Tribuna/Футбол/Блогі/Беларусский футбол/Тое, што малады беларус можа перайсці ў «Порту», – не жарт. Вось колькі за форварда ўжо прапанавалі «Дынама»

Тое, што малады беларус можа перайсці ў «Порту», – не жарт. Вось колькі за форварда ўжо прапанавалі «Дынама»

Трафім Мельнічэнка тэрмінова перапыніў адпачынак і адправіўся на медагляд.

Аўтар — bytribuna com
2
Тое, што малады беларус можа перайсці ў «Порту», – не жарт. Вось колькі за форварда ўжо прапанавалі «Дынама»

5 студзеня тэлеграм-канал «Anar Ibrahimov» паведаміў, што беларускі форвард мінскага «Дынама» Трафім Мельнічэнка можа папоўніць склад партугальскага «Порту». Паводле інфармацыі інсайдараў, клубы вядуць перамовы, а цікавасць партугальцаў абумоўленая фінансавымі праблемамі – нібыта праз іх скаўты «Порту» звяртаюць увагу на маладых футбалістаў у самых розных краінах.

Даведаліся некаторыя дэталі сітуацыі.

Размовы пра тое, што 18-гадовы нападнік можа з'ехаць за мяжу, гучаць ад лістападу 2024-га. Агент Малік Аруцюнян распавёў, што Мельнічэнка на алоўку ў многіх еўрапейскіх клубаў. Да таго моманту форвард ужо быў сярод тых, на каго Вадзім Скрыпчанка разлічваў ва ўсіх турнірах. У 17 паспеў дэбютаваць за зборную Беларусі, стаўшы самым маладым гульцом у яе гісторыі. 11 снежня з'явілася інфармацыя, што Мельнічэнка знаходзіцца ў шорт-лісце балгарскага «Лудагорца». Больш за тое, СМІ паведамлялі, што балгары да таго моманту сачылі за форвардам больш за год – яшчэ ад юнацкай Лігі чэмпіёнаў у 2023 годзе. Тады балгары нават рабілі прапанову «Дынама», але атрымалі адмову. І вось нібыта восенню 2024-га «Лудагорац» ізноў выйшаў на мінчукоў. Цікава, што мінулым летам Мельнічэнка правёў два матчы супраць «Лудагорца» ў кваліфікацыі Лігі чэмпіёнаў і ў сустрэчы ў адказ зрабіў перадачу на пераможны мяч, які забіў Іван Бахар (1:0). Акрамя таго існавала цікавасць з боку некалькіх клубаў з РПЛ.

Ну а цяпер з'явілася інфармацыя, што Мельнічэнка можа папоўніць склад 30-разовага чэмпіёна Партугаліі.

Паводле нашай інфармацыі, беларус сапраўды блізкі да пераходу ў «Порту». Партугальскі клуб ужо зрабіў афіцыйную прапанову, даслаўшы ў «Дынама» адпаведныя дакументы. Сам гулец у тэрміновым парадку перапыніў адпачынак (з 3 студзеня адпачываў у Тайландзе), каб прайсці ў партугальцаў медагляд.

Калі «Порту» пачаў праяўляць цікавасць да нападніка, нам дакладна даведацца не ўдалося, аднак нашыя суразмоўцы, якія ў курсе сітуацыі ў «Дынама», адзначаюць, што скаўты партугальскага клуба на матчах ЧБ ні разу не былі заўважаныя. Хутчэй за ўсё, інтарэс узнік дзякуючы выступам форварда ў еўракубках і таму, што Мельнічэнка прымусіў пра сябе гаварыць як самы малады дэбютант зборнай. Так ці інакш, «Порту» гатовы забраць футбаліста, а «Дынама» і не супраць.

Што тычыцца кошту, то, паводле нашых звестак, трансфер гульца можа прынесці мінчукам каля 350 тысяч еўраў – у выхаванца «Дынама» на руках дзейны кантракт. «Лудагорац» прапаноўваў прыкладна такую ж суму, але тады здзелка не адбылася – па якой прычыне, нам не вядома.

– «Порту» шукае па ўсім свеце маладых таленавітых гульцоў, за якіх калі і трэба плаціць, то няшмат, а потым перапрадае іх за куды большыя сумы, нават за мільёны. Мельнічэнка, падобна, стаў адной з такіх знаходак для партугальцаў. Я б сказаў, што гэты магчымы трансфер на перспектыву, каб зарабіць, – на ўмовах ананімнасці падзяліўся сваім меркаваннем трэнер, які перасякаўся з нападнікам.

Ці здольны Мельнічэнка праявіць сябе ў топ-клубе? Спецыялісты, з якімі мы пагутарылі, упэўненыя, што так, у першую чаргу звяртаючы ўвагу на ментальную сталасць і ўпэўненасць форварда ў сабе, нягледзячы на ўзрост.

– Гэта вельмі ўпэўнены ў сабе гулец. Прысутнічае нават трохі самаўпэўненасці, але галоўнае, каб яе не было шмат. Ён ведае, чаго хоча ад кар'еры, у яго велізарнае жаданне дасягнуць высокіх мэтаў. Каб не згубіцца за мяжой, трэба быць камунікабельным, камунікаваць з гульцамі і трэнерамі. Не ведаю, што ў Трафіма з англійскай, але ў «Дынама», ва ўсіх калектывах, дзе ён гуляў, хлопец заўсёды вельмі хутка знаходзіў агульную мову з партнёрамі і трэнерамі, заўсёды заставаўся на пазітыве. Што тычыцца гульнявых якасцяў, то гэта тэхнічны, хуткі, напорысты форвард. І, галоўнае, яму ўсё адно супраць каго гуляць – аўтсайдар або топ-клуб. Ён не баіцца нікога. І гэта, упэўнены, павінна адыграць вялікую ролю пры адаптацыі ў «Порту» і чэмпіянаце Партугаліі. Ну і трэба адзначыць, што да сваёй справы ён падыходзіць максімальна прафесійна: на трэнінгах працуе ад і да, выкладваецца на 200 адсоткаў, залётаў і парушэнняў рэжыму за ім не заўважалася, – адзначае наш суразмоўца, знаёмы са справамі ў «Дынама».

У мінулым сезоне Мельнічэнка правёў за асноўны склад мінчукоў 37 матчаў ва ўсіх турнірах (19 – з першых хвілін), забіў тры мячы (два ў ЧБ і адзін у Кубку Беларусі) і зрабіў пяць асістаў. Была і чырвоная картка, калі ў матчы з ХІКам у Лізе канферэнцый вынес мяч рукамі з пустой брамы, ну а потым Фёдар Лапавухаў адбіў пенальці.

Асноўнае амплуа Мельнічэнкі – цэнтральны нападнік (33 матчы за «Дынама» на гэтай пазіцыі). Аднак Скрыпчанка некалькі разоў выпускаў гульца і на флангах – як левага і правага вінгера.

– Як па мне, Трафім усё ж не ярка акрэслены цэнтральны нападнік, – у верасні дзяліўся меркаваннем з «Трыбунай» спецыяліст, знаёмы з форвардам. – Яму больш пасуе роля адцягнутага нападніка, таму што ён класна дзейнічае з глыбіні, бачыць моманты, можа аддаць пас на форварда, які ўрываецца ў штрафную. У гэтым плане Мельнічэнка сапраўды файны.

На сёння галоўны трэнер «Порту» Вітар Бруну можа разлічваць на траіх намінальных цэнтральных нападнікаў. 20-гадовы іспанец Саму Амарадыён прыйшоў з мадрыдскага «Атлетыка» за 15 мільёнаў еўра ў жніўні 2024-га і з тых часоў правёў за «драконаў» 21 матч (18 галоў, 2 перадачы). У чэмпіянаце Партугаліі Амарадыён ідзе другім у спісе бамбардзіраў з 13 мячамі.

Таксама ў ролі цэнтрфорварда выступае 24-гадовы англічанін Дэні Лаўдэр, які гуляе за першую каманду «Порту» з ліпеня 2022-га (усяго 85 матчаў, 13 галоў і 9 асістаў). У сезоне-2024/25 – 21 матч, 3 галы. Ёсць яшчэ 20-гадовы швед (але мае і турэцкае грамадзянства) Дэніз Гюль. У «Порту» ён са жніўня 2024-га, згуляў 7 матчаў і адзначыўся 2 галамі.

Дадамо, што цяпер «драконы» ідуць у чэмпіянаце Партугаліі другімі, адстаючы ад «Спортынга» на адзін бал, пры гэтым правёўшы на адзін матч менш (16). Асноўная гульнявая схема «Порту» ў сезоне – 4-2-3-1 (20 матчаў з 26 ва ўсіх турнірах).

Калі Мельнічэнка ўсё ж перабярэцца ў гэты топ-клуб, то стане другім форвардам, які за апошні год перайшоў з «Дынама» ў Д1 Партугаліі . У студзені 2024-га кантракт з «Арокай» падпісаў 24-гадовы Уладзіслаў Марозаў. Праўда, пакуль яго справы на Пірэнейскім паўвостраве складваюцца не найлепшым чынам: 15 матчаў (пяць у старце) і без выніковых дзеянняў.

Фота: dinamo-minsk.by

Евгений Марков
У парня виден потенциал. Пусть трансфер будет успешным.
Адказаць
2
Саўгас Гарадзец
не веру! пахожа на игры агенцишак
Адказаць
0