Tribuna/Футбол/Блогі/Беларусский футбол/Сігневіч, Стасевіч, Бярозкін, Эбонг – даведаліся, якія варыянты ў беларусаў, якія навідавоку ў Казахстане

Сігневіч, Стасевіч, Бярозкін, Эбонг – даведаліся, якія варыянты ў беларусаў, якія навідавоку ў Казахстане

Некаторыя дакладна зменяць клуб.

Аўтар — bytribuna com
Сігневіч, Стасевіч, Бярозкін, Эбонг – даведаліся, якія варыянты ў беларусаў, якія навідавоку ў Казахстане

Месяц таму завяршыўся чэмпіянат Казахстана-2024, у якім паўдзельнічаў 21 футбаліст з Беларусі – хтосьці стаў чэмпіёнам, хтосьці аказаўся лідарам бамбардзірскай гонкі. Аднак амаль усіх беларусаў аб'ядноўвае тое, што ў іх заканчваюцца кантракты (выключэннямі з'яўляюцца Валерый Грамыка і Аляксандр Мартыновіч з «Кайрата», а таксама Мікіта Корзун з «Елімая» – у іх дамовы дзейнічаюць яшчэ год). А што ж астатнія? Расказваем пра планы некаторых легіянераў.

«Атыраў» і Жукоўскі/Сігневіч/Сцяпанаў/ Стасевіч/Хаткевіч

У Казахстане ў сезоне-2024 «Атыраў» быў самай беларускай камандай. Мала таго, што трэнаваў яе Віталь Жукоўскі пры падтрымцы суайчыннікаў Паўла Плюта і Андрэя Місюка, дык яшчэ і гулялі чатыры беларусы, прычым былі не на апошніх ролях.

39-гадовы паўабаронца Ігар Стасевіч выступае за «Атыраў» ад сакавіка 2023-га і з той пары правёў 59 матчаў ва ўсіх турнірах, у актыве мае сем галоў і 11 асістаў.

32-гадовы нападнік Мікалай Сігневіч правёў роўна год у казахстанскім клубе і стаў найлепшым бамбардзірам калектыву з 13 галамі ў 30 матчах (10 дакладных удараў нанёс у чэмпіянаце і падзяліў першае месца ў спісе топ-галеадораў). Ну і яшчэ запомніўся эмацыйным спічам пасля прайгранага фіналу Кубка Казахстана і выбачэннямі на камеру.

36-гадовы брамнік Ягор Хаткевіч прыйшоў у «Атыраў» у лютым 2023-га, а ў студзені 2024-га працягнуў з клубам кантракт. На сёння мае 56 матчаў, 54 прапушчаныя мячы і 23 «сухары». Па выніках сезону, як і Сігневіч, увайшоў у сімвалічную зборную казахстанскай прэм'ер-лігі. 28-гадовы абаронца Мікіта Сцяпанаў за два гады правёў за «Атыраў» 58 матчаў (1+1).

Ва ўсіх беларусаў у снежні-2024 заканчваюцца кантракты, але не толькі гэта іх аб'ядноўвае. Паводле нашых звестак, у «беларускай дыяспары» ў казахстанскім клубе быў прыблізна аднолькавы заробак – блізу пяці тысяч долараў да выліку падаткаў. Таксама нікому з іх не прапанаваныя новыя пагадненні. Больш за тое, сам «Атыраў» цяпер знаходзіцца ў стане, калі ніхто ў офісе не разумее, што будзе ў наступным годзе. У клуб, хутчэй за ўсё, прыйдзе новы прэзідэнт (сёння пасаду займае казахстанец Эрніс Есмагамбетаў). Магчыма, тады стане вядомы і бюджэт. Па звестках нашых крыніц з футбола Казахстана, гаворка ідзе пра павелічэнне лічбаў. Таксама будзе прызначаны галоўны трэнер – і, вельмі верагодна, гэта будзе не Жукоўскі.

Па звестках нашых крыніц, ні ў Стасевіча, ні ў Сцяпанава, ні ў Хаткевіча на сёння няма канкрэтных прапаноў ад іншых каманд. Больш за тое, гульцы зацікаўлены застацца ў «Атыраў». Але ўсё залежыць ад клубнай перабудовы. Калектыў, які заняў у сезоне сёмае месца, павінен пачаць падрыхтоўку да новага чэмпіянату 10 студзеня.

А вось Сігневіч, па нашых звестках, хутчэй за ўсё, пакіне «Атыраў». У апошнія тыдні да форварда праяўлялі цікавасць два казахстанскія топы. Аднак адзін варыянт адпаў, а вось другі клуб зрабіў канкрэтную прапанову. І, па нашых звестках, Сігневіч з высокай доляй верагоднасці пачне новы сезон у КПЛ, але ў больш амбіцыйнай камандзе.

Што тычыцца Жукоўскага, то яму «Атыраў» кантракт таксама не прапаноўваў.

Зрэшты, як нам удалося даведацца, сам трэнер не гарыць жаданнем працягваць супрацу і ўжо развітаўся з клубам. Не таму, што чымсьці незадаволены, а проста хоча паспрабаваць нешта новае. Хоць зусім нядаўна быў варыянт, што Жукоўскі зменіць адну каманду ў Казахстане на іншую. На спецыяліста выходзілі з «Турана» (12-е месца ў сезоне-2024), але, як кажуць нашыя крыніцы, прапанова гэтая была «настолькі непрафесійнай, што беларускі трэнер нават не стаў яе разглядаць».

Што тычыцца інфармацыі пра тое, што Жукоўскі ўваходзіць у лік кандыдатаў на пасаду галоўнага трэнера «Макслайна», то, па нашых звестках, яго з'яўленне ў віцебскім клубе малаверагодна. Прыярытэт для спецыяліста – праца за мяжой.

«Кайсар» і Юдзянкоў

37-гадовы абаронца Руслан Юдзянкоў з 2022 года выступае ў Казахстане. Спярша перайшоў у «Мактаарал», а сезон-2024 правёў у «Кайсары» (25 матчаў, 4 галы, 2 асісты) і фінішаваў з калектывам на восьмым радку.

22 лістапада беларус казаў, што мае вусную дамоўленасць з клубам наконт працягу супрацы, праз тыдзень дадаваў, што ў сярэдзіне снежня адправіцца на зборы з «Кайсарам» і там будзе дамаўляцца пра новы кантракт. Аднак, як кажуць нашыя крыніцы, знаёмыя з сітуацыяй, далёка не факт, што Юдзянкоў застанецца, нават нягледзячы на тое, што клуб у ім зацікаўлены. Камянём спатыкнення можа стаць фінансавае пытанне і істотныя даўгі па зарплаце. Па нашых звестках, у «Кайсары» Юдзянкоў меў каля 7-8 тысяч долараў да выліку падаткаў, аднак апошнія чатыры месяцы яму, як і астатнім футбалістам, нічога не плацілі.

Калі клуб не гарантуе пагашэнне даўгоў, то, па словах нашых суразмоўцаў, Юдзянкоў можа пачаць шукаць новае месца. Аднак на сёння іншых прапаноў у футбаліста няма.

«Кызыл-Жар» і Бярозкін

У 28-гадовага паўабаронцы Яўгена Бярозкіна за плячыма два сезоны ў клубе з Петрапаўлаўска. Агулам – 51 матч, 10 галоў і шэсць асістаў. Сезон-2024 склаўся куды лепш, чым дэбютны: 7+3 у 26 матчах. І ва ўсіх гульнях гэтага года Бярозкін выходзіў з капітанскай павязкай. Каманда фінішавала дзявятай.

Агент футбаліста Віталь Ледзянёў распавядаў месяц таму, што ў міжсезонне ён і яго кліент будуць разглядаць усе прапановы, у тым ліку з Расіі і Еўропы. Пакуль жа, як нам удалося даведацца, ніякай канкрэтыкі з гэтых кірункаў няма. Затое цікавасць да паўабаронцы праяўляюць некалькі топ-клубаў Казахстана. Таксама не адпаў варыянт з працягам кар'еры ў Кітаі (пра званок ад аднаго з клубаў гэтай краіны распавядаў сам Ледзянёў). Акрамя таго, паводле нашых звестак, да Бярозкіна праяўляе цікавасць каманда з чэмпіянату Ірана. А ці ёсць верагоднасць, што гулец застанецца ў «Кызыл-Жары», дзе быў лідарам і атрымліваў каля сямі тысяч даляраў да выліку падаткаў? Нашыя суразмоўцы, знаёмыя з сітуацыяй, запэўнілі, што такі сцэнар маларэальны. Уласна, як і вяртанне ў чэмпіянат Беларусі.

«Астана» і Эбонг

25-гадовы паўабаронца, найлепшы футбаліст Беларусі-2023 Макс Эбонг за «Астану» выступае з 2020-га (146 матчаў, 8+23) і за гэты час паспеў узяць з калектывам медалі ўсіх вартасцяў у КПЛ і два разы выйграць Суперкубак. Ужо двойчы падаўжаў кантракт са сталічнай камандай. Цяперашняе пагадненне заканчваецца 31 снежня. Пакуль навін пра тое, што Эбонг застанецца ў «Астане» або пакіне яе, не было.

Аднак нашыя крыніцы з казахстанскага футбола запэўнілі, што беларус, нягледзячы на не самы яркі сезон-2024 (тры перадачы ў 35 матчах), з верагоднасцю ў 99 адсоткаў і новы чэмпіянат пачне ў «Астане».

Па-першае, сам гулец, па звестках нашых крыніц, не мае прапаноў з боку. Па-другое, ён зарабляе 30 тысяч долараў да выліку падаткаў і не мае нейкіх матываў мяняць звыклае месца. Па-трэцяе, генеральным дырэктарам ФК па-ранейшаму з'яўляецца Саян Хамітжанаў, які, уласна, і запрашаў беларуса ў «Астану» ў 2020-м і рабіў яму добры кантракт, а пасля падаўжаў пагадненне. Адзінае, гучыць меркаванне,што «Астана» можа прапанаваць Эбонгу трохі знізіць заробак у сувязі з падзеннем выніковасці. Але ўсё роўна лічбы застануцца на такім ўзроўні, які не падштурхне да пошукаў новага месца працы.

Фота: kazfootball.kz