Tribuna/Футбол/Блогі/Беларусский футбол/Чаму Лапавухаў выбраў не «Спартак» у Расіі, а ЦСКА ў Балгарыі: некалькі інсайдаў пра перамовы

Чаму Лапавухаў выбраў не «Спартак» у Расіі, а ЦСКА ў Балгарыі: некалькі інсайдаў пра перамовы

Гэтыя фактары пераканалі найлепшага гульца Беларусі.

Аўтар — bytribuna com
20 студзеня, 18:00
2
Чаму Лапавухаў выбраў не «Спартак» у Расіі, а ЦСКА ў Балгарыі: некалькі інсайдаў пра перамовы

19 студзеня балгарскія медыя сталі пісаць, што ў найбліжэйшыя дні сафійскі ЦСКА прадставіць беларускага брамніка Фёдара Лапавухава. Напярэдадні ж паведамлялася, што найлепшы футбаліст Беларусі-2024 далучыцца да «армейцаў» на зборах у Турцыі. Мінскае «Дынама» адразу атрымае за 21-гадовага гульца 650 тысяч еўра, але сума можа вырасці да 1 мільёна дзякуючы бонусам.

Паводле інфармацыі «Трыбуны», пераход Лапавухава ў новы клуб вось-вось адбудзецца – проста цяпер вырашаюцца апошнія фармальнасці. Мы даведаліся, чаму беларус зрабіў выбар на карысць балгарскага варыянту.

У апошнія тыдні галкіпера зборнай Беларусі звязвалі і з расійскімі ЦСКА, «Спартаком» і «Растовам», і з іспанскім «Вальядалідам», і з дацкім «Капенгагенам», і з бельгійскім «Гентам». «Спартак» прапаноўваў штомесячны заробак у 10 тысяч долараў, а іспанцы былі гатовыя заплаціць за трансфер 200 тысяч еўра, што не задавальняла беларускі клуб. Усе гэтыя варыянты адпалі па тых ці іншых прычынах. У пачатку студзеня стала вядома, што Лапавухаў блізкі да пераходу ў ЦСКА з Сафіі. Якраз тут усё і «зраслося».

Паводле нашай інфармацыі, балгары звярнулі ўвагу на брамніка ў пачатку восені 2024-га. 5 верасня зборная Беларусі праводзіла ўмоўна хатні матч Лігі нацый з Балгарыяй. 90 хвілін у той сустрэчы адгуляў Лапавухаў – дапамог камандзе здабыць нулявую нічыю. Для брамніка то быў дэбют за зборную ў афіцыйных матчах (і другая гульня ў прынцыпе – да таго было дзесяць хвілін у спарынгу супраць Расіі).

Галкіпер пацягнуў восем балгарскіх удараў у створ і атрымаў самую высокую ацэнку ад flashscore сярод усіх удзельнікаў сустрэчы – 8,2. З той пары скаўты і трэнеры сафійскага ЦСКА пачалі больш пільна сачыць за беларусам: адглядалі яго сустрэчы за «Дынама» і ў чэмпіянаце, і ў еўракубках. Па нашых звестках, прадстаўнікі балгарскага клуба выбіраліся на некаторыя гульні мінчукоў у Лізе канферэнцый і зборнай Беларусі.

У пачатку 2025-га ЦСКА ўступіў у актыўныя перамовы. У «Дынама» быў адпраўлены афіцыйны запыт, а з футбалістам асабіста звязваліся трэнер брамнікаў «армейцаў» Тодар Кючукоў і галоўны трэнер Аляксандр Тамаш. Брамніку фактычна было абяцанае месца першага нумара, што асабліва зацікавіла Лапавухава.

Паводле нашых звестак, канкрэтныя прапановы па беларусу паступалі і ад «Спартака», і ад «Растов», і там давалі добрыя грошы як самому футбалісту, так і мінскаму клубу, але прысутнічала вялікая рызыка застацца без гульнявой практыкі. У «Спартаку» дык увогуле далі зразумець, што безумоўным першым нумарам прынамсі ў бліжэйшы час будзе выхаванец клубнай акадэміі і брамнік зборнай Расіі Аляксандр Максіменка – беларусу ж прапаноўвалі пасядзець за спінай, але пры гэтым неяк давесці сваё права на месца ў складзе праз канкурэнцыю. Балгары ж ледзь не прамым тэкстам паведамілі, што бачаць Лапавухава асноўным.

Беларус мусіць стаць заменай першаму нумару ЦСКА бразільцу Густава Бусата. 34-гадовы брамнік выступае за «армейцаў» з ліпеня 2019-га і з той пары правёў 197 матчаў (153 прапушчаных мячы, 97 «сухароў»). Паводле звестак балгарскіх і бразільскіх СМІ, Бусата неўзабаве вернецца на Радзіму і папоўніць склад «Грэміа». Беларус жа заключыць з ЦСКА доўгатэрміновы кантракт.

Канкураваць з беларусам будуць балгары – 25-гадовы Іван Дулгераў і 30-гадовы Марын Арлінаў. Першы ў ЦСКА з ліпеня 2024-га і правёў 11 матчаў (13 прапушчаных мячоў, тры «сухары»), а яго старэйшы калега належыць «армейцам» з ліпеня 2023-га, аднак за аснову ЦСКА ўсё яшчэ не правёў ні хвіліны – выступае за ЦСКА-II у другой лізе (18 матчаў, 14 прапушчаных мячоў, 9 «сухіх» сустрэч).

Што тычыцца фінансавага боку здзелкі, то «Дынама» сапраўды атрымае каля 650 тысяч еўра. Раней у сеціве праходзіла інфармацыі пра жаданне мінчукоў зарабіць на выхаванцы мінімум 500 тысяч – так што план нават перавыкананы. Што тычыцца непасрэдна брамніка, то, паводле нашых звестак, у яго ў «Дынама» быў максімальны заробак не для зборніка – блізу пяці тысяч рублёў (прыкладна 1,5 тысячы долараў) да выліку падаткаў. Балгары ж, паводле інфармацыі «Трыбуны», будуць плаціць больш за 10 тысяч долараў да ўтрымання падаткаў.

Акрамя абяцанай гульнявой практыкі Лапавухава ў варыянце з ЦСКА прыцягнула тое, што руская і балгарскую мовы месцамі даволі падобныя. Хоць брамнік палепшыў сваю англійскую і працягвае яе вывучаць. Яшчэ стымулам адправіцца ў Сафію стала сур'ёзная зацікаўленасць з боку балгарскіх трэнераў.

Паводле інфармацыі «Трыбуны», перамовы вяліся дыстанцыйна. Лапавухаў пасля заканчэння адпачынку трэнаваўся з «Дынама», але ў апошнія дні пераключыўся на звальненне з клуба. Некалькі дзён таму футбаліст сустрэўся з так званым міністрам спорту Сяргеем Кавальчуком, які курыруе сталічны клуб. Такія сустрэчы не праводзяцца з кожным з тых, хто пакідае «Дынама». З Лапавухавым жа яна адбылася па ініцыятыве самога Кавальчука – адыёзны лукашыст захацеў асабіста хацеў развітацца з маладым і таленавітым гульцом.

Олег Живица
Надеюсь Федя там долго не задержится, он способен на большее. Клуб не плохо заработал. Но когда усиливаться будем?
Адказаць
2
колясик
зачем опять политику притягивать????!!!!
Адказаць
1