Tribuna/Футбол/Блогі/Беларусский футбол/Як Сяднёва ўсё ж угаварылі ў Брэсце: заробак у разы меншы, чым хацелася, але ёсць важныя гарантыі

Як Сяднёва ўсё ж угаварылі ў Брэсце: заробак у разы меншы, чым хацелася, але ёсць важныя гарантыі

А медалі павялічаць даход.

Аўтар — bytribuna com
Як Сяднёва ўсё ж угаварылі ў Брэсце: заробак у разы меншы, чым хацелася, але ёсць важныя гарантыі

Паводле інфармацыі «Трыбуны», у бліжэйшы час Аляксандр Сяднёў афіцыйна ўзначаліць брэсцкае «Дынама», дзе яшчэ два месяцы таму пачалі перамовы з трэнерам. Як нам удалося даведацца, коўч знізіў зарплатныя апетыты, затое атрымаў патрэбныя яму гарантыі ў іншым аспекце. Раскажам падрабязней, як Сяднёў усё ж прыходзіць у Брэст.

У лістападзе «Трыбуна» ўжо паведамляла, што трэнер прыязджаў на захад Беларусі і размаўляў наконт кантракту на 2025-ы з гендырам «Дынама» Аляксандрам Неўдахам і кіраўніком выканкама Лукашэнкі па Брэсцкай вобласці Пятром Пархомчыкам. Гэтыя двое верылі, што трэнер з тытуламі ў Казахстане зможа выканаць новую задачу брастаўчан – узяць другое ў гісторыі чэмпіёнства. Аднак Сяднёў захацеў заробак каля 15 тысяч долараў у месяц, хоць па дзяржліміту максімум для галоўнага трэнера прыкладна ў пяць разоў меншы. Таму адразу дамовіцца не ўдалося.

Пасля гэтага Сяднёў разглядаў іншыя варыянты. У прыватнасці, цікавасць да трэнера праяўляў «Кайрат» – чэмпіён Казахстана-2024. Але ўсё ж кіраўніцтва клуба пакінула мясцовага трэнера Рафаэля Уразбахціна, які часова ўзначаліў каманду за шэсць тураў да канца мінулага сезона.

Таксама інсайдары паведамлялі, што цікавасць да Сяднёва ў Казахстане выяўлялі аўтсайдар Д1 «Туран» і пераможца Д2 «Іртыш». Па словах нашых суразмоўцаў з казахстанскага футбола, «Іртыш» і праўда ўключаў беларускага трэнера ў свой спіс кандыдатаў, аднак да прапановы не дайшло – дамовіліся з казахстанцам Кайратам Нурдаўлетавым. А вось навіна пра «Туран» была «укідам», проста каб Сяднёва лішні раз згадалі ў мясцовых СМІ.

Але гэта не асабліва дапамагло. Па словах нашых крыніц, у Сяднёва да 2025-га так і не з’явілася канкрэтных і прывабных прапаноў, таму коўч рызыкаваў застацца наогул без месца працы. Гэтым шмат у чым і абумоўленая выніковая згода трэнера ўсё ж узначаліць «Дынама». Як удалося даведацца «Трыбуне», у Брэсце не сталі спрабаваць абыходзіць ліміт, і трэнер не атрымае зарплаты большай, чым максімальна дазволеныя сёння 42 базавыя стаўкі (каля 3,25 тысячы долараў). Аднак спецыялісту паклалі бонусы і надбаўкі за дасягненне пастаўленых задач. Мінімальная з іх – фініш у топ-3 ЧБ-2025, але сваёй мэтай клуб па-ранейшаму ставіць чэмпіёнства.

Удалося дамовіцца і па яшчэ адным важным моманце. Неўдах і Пархомчык раней умешваліся ў працу каманды і трэнерскія пытанні, чаго Сяднёў не церпіць. Аднак цяпер, па нашых даных, яны паабяцалі, што ўсе пытанні па падборы выканаўцаў, выбары складу і гэтак далей будуць выключна за новым трэнерам – ніхто раіць і ўказваць яму не будзе. Па словах нашых крыніц, нядаўні навічок «Дынама», 28-гадовы беларускі абаронца Мікіта Сцяпанаў, апынуўся ў Брэсце ўжо пры непасрэдным удзеле Сяднёва.

Як у нас атрымалася даведацца, у калектыве, які выйдзе з адпачынку 10 студзеня, новага трэнера ўспрымаюць неадназначна. З аднаго боку, у камандзе ёсць радасць, што прыйшоў моцны па беларускіх мерках трэнер. З іншага боку, гульцы разумеюць, што Сяднёў вельмі патрабавальны як у гульнявым плане, так і ў бытавым.