Экс-гулец зборнай Беларусі пасля комы нядоўга быў цацам – і зноў трапіў у рэанімацыю. На полі яго чакаць не варта
Былыя калегі не кінулі ў бядзе.
Футбольны трэнер Сяргей Яромка нядаўна распавёў пра тое, што ў экс-гульца зборнай Беларусі Антона Сарокі зноў узніклі праблемы са здароўем, якія прывялі ў рэанімацыю. Па словах трэнера, 32-гадовы ўраджэнец Мінска, які ў свой час выступаў за мінскае «Дынама» і БАТЭ, развітаўся з надзеяй вярнуцца ў футбол як гулец.
Даведаліся, што здарылася з Cарокам і як ён пачуваецца.
Пра тое, што ў Сарокі сурʼёзныя медычныя праблемы, «Трыбуна» паведамляла ў пачатку траўня 2024 года. Тады экс-форвард трапіў у рэанімацыю праз панкрэатыт і з уласнай згоды быў уведзены ў медыкаментозную кому – так было прасцей выдаляць вадкасць, што запоўніла лёгкія. Праз пару тыдняў спартсмена выпісалі.
У жніўні 2024-га мы пісалі пра стан Сарокі. Нашыя крыніцы распавядалі, што ён узяўся за здароўе, трымаўся дыеты і прыводзіў сябе ў форму – хадзіў у басейн і сілоўню. Нават спадзяваўся вярнуцца ў вялікі футбол – на сувязь з ім выходзілі прадстаўнікі некалькіх прафесійных каманд і аматары з «медыялігі». Але спорту замінала старая траўма калена. У выніку ўсё абмяжоўвалася самастойнымі заняткамі, а вольны час Сарока прысвячаў жонцы, сыну Яраславу і пляменніцы Міі.
І вось на мінулым тыдні Яромка распавёў, што Сарока зноў пабываў у рэанімацыі.
Па нашых звестках, чарговыя непрыемнасці з 32-гадовым Сарокам адбыліся ў пачатку восені-2024. Як распавядаюць нашыя крыніцы, футбаліст толькі першы час пасля выпіскі быў прыхільнікам здаровага ладу жыцця, але ў нейкі момант ізноў пачаў ужываць алкаголь, і гэта ледзь не прывяло да сумных наступстваў. Сарока трапіў у рэанімацыю ў цяжкім стане, лекары рэальна змагаліся за яго жыццё. На шчасце, экс-гульца зборнай змаглі выцягнуць з таго свету. У лякарні Сарока правёў каля месяца.
Тым часам сябры і калегі сабралі, як распавёў Яромка, грошы на рэабілітацыю – атрымалася прыстойная сума, якую перадалі жонцы.
Пасля выпіскі, як распавялі нашы крыніцы, Сарока пачуваўся нядрэнна, голас у слухаўцы быў бадзёрым і жыццярадасным, што ўсяляла надзею на лепшае. Аднак пасля чарговага заезду ў рэанімацыю экс-футбаліст аказаўся пад пастаянным наглядам лекараў. І, па нашых звестках, зноў вярнуўся да здаровага ладу жыцця і правільнага харчавання. Суразмоўцы «Трыбуны», знаёмыя з сітуацыяй, спадзяюцца, што Сарока зрабіў высновы і больш «не будзе падвяргаць свой арганізм неапраўданай рызыцы».
Нашыя крыніцы згодныя з Яромкам, які кажа, што вяртанне Сарокі ў вялікі спорт у якасці гульца ўжо немагчымае. Як удалося даведацца, той пасля выпіскі закінуў самастойныя трэнінгі і не падтрымлівае форму ні ў залі, ні ў басейне. Па звестках крыніц «Трыбуны», Сарока хоча застацца ў футболе і нават паступіў на нейкія трэнерскія курсы, але грунтоўна займацца там перашкаджаюць праблемы са здароўем.
У выніку сёння экс-форвард зборнай ізноў засяроджаны на сямʼі: нідзе не працуе і ўвесь свой час прысвячае сыну і жонцы. І, як кажуць нашы суразмоўцы, «нікуды асабліва не ходзіць, ні з кім не сустракаецца».