«Легія» некалькі разоў паляпшала кантракт, пакуль Шкурын не пагадзіўся, медагляд доўжыўся больш за суткі і яшчэ дэталі пераходу беларуса
Летам мог паехаць з Польшчы, але не захацеў.
20 лютага варшаўская «Легія» афіцыйна паведаміла пра падпісанне трохгадовага кантракта з 25-гадовым беларускім нападаючым Іллём Шкурыным, які з лета 2023-га выступаў за іншую польскую каманду, «Сталь» з Мельца. Сума трансферу склала 1,5 млн еўра, а заробак форварда – 27 тысяч еўра чыстымі.
1,5 млн евро за Шкурина – не рекорд для Польши, но в топ-3 сделок. Вообще, «Легия» умеет быть щедрой
Нам жа ўдалося даведацца некаторыя іншыя дэталі здзелкі.
У польскія СМІ інфармацыя пра будучы пераход Шкурына пранікла 17 лютага сіламі галоўнага рэдактара партала meczyki.pl Томаша Уладарчыка, які назваў перамовы «няпростымі». Зрэшты, як удалося даведацца «Трыбуне», «Легія» выйшла на «Сталь» раней – прыкладна два тыдні таму, але ўжо пасля 6 лютага, калі скончыўся тэрмін дазаяўкі футбалістаў на плэй-оф Лігі канферэнцый, дзе сталічны клуб згуляе ў 1/8 фіналу. Аднак «Легію» не збянтэжыла немагчымасць выкарыстоўваць Шкурына ў Еўропе. Прапанова з Варшавы была канкрэтнай і адразу блізкай да 1,5 млн еўра. У працэсе людзям з Мельца ўдалося давесці суму да непасрэдна ўказанай, чым яны засталіся цалкам задаволеныя.
Больш складанымі аказаліся перамовы паміж «Легіяй» і самім гульцом разам з яго прадстаўнікамі. Першы кантракт не задаволіў бок футбаліста, хаця сума ўжо больш чым у два разы перавышала 8 тысяч еўра ў месяц, якія Шкурын меў у «Сталі». Варшавяне паляпшалі сваю прапанову, але яшчэ некалькі разоў атрымлівалі адмову. У выніку боку беларуса ўдалося дабіцца не толькі акладу ў згаданыя 27 тысяч еўра пасля выплаты падаткаў, але і пэўных бонусаў, якіх спачатку не прадугледжвалася.
17 лютага Шкурын прыехаў у Варшаву, а 18 і 19 лютага праходзіў там медагляд – два дні з 7 раніцы да 20 вечара. Да гэтага працэсу «Легія» падыходзіць вельмі педантычна, падрабязна правяраючы патэнцыйных навічкоў. Але ўсё скончылася паспяхова – і клуб адразу ж падпісаў канчатковы кантракт з футбалістам. Як публічна ўдакладніў агент Шкурына Валерый Ісаеў, гэта здарылася ў 22:30 19 лютага, няхай клуб і абвясціў усё толькі на наступную раніцу.
Форвард будзе выступаць пад 17-м нумарам. Як нам удалося даведацца, футбаліст адразу ж удакладніў, ці свабодныя гэтыя лічбы. Менавіта яны на спіне былі ў Шкурына ў «Энергетыку-БДУ», ізраільскім «Макабі» з Петах-Тыквы і «Сталі» – клубах, дзе гулец быў на вядучых ролях. Нумар аказаўся даступны і ў «Легіі».
Як і ў Мельцы, у Варшаве Шкурын сам будзе плаціць за жыллё, аднак у абодвух клубах менеджмент цалкам бярэ на сябе пошук – Шкурын абярэ прыдатную кватэру з набору падрыхтаваных варыянтаў. Па нашых даных, «Легія» таксама гатова даць футбалісту аўтамабіль.
У польскай прэсе цяпер таксама абмяркоўваюць, куды мог перайсці Шкурын да «Легіі». Па нашых даных, пасля заканчэння сезона-2023/24 форвардам цікавіўся грэцкі «Панацінаікос», але футбаліст і яго прадстаўнікі адмовіліся, таму што пасля топавага сезона за «Сталь» з 18 мячамі разлічвалі на прапановы з топ-5 ліг Еўропы. Бліжэй да сярэдзіны лета 2024-га на польскі клуб выходзіў азербайджанскі «Карабах», але сума трансферу не задаволіла Мелец.
Таксама, паводле нашай інфармацыі, да канца 2024-га некалькі прапаноў наконт перахода Шкурына рабіў адзін з лідараў чэмпіянату Польшчы «Ракаў». Але сам футбаліст абсалютна не хацеў вяртацца ў каманду, дзе правёў далёка не найлепшы этап сваёй кар’еры ў 2022 годзе – тым больш там да гэтага часу трэніруе Марэк Папшун, які пасылаў форварда ў дубль.