Tribuna/Футбол/Блогі/Беларусский футбол/Клуб у Д2 Беларусі не проста ездзіць да супернікаў, але яшчэ наведвае дзяцей у прытулках

Клуб у Д2 Беларусі не проста ездзіць да супернікаў, але яшчэ наведвае дзяцей у прытулках

У новым родным горадзе дапамагаюць жывёлам.

Аўтар — Alex Zagorski
Клуб у Д2 Беларусі не проста ездзіць да супернікаў, але яшчэ наведвае дзяцей у прытулках

Віцебскі «Макслайн», які яшчэ не так даўно быў рагачоўскім, другі раз за сваю гісторыю наблізіўся да вышэйшай лігі – за тры туры да канца турніру ў другім дывізіёне ідзе на другім радку і мае ўсе шанцы на павышэнне.

Клуб вядомы сувяззю з букмекерамі (вось адкуль такая назва) і хаатычнымі рухамі (змяняюць трэнераў, гульцоў – калі вы сочыце за Д2, то для вас гэта не навіна), але ў гэтым сезоне спрабуе падаць сябе і з іншага боку.

На апошні матч першай лігі супраць «Маладзечна» футбалісты «Макслайна» выйшлі са шчанюкамі на руках – так у клубе прыцягнулі ўвагу да гадаванцаў прытулку «Добрык».

Гэта не першы раз, калі гульцы букмекерскай каманды прыцягваюць увагу да жывёл. У жніўні яны фатаграфаваліся з гадаванцамі прытулку «Фартуна Догз» на сталічным стадыёне «Дынама».

Тады ж заехалі і ў сам прытулак – завязлі сабакам корм.

А справа ў тым, што яшчэ на пачатку сезона «Макслайн» узяў на сябе абавязак падтрымліваць прытулкі ў Віцебскай вобласці вось па якой формуле: кожны месяц клуб падлічвае колькасць сваіх забітых мячоў, пасля чаго футбалісты перадаюць корм у разліку 1 гол = 10 кг. Напрыканцы кастрычніка у сацсетках паведамлялася, што за сезон перададзена 600 кіло корма ў «Добрык».

Але «Макслайн» праяўляе ўвагу не толькі да жывёл. У гэтым годзе віцебская каманда падчас выяздных матчаў імкнецца наведваць і дзіцячыя інтэрнаты, у тым ліку для асаблівых хлопчыкаў і дзяўчат. Выхаванцам устаноў футбалісты рабілі падарункі і давалі майстар-класы.

Футбалісты «Макслайна» ў Гарадзішчанскім інтэрнаце для асаблівых дзяцей (Баранавіцкі раён)...

...у Мазырскім дзіцячым доме...

...у Пінскім дзіцячым доме...

У на сёння сваім горадзе таксама ладзяцца дабрачынныя акцыі. Так яна выглядала ў Віцебскай спецыяльнай школе-інтэрнаце.

Сярод удзельнікаў такіх мерапрыемстваў засвяціўся экс-абаронца зборнай Беларусі Мікалай Золатаў. У Віцебску ён апынуўся ў ліпені пасля чатырох з паловай гадоў легіянерскага досведу ў Расіі, Украіне і Казахстане.

На полі Золатаў не з'яўляўся са жніўня нібыта праз пашкоджанне.

Самога гульца такое становішча не напружвае. Вось што ён казаў на пачатку кастрычніка:

– Рады, што я гуляю ў клубе, які датычны да рэгулярных дабрачынных акцый. Мы робім добрую справу. Спадзяюся, у дзетак усё будзе добра, і яны будуць памятаць маленькую дапамогу і эмоцыі, што мы дорым сваім візітам.

Відаць па ўсім, добрыя справы дапамагаюць і «жоўта-зялёным». У апошніх двух матчах «Макслайн» атрымаў цяжкія і вельмі важныя перамогі ў барацьбе за вышэйшую лігу над «Баранавічамі» і «Маладзечна» – 4:2 у абодвух гульнях.