Казалі, экс-галоўны трэнер «Дынама» Брэст некалькі месяцаў правядзе ў лякарні, а ён ужо працуе – вось як у яго атрымалася
Усё было вельмі сур'ёзна.
14 студзеня гульцы і трэнеры брэсцкага «Дынама» сустракаліся з начальнікам упраўлення спорту і турызму выканкаму Лукашэнкі па Брэсце Юрыем Хомічам з нагоды так званых «выбараў» прэзідэнта (фактычна ж – перапрызначэнню Аляксандрам Лукашэнкам самога сябе на пасаду). І на ёй быў заўважаны экс-галоўны трэнер каманды Сяргей Кавальчук, які прапрацаваў у калектыве практычна ўвесь мінулы сезон, але за пару тураў да канца па стане здароўя пакінуў пасаду. Пазней высветлілася, што Кавальчук перанёс тэрміновую аперацыю на сэрцы. Медыкі прагназаваў, што ён правядзе ў лякарні некалькі месяцаў. Але аднаўленне пайшло куды хутчэй. Але ж сітуацыя між іншым магла скончыцца трагедыяй.
13 лістапада 2024 года «Дынама» паведаміла, што Кавальчук па медычных прычынах не дапаможа камандзе ў канцоўцы сезона. Яго замяніў памочнік Аляксандр Дзямешка, атрымаўшы статус выканаўцы абавязкаў. Дзямешка і скончыў чэмпіянат. А Кавальчук, як пазней даведаталася «Трыбуна», перанёс інфаркт і быў праапераваны. Па прагнозах, рэабілітацыя ў лякарні пад наглядам магла зацягнуцца на некалькі месяцаў.
Што ж тады здарылася? Па-першае, сэрца і раней нагадвала пра сябе Кавальчуку, якому ў снежні споўніўся 51 год. Па звестках крыніц, не раз і не два трэнер звяртаўся да лекараў, праходзіў абследаванні праз непрыемныя адчуванні. Аднак сурʼёзных праблем медыкі не знаходзілі. А вось лістападаўская сітуацыя аказалася куды больш сурʼёзнай і магла прывесці да трагедыі.
9 лістапада «Дынама » прымала БАТЭ і перамагло 2:0. Тады брастаўчане яшчэ мелі шанцы на медалі і поспех быў вельмі важны. Гульня, як кажуць нашы суразмоўцы, знаёмыя з сітуацыяй, выклікала шмат эмоцый у Кавальчука. Натуральна, станоўчых – спецыяліст разам з калектывам радаваўся і адразу пасля матчу, і ў распранальні.
Аднак сустрэча забрала шмат нерваў, што адбілася на трэнеры. Проста ў распранальні ён адчуў сябе дрэнна, і некаторыя гэта заўважылі. Кавальчуку прапанавалі дапамогу, але ён адмовіўся, запэўніўшы, што ўсё будзе добра. Аднак ужо на наступны дзень трэнер зноў пачуваўся дрэнна і таму ўсё ж вырашыў звярнуцца ў лякарню, прычым адправіўся туды самастойна.
Па выніках абследавання лекары прыйшлі да высновы, што Кавальчук пасля матчу з БАТЭ на нагах перанёс інфаркт. Было вырашана ў максімальна сціслыя тэрміны правесці аперацыю па шунтаванні, каб стварыць дадатковы шлях крыві ў абыход паражоных сасудаў.
Па словах нашых суразмоўцаў, лекары далі зразумець трэнеру, што ён прыехаў вельмі своечасова. У выпадку прамаруджання быў магчымы смяротны зыход. Аперацыя аказалася нескладанай і прайшла паспяхова, аднак медыкі мелі намер трымаць Кавальчука пад наглядам некалькі месяцаў. Пра такія вялікія тэрміны рэабілітацыі пісалі ў СМІ, нашыя крыніцы таксама пацвярджаюць, што пра такі час першапачаткова вялася размова.
Наогул, у лякарні пасля шунтавання пацыенты знаходзяцца ад некалькіх тыдняў да некалькіх месяцаў. Кавальчуку ж насуперак прагнозам удалося вярнуцца дадому прыкладна праз месяц пасля аперацыі, у снежні мінулага, нават да свайго дня нараджэння, які спецыяліст адзначаў 16-га чысла.
Кіраўніцтва клуба, па нашых звестках, дало спецыялісту час пабыць удома, з сямʼёй, канчаткова прыйсці ў сябе. А ўжо ў пачатку 2025-га, пасля святаў, Кавальчук вярнуўся да працы – толькі ўжо не на трэнерскі масток. Цяпер экс-настаўнік «Дынама» ўзначальвае ў клубе аддзел дзіцяча-юнацкага футбола. На ролю куратара моладзевага футбола ён вяртаўся ў «Дынама» і ў жніўні 2024-га, але пасля звальнення Аляксандра Бразевіча зноў стаў галоўным трэнерам.
Як кажуць нашыя крыніцы, цяпер спецыяліст пачуваецца выдатна – ужо нішто не нагадвае пра сітуацыю, якая магла прывесці да куды больш цяжкіх наступстваў.