатава ў «Макслайне» змагаюцца і пакуль кантракт з ім не скасоўваюць – спадзяюцца, што з Кавальчуком атрымаецца неяк дамовіцца. Абаронца па-ранейшаму трэнуецца з калектывам, але не ўдзельнічае ў матчах.

Нашыя суразмоўцы, знаёмыя з сітуацыяй, не выключаюць, што ад Золатава запатрабуюць «шчырага раскаяння» ў абмен на магчымасць далей гуляць у Беларусі ў футбол.

Калі Золатаў па-ранейшаму з кантрактам, то іншы футбаліст мінора ўжо застаўся праз Кавальчука без працы. Гаворка пра 25-гадовага нападніка Паўла Кляньё. Цяперашні сезон форвард пачынаў у «Макслайне», але, правёўшы за паўгода 11 матчаў і адзначыўшыся адным голам (затое бісіклетай) пры трох асістах, трапіў пад татальную чыстку складу. У жніўні футбаліст падпісаў кантракт з «Оршай». За яе правёў чатыры матчы (усе ў старце), забіў адзін мяч, аднак ад 8 верасня перастаў трапляць нават у заяўку. Правёўшы два туры без дапамогі Кляньё, «Орша» 16 верасня абвясціла пра расставанне з форвардам, ніяк не патлумачыўшы прычыны.

Па нашых звеськах, у канцы лета клубу з Віцебскай вобласці павінны былі падпісаць план развіцця да канца 2024-га. Аднак так званы міністр знайшоў у складзе «непажаданага спартсмена», якім і аказаўся Кляньё, і паставіў ультыматум: план развіцця будзе падпісаны толькі ў тым выпадку, калі з нападнікам разарвуць кантракт. «Орша», не бачачы магчымасці дамовіцца, рассталася з гульцом. А непажаданым Кляньё стаў толькі таму, што ў 2020-м зняўся ў відэа футбалістаў, дзе разам з усімі сказаў фразу «Мы супраць гвалту», нават не ўдакладніўшы, хто гэта гвалт ажыццяўляе.