У «Дняпро» хацелі звольніць Радушку, але ён узяўся бараніць свае правы – і закон (!) пакуль на яго баку
Але чынушы не збіраюцца здавацца.
З 13 студзеня «Днепр» рыхтуецца да сезона ў Д2. Ідуць трэнінгі, ужо запланаваныя спарынгі, аднак за апошнія тыдні з Магілёва прыйшло шмат цікавых навін: галоўны трэнер Алег Радушка захаваў пасаду, хоць яму на змену ўжо запрасілі былога галоўнага «Шахцёра» Станіслава Суворава, плануецца змена старшыні клуба, а федэрацыя зняла трансферны бан. Разбіраемся, што адбываецца ў калектыве.
Радушка хацелі прыбраць, але на баку трэнера аказаўся....закон!
«Дняпро» па выніках сезона-2025 у чарговы раз пакінуў вышэйшую лігу. Не дапамагла і змена трэнера ў сярэдзіне сезона – 19 ліпеня замест Вячаслава Герашчанкі, пры якім была здабытая ўсяго адну перамога ў 15 матчах, каманду ўзначаліў Алег Радушка. Да таго спецыяліст год правёў без працы пасля таго, як пакінуў зборную Беларусі разам з Георгіем Кандрацьевым. Але і з Радушкам «Днепр» не стаў паспяховым: дзве перамогі і чатыры нічыі ў 15 турах. 8 лістапада, пасля паразы ад «Віцебска» ў 28-м туры, магілёўцы датэрмінова развіталіся з элітным дывізіёнам. Вылет стаў шостым у гісторыі «Дняпра».
Почему «Днепр» постоянно вылетает в Д2? Есть вопросы по финансам и чехарда с тренерами, но не только
25 снежня інсайдары паведамілі, што Радушка пакіне магілёўскі клуб і што замест яго будзе запрошаны Станіслаў Сувораў, якога звольнілі з «Шахцёра» ў пачатку верасня 2024-га.
І сапраўды, такое развіццё падзей было вельмі блізкім. Кіраўнікі яшчэ да выхаду каманды з адпачынку паведамілі Радушку, што з ім далей супрацоўнічаць не плануюць. 13 студзеня «Дняпро» правёў першы трэнінг у 2025 годзе, кіраваў ім Сувораў. Больш за тое, па нашых звестках, да таго моманту спецыяліст, нават не маючы афіцыйнага прызначэння, ужо заняўся планаваннем перадсезонкі і пачаў запрашаць футбалістаў на прагляд. Пры гэтым па паперах галоўным трэнерам заставаўся 58-гадовы Радушка – і ён вырашыў адстойваць свае правы.
Трэнер паведаміў кіраўніцтву, што па ўласным жаданні сыходзіць не збіраецца – і нагадаў пра кантракт, які дзейнічае да канца 2025 года. Радушка прапаноўваў яго звольніць, але з выплатай клубам кампенсацыі. Гаворка, паводле нашых звестак, ішла прыкладна пра 15 тысяч рублёў – гэта тры заробкі спецыяліста ў Магілёве. У клубе аддаваць такія грошы не захацелі – у выніку з 17 студзеня Радушка і працягвае кіраваць калектывам, а вось Сувораў, правёўшы некалькі заняткаў, знік.
Праз усе гэтыя падзеі некалькі гульцоў, якія прыбылі на прагляд, зʼехалі, бо адгукнуліся на запрашэнне Суворава. Што гэта былі за гульцы, нам даведацца не ўдалося, аднак Радушка сутыкнуўся з тым, што яму ў тэрміновым парадку трэба фармаваць ростар.
Спецыяліст не можа разлічваць на дапамогу Віталя Булыгі, які другую частку сезона-2025 прапрацаваў у «Дняпры» спартыўным дырэктарам – у пачатку года той перабраўся на аналагічную пасаду ў «Мінску». Па звестках нашых крыніц, першачарговую ролю ў зʼяўленні Булыгі ў структуры мінчукоў адыгралі рэжымныя спартыўныя ўлады сталіцы, якія курыруюць клуб. Нібыта босу «Мінска» Сяргею Лушчыку паступіла ўказанне зверху ўзяць на пасаду спартыўнага дырэктара менавіта Булыгу. Чаму на гэтага спецыяліста звярнулі ўвагу, нашыя суразмоўцы і не ведаюць.
Палягчае Радушку пошук патэнцыйных навічкоў тое, што АБФФ 14 студзеня зняла з «Дняпра» трансферны бан. Ён быў накладзены ў лістападзе 2024-га праз рознагалоссі магілёўцаў са «Смаргонню» па пытанні выплаты кампенсацыі за навучанне і падрыхтоўку абаронцы Іллі Балтрушэвіча. Але да сярэдзіны студзеня, паводле нашых звестак, бакі ўрэгулявалі пытанне, і АБФФ прыбрала абмежаванні.
Ну а калі вяртацца непасрэдна да працы Радушкі, то, як нам удалося даведацца, будучыня трэнера ўсё адно пад вялікім пытаннем. Будучы новы старшыня клуба Дзмітрый Чыгір мае намер пазбавіцца спецыяліста і прызначыць Суворава (па нашых звестках, менавіта Чыгір ініцыяваў запрашэнне экс-«гарняка»).
Новыя куратары ФК хочуць паставіць у клуб свайго чалавека
Пра тое, што ў магілёўскім клубе можа змяніцца старшыня, інсайдары паведамлялі ў канцы снежня, а праз пару тыдняў зʼявілася навіна пра тое, што новым кіраўніком можа стаць дырэктар Магілёўскага абласнога цэнтру па лёгкай атлетыцы і гульнявых відах спорту «Алімпіец» Дзмітрый Чыгір.
Пакуль жа, па нашых звестках, экс-пракурор Сяргей Капытаў афіцыйна сваё месца не пакінуў (усё яшчэ значыцца на сайце клуба), але і абавязкі фактычна ўжо не выконвае – звальненне зʼяўляецца пытаннем часу. Хай і неафіцыйна, але, як кажуць нашыя крыніцы, менавіта Чыгір ужо руліць працэсамі.
Прызначэнне адбудзецца паралельна з пераходам клуба пад патранаж выканкаму Лукашэнкі па Магілёўскай вобласці. Яшчэ ў снежні 2024-га намеснік начальніка ўпраўлення спорту і турызму рэжымнага аблвыканкаму Вадзім Брэжазінскі заявіў, што клуб зменіць падпарадкаванасць. Тады яшчэ існавала імавернасць, што Капытаў захавае пасаду, аднак, паводле нашых звестак, сёння гэта практычна выключана – новыя кіраўнікі паставяць Чыгіра.
Як кажуць нашыя крыніцы, знаёмыя з сітуацыяй, Капытава прыбіраюць па дзвюх прычынах. Першая – пры ім «Дняпро» вылецеў з вышэйшай лігі. Другая – аблвыканкам хоча бачыць у руля «свайго» чалавека, як выказаліся нашы суразмоўцы, больш залежнага, з якім ужо наладжаная супраца. Спарткомплекс «Алімпіец», дырэктарам якога быў Чыгір, якраз падпарадкоўваецца абласным уладам.
Чыгіру 41 год. Ён нарадзіўся ў Магілёве, пасля школы вучыўся ў мясцовым універсітэце імя Куляшова на факультэце фізічнага выхавання па спецыяльнасці «Фізічная культура. Асновы лячэбнай фізічнай культуры»» Мяркуючы па статусах у сацыяльных сетках, Чыгір не жанаты, але мае дваіх непаўналетніх сыноў.
Можна заўважыць, што Чыгір не толькі кіруе «алімпійцам», але і сам актыўна займаецца спортам. Хапае фатаграфій са спаборніцтваў і трэнінгаў па паўэрліфцінгу.
Яшчэ Чыгір гуляе ў настольны тэніс, бегае марафоны, катаецца на лыжах. Актыўна падтрымлівае баскетбольны «Барысфен» (прысутнічае на матчах у клубнай форме) і калектыў па пляжным футболе. У 2023 годзе Чыгір ездзіў у Санкт-Пецярбург на турнір пляжнікаў ў закрытых памяшканнях InterСup як кіраўнік зборнай клубаў, хоць па факце туды паехала каманда Магілёўскага цэнтра алімпійскага рэзерву (і стала шостай сярод васьмі ўдзельнікаў).
Па выніках 2022 года «Алімпіец» у асобе Чыгіра атрымаў дыплом ад абласных уладаў «за дасягненне найлепшых паказнікаў у вытворчай, сацыяльна-культурнай, спартыўнай і іншай дзейнасці». І яшчэ адзначым, што прозвішча Чыгіра значыцца сярод падпісантаў ліста спартоўцаў у падтрымку дыктатуры.
Фота: fc-dnepr.by, сацыяльныя сеткі Дзмітрыя Чыгіра