Ачковы штраф пакінуў «Белшыну» без Д1, але там не здаюцца – знайшлі зборшчыка складу, бягучы бан трансфераў не страшыць
Грошы атрымаюць ад быццам бы стратнага прадпрыемства.
Сезон-2024 «Белшына» пачынала з дакладнай задачай вярнуцца з Д2 у эліту. Ускладняў задачу штраф у пяць ачкоў па абвінавачанні ў «дагаварняку» з «Шахцёрам» у 2022-м. У выніку без такога пакарання бабруйчанам хапіла б набраных балаў для прахаднога другога месца, а па факце каманда аказалася чацвёртай і засталася без прасоўвання. Плюс дадалася яшчэ адна праблема – трансферны бан за даўгі, на якія скардзіліся і з АБФФ.
Як паўплываў на «Белшыну» 2024-ы і якія там далейшыя планы? Расказваем.
Выязджалі на грошах АБФФ, але заробкі – своечасова
У 2023-м «Белшына» без асаблівых шанцаў вылецела з эліты – тры перамогі ў 28 матчах не дапамаглі б, нават калі б у белфутболе не было справы «Шахцёра» і ачковых зняццяў за яе. У 2024-м праблемы ў бабруйчан пачаліся адразу ж – з-за парушэння фінансавых крытэрыяў клуб спачатку не змог атрымаць ліцэнзію для ўдзелу ў Д2. Пазней стала вядома, што гаворка ідзе пра запазычанасці перад былымі і сёлетнімі гульцамі. Каб усё пагасіць, клуб узяў пазыку ў АБФФ (паводле нашых звестак, тэрмінам на два гады, праўда, суму даведацца не ўдалося), пасля чаго ўсё ж атрымаў дакументы для гульні ў першай лізе.
З 34 матчаў сезона Д2 «Белшына» выйграла 23 – столькі ж перамог у «Маладзечна» і «Макслайна», якія занялі першыя два месцы, на дзве менш у трэцяй «Нівы». Як мы ўжо згадвалі, падвёў бабруйчан штраф у пяць ачкоў. Зрэшты, нават з ім каманда магла патрапіць на п’едэстал, калі б лепш гуляла з вышэйпаказанымі прамымі канкурэнтамі. А так за шэсць матчаў з імі разжыліся толькі чатырма баламі, прычым ад кожнага з супернікаў было паражэнне з вялікай колькасцю прапушчаных мячоў: 2:4 ад «Макслайна», 3:5 ад «Нівы» і ўвогуле 0:5 ад «Маладзечна».
Пры гэтым каманда паспяхова выступала ў Кубку Беларусі, пасля разгрому другалігавых «Івацэвічаў-ДЮСШ» (6:0) прыбраўшы са шляху і «элітныя» «Мінск» (3:1) ды «Смаргонь» (2:1). У сакавіку 2025-га «Белшына» згуляе ў чвэрцьфінале з «Макслайнам».
У пачатку верасня бабруйчане страцілі галоўнага трэнера – Міхаіл Марціновіч сышоў, каб аказацца ў штабе расійскага «Ахмата». «Белшына» заканчвала чэмпіянат пад кіраўніцтвам Дзмітрыя Мігаса, які да таго дапамагаў Марціновічу.
Па ходзе сезона ў клуба раз-пораз узнікалі новыя праблемы з фінансамі – пяць разоў прыляталі санкцыі ад АБФФ за даўгі як перад федэрацыяй, так і перад былымі гульцамі, за што абвяшчалася забарона на пераходы. У чатырох выпадках «Белшына» ўсё гасіла, і пакаранне здымалі.
Пры гэтым на працягу сезона гульцы атрымлівалі заробак без затрымак. Па нашых даных, асноўная маса футбалістаў у камандзе мела 2600 рублёў да выліку падаткаў. Былі і заробкі ў тысячу рублёў да выліку падаткаў, але ў адзінкавых выпадках. Таксама былі прадугледжаныя прэміяльныя за перамогу – каля 500 рублёў. Аднак, як ужо расказваў капітан каманды Вадзім Бальбух, тут па выплатах «пытанні паступалі пастаянна». Зрэшты, як удалося даведацца, на цяперашнi момант клуб вінен гульцам бонусы толькі за апошнія чатыры перамогі, і тое кіраўніцтва паабяцала ўсё выправіць у бліжэйшы час.
Таксама ў кастрычніку начальнік дэпартамента ліцэнзавання АБФФ Андрэй Мішаеў казаў, што «Белшына» «мае запазычанасці перад АБФФ, сума якіх назапасілася за некалькі гадоў». Паводле інфармацыі «Трыбуны», сёння гэтая сітуацыя паспяхова вырашаная клубам.
Трансфернага бана не баяцца, склад пад ранейшую задачу шукае новы трэнер
Цяпер калектыў «Белшыны» ў адпачынку, з якога выйдзе ў сярэдзіне студзеня 2025-га. І задача на новы чэмпіянат будзе ўсё тая ж – узяць пуцёўку ў Д1. Прычым, як кажуць нашыя крыніцы, у кіраўніцтве жадаюць, каб «шыннікі» занялі першае ці другое месца i не гулялi стыкавых матчаў.
Пры гэтым у клуба захоўваецца трансферны бан. Ён быў накладзены ў канцы лістапада за доўг экс-галкіперу каманды Арцёму Дзенісенку. Але нашыя крыніцы, знаёмыя з сітуацыяй у клубе, запэўнілі, што сума там зусім невялікая і абавязкова будзе пагашаная да лютага 2025-га. Пасля гэтага абмежаванні знімуць, і «Белшына» зможа падпісаць навiчкоў.
У фінансавым плане, паводле нашых звестак, нічога змяняць не плануецца, зарплаты і прэміяльныя чакаюцца на ранейшым узроўні. Крыніцы паступлення сродкаў – выканкам Лукашэнкі па Бабруйску і спонсары, сярод якіх стрыжневым застаецца завод «Белшына». Цікава, што ў сакавіку ЕС зняў санкцыі з прадпрыемства (былі ўведзены 2 снежня 2021-га з-за рэпрэсій у Беларусі), прыняўшы аргумент аб яго стратнасці. Аднак, як кажуць нашыя крыніцы, на футбольны клуб у «Белшыны» грошы ёсць, і ў нядрэннай колькасці. Плюс у каманды не ўзнікае праблем з «планам развіцця», які патрэбны для паступлення дзяржгрошай, – так званы «міністр спорту» Сяргей Кавальчук падпісвае дакумент кожны год, і няма ніякіх перадумоў да змены гэтай сітуацыі.
Пад бюджэт і задачу збіраецца склад. Як удалося даведацца, ужо займаецца гэтым Вячаслаў Герашчанка, прызначэнне якога галоўным трэнерам клуба – пытанне практычна вырашанае. 52-гадовы коўч у першай палове сезона-2024 узначальваў «Дняпро», пасля ўваходзіў у штаб «Оршы», ну а цяпер у «Белшыне» запрашае патэнцыйных навiчкоў і размаўляе з тымі, каго хоча бачыць з ранейшага ростэра.
Дапамагае Герашчанку 41-гадовы начальнік каманды і старшы трэнер Сяргей Мазуркевіч, які негалосна выконвае функцыі спартыўнага дырэктара. Раней такія абавязкі былі ў Аляксандра Макаранкі, які доўга працаваў адміністратарам і начальнікам «Белшыны». Аднак летам з ім расталіся, прычым, як кажуць крыніцы, па прычынах, не звязаных са спортам.
Мігас, які давёў «Белшыну» да канца мінулага сезона, па плане застанецца ў штабе Герашчанкі. Няма намераў раставацца і з іншымі трэнерамі, якія завяршалі год у камандзе.
Фота: fcbelshina.by