Tribuna/Футбол/Блогі/Беларусский футбол/Жаночы футбол Беларусі працягвае ехаць у Расію – і гэта зразумела: там і грошы (даведаліся сумы), і зборы за мяжой

Жаночы футбол Беларусі працягвае ехаць у Расію – і гэта зразумела: там і грошы (даведаліся сумы), і зборы за мяжой

Нават прамяняць лідара ЧБ на суседскага аўтсайдара – нядрэнны варыянт.

Аўтар — bytribuna com
13 лютага, 06:11
Жаночы футбол Беларусі працягвае ехаць у Расію – і гэта зразумела: там і грошы (даведаліся сумы), і зборы за мяжой

У цяперашняе міжсезонне беларускія футбалісткі зноў актыўна едуць з ЧБ у расійскія клубы – прычым гэта сераднякі і аўтсайдары чэмпіянату суседняй краіны. Але і ў такіх калектывах даюць нашмат больш выгадныя ўмовы, чым у топах Беларусі. «Трыбуна» расказвае, пра якія сумы ідзе гаворка.

Год таму мы ўжо звярталі ўвагу на тое, што з жаночага белфутбола павялічыўся адток футбалістак у Расію.

Узровень жаночага ЧБ застаецца нізкім. За чэмпіёнства змагаюцца дзве каманды – «Мінск», які браў золата з 2013-га па 2019-ы, і «Дынама-БДУФК», якое ўзнікла ў 2020-м і з тых часоў не аддае тытул. Хоць у 2024-м паміж гэтымі камандамі была самая вострая спрэчка за пяць гадоў – спатрэбіўся «залаты матч».

Трэцяй у мінулым годзе гэтак жа традыцыйна стала «Зорка-БДУ», далей фінішавалі «Віцебск», Беларусь U-19 (гуляе як каманда ў ЧБ) і «Дняпро». Усе яны забілі 100 і больш мячоў за 30 тураў – таму што ёсць яшчэ пяць калектываў, якія ў цэлым проста існуюць на бюджэтныя сродкі і часцяком атрымліваюць разгромныя паразы.

Але ў Расію футбалісткі з’яжджаюць у асноўным з топавых каманд. І галоўная прычына тут не адсутнасць вялікай канкурэнцыі на Радзіме, а фінансы. Па словах знаўцаў сферы, з якімі мы пагутарылі, у апошнія гады ў жаночым футболе Беларусі з-за агульнай эканамічнай сітуацыі ў краіне назіраецца тэндэнцыя на памяншэнне заробкаў, якія і так не асабліва вялікія.

Паводле нашых даных, у мінулым сезоне ў гульцоў «Дынама-БДУФК» і «Мінска» зарплатны максімум складаў у раёне тысячы долараў да выліку падаткаў. Але такія грошы атрымлівалі адзінкі – толькі вядучыя беларускія выканаўцы і расіянкі. Афрыканскім легіянеркам, якія едуць у Беларусь у надзеі «засвяціцца» і пазней перабрацца заходней, плацілі куды менш. А ў сярэднім нават у топ-2 ЧБ даюць футбалісткам 400-500 долараў да выліку падаткаў – плюс забяспечваюць арэнду кватэр не мінчанкам, калі яны адмаўляюцца жыць на базе.

У астатніх камандах усё яшчэ горш. Па звестках «Трыбуны», у сераднякоў сярэдняя зарплата складае каля 300 долараў, а ў аўтсайдараў не заўсёды дацягвае і да сотні. Напрыклад, у перадапошняй камандзе ЧБ-2024 ДЮСШ-ПалесДУ, якая складалася ў асноўным са студэнтак паказанай у назве ВНУ, але здзівіла кантрактам з бразільянкай-кіперам, футбалісткі атрымлівалі каля 60 долараў да выліку падаткаў. У «Смаргоні», якая заняла ў мінулым сезоне апошняе месца, увогуле, як кажуць нашыя крыніцы, «гуляюць за ежу».

У суседзяў нават у аўтсайдарах можна зарабіць больш, чым у беларускім топ-2, ну а ўжо прабіцца ў серадняк – фінансавае дасягненне. З-за гэтага, па словах спецыялістаў з жаночага футбола, агенты і асабіста футбалісткі самі актыўна прапануюць свае паслугі клубам з Расіі. Там цяпер якраз не хапае футбалістак, а грамадзянкі Беларусі не з’яўляюцца легіянеркамі. Таму з ЧБ актыўна бяруць навiчкоў, прычым складаюць кантракты не менш чым на два гады, каб засцерагчы сябе ад праблем з камплектаваннем у будучыні. Плюс у каманд з Расіі цяпер праходзяць замежныя зборы – у асноўным у Турцыі. Беларускія калектывы такога не бачаць – тут і ў мужчынскім футболе нікога ўжо не выпускаюць.

Дык што па грошах? Як удалося даведацца, аўтсайдары ЧР гатовыя плаціць 700-1000 долараў да выліку падаткаў, плюс даюцца пэўныя бонусы і закрываецца арэнда. З такіх клубаў апошні ў мінулым годзе «Рубін» падпісаў найлепшага форварда ЧБ-2024 Караліну Жытко з «Дняпра» (35 мячоў за розыгрыш, яе ў апошнім туры дэкатрыа-трыкам абагнала Кацярына Фралова), у перадапошнія «Крылы Саветаў» з «Мінска» прыйшла паўабаронца Надзея Васкабовіч, а абаронца Дар’я Іванчык перабралася з «Зоркі-БДУ» ў «Енісей» з 10-га з 13 месцаў ЧР-2024.

У сярэдзіне табліцы чэмпіянату Расіі заробкі складаюць ужо пару тысяч долараў. Пермская «Зорка-2005» з шостага месца мінулага сезона прыцягнула, у прыватнасці, аўтара «залатога» гола «Дынама-БДУФК» у 2024-м паўабаронцу Настассю Магер і паўабаронцу «Зоркі-БДУ» Яну Рай. А маскоўскае «Дынама» з пятай пазіцыі ўзяло двух гульцоў з «Дынама-БДУФК» – паўабаронцаў Настассю Кавалёву і Ганну Сас.

У камандах топ-4, куды ўваходзяць «Зеніт», ЦСКА, «Спартак» і «Лакаматыў», даюць вельмі шчодрыя заробкі – напрыклад, сербская абаронца ЦСКА Невена Дам’янавіч, па нашых даных, атрымлівае ў месяц крыху больш за 10 тысяч долараў да выліку падаткаў. Але беларускім футбалісткам плацяць менш – да 3 тысяч долараў да выліку падаткаў, – ды і бяруць толькі тых, хто быў на вядучых ролях у «Дынама-БДУФК» / «Мінску» і зборнай Беларусі. У цяперашняе міжсезонне туды з ЧБ ніхто не з’ехаў – а ўжо ёсць у складах брамніца Наталля Васкабовіч («Зеніт»), абаронцы Валерыя Богдан («Спартак»), Ганна Казюпа і паўабаронца Анастасія Ліннік (абедзве – «Лакаматыў»).

А што па еўрапейскіх краінах? Па нашых даных, у Венгрыi (куды, напрыклад, толькі што з’ехала з «Дынама-БДУФК» Анастасія Шупо) беларускія футбалісткі атрымліваюць 1,5-2 тысячы еўра. Адзіная прадстаўніца Беларусі ў Даніі, 21-гадовая нападаючая «Фартуны» Анастасія Пабегайла – адзін з лідараў каманды і атрымлівае больш за 2 тысячы еўра ў месяц. У Турцыі (нядаўна Карына Альховік з «Фенербахчэ» распавядала, што прыцягвае шмат увагі мясцовых мужчын праз светлыя валасы) лічбы супастаўныя з расійскімі топамі.

Як кажуць нашыя крыніцы, еўрапейскія клубы ў цэлым сочаць за дзяўчынамі ў ЧБ. Аднак часта на Захадзе ўсё ж не хочуць займацца бюракратычнымі пытаннямі дзеля пераходу ўладальніц беларускага пашпарта.