Tribuna/Футбол/Блогі/Беларусский футбол/У Салігорску ўсё ніяк не пачнуць банкруціць «Шахцёр», а замест яго ўжо ствараюць новы клуб. Вось хто будзе плаціць, гуляць і трэнаваць

У Салігорску ўсё ніяк не пачнуць банкруціць «Шахцёр», а замест яго ўжо ствараюць новы клуб. Вось хто будзе плаціць, гуляць і трэнаваць

Бос «Беларуськалія» пачаў эканоміць са спорту.

Аўтар — bytribuna com
1
У Салігорску ўсё ніяк не пачнуць банкруціць «Шахцёр», а замест яго ўжо ствараюць новы клуб. Вось хто будзе плаціць, гуляць і трэнаваць

У студзені 2025 года зʼявілася інфармацыя, што салігорскі «Шахцёр» рыхтуецца да працэдуры банкруцтва – каб не расплачвацца па велізарных даўгах, якія назапасіліся перад былымі футбалістамі. Запуск працэдуры планаваўся на 1 сакавіка. «Трыбуна» тады падрабязна распавядала, як дажывае адзін з флагманаў белфутбола: кантракты з футбалістамі і трэнерамі падаўжаліся толькі да канца лютага, усім рэкамендавалі шукаць новае месца працы.

І вось наступіла вясна, а адзіная навіна пра «Шахцёр» – тое, што клуб не падаў дакументаў на праходжанне ліцэнзавання для ўдзелу ў Д2, куды вылецеў па выніках мінулага сезону (хоць яшчэ ў лістападзе-2024 такія планы былі). Што цяпер адбываецца ў «гарнякоў»? Даведаліся падрабязнасці.

Замест «Шахцёра» ў Салігорску зʼявіцца новы клуб: вядомы трэнерскі штаб, пастаўленыя задачы

Пра тое, што ў «Шахцёра» ўсё максімальна кепска, стала зразумела пасля таго, як запланаваны спарынг з «Белшынай» (матч мусіў прайсці 25 студзеня) скасавалі праз недахоп гульцоў у салігорцаў. Тады ж зʼявілася навіна, што клуб рыхтуецца да працэдуры банкруцтва, каб не плаціць даўгі былым легіянерам клуба (у ФІФА да таго моманту паступіла 13 пазоваў, але на сёння іх ужо дзевяць). Пры гэтым каманда працягвала трэнавацца, няхай у ёй і заставалася менш за 20 футбалістаў. Паралельна гульцы і трэнеры шукалі новыя месцы – практычна ва ўсіх былі заключаныя кантракты да канца лютага.

Да апошняга тыдня лютага ў намінальна асноўнай камандзе засталася лічаная колькасць спартсменаў. Сышлі масажысты, лекары, адміністратар, 21 лютага каманду па заканчэнні кантракту пакінуў памочнік галоўнага трэнера Аляксей Хадневіч. Па нашых звестках, усе, хто сыходзіў у лютым, атрымалі поўны разлік па кантрактах. Кожны падпісваў паперу, што не мае фінансавых прэтэнзій да «Шахцёра».

Астатнія гульцы – у асноўным вельмі маладыя – пачалі працаваць з камандай 2007 года нараджэння, якая да гэтага выступала ў першынстве ліцэнзавання ў старэйшай узроставай групе. Заняткі на базе «Шахцёра» праводзіў галоўны трэнер моладзевага складу Аляксей Васілеўскі.

Яго падапечныя павінны скласці касцяк каманды, якая заявіцца ў другую лігу. Як распавялі дасведчаныя крыніцы, у Салігорску ствараецца новы клуб – яму дагэтуль не прыдумалі назву. Клуб будзе існаваць пад патранажам мясцовых «уладаў», якія возьмуць на сябе асноўныя фінансавыя выдаткі. Таксама, паводле нашых звестак, пэўныя сродкі будзе ўкладваць «Беларуськалій» (але прадпрыемства, як распавялі нашыя суразмоўцы, калі і дасць грошы, то зусім невялікія). Да футбольнага клуба «Шахцёр» новы калектыў ніякага дачынення не будзе мець, нягледзячы на пэўныя перасячэнні.

Як удалося даведацца, дырэктарам новага клуба стане 33-гадовы Дзмітрый Данілевіч. Як футбаліст ён нічым не запомніўся (правёў некалькі матчаў у 2015 годзе за «Любань» у Д3), скончыў карʼеру ў 2016-м, а праз некалькі гадоў увайшоў у структуру «Шахцёра». Трэнаваў у дублі, быў асістэнтам галоўнага трэнера петрыкаўскага «Шахцёра». У сезоне-2024 узначальваў другі склад «гарнякоў», які выступаў у першай лізе. У студзені 2025-га ўвайшоў у трэнерскі штаб асноўнай каманды, але прапрацаваў на пасадзе толькі да канца лютага. Неўзабаве ён стане дырэктарам новага салігорскага клуба.

Галоўным трэнерам калектыву будзе ўжо згаданы вышэй 31-гадовы Васілеўскі. Ён у свой час пагуляў у ролі цэнтральнага абаронцы за дубль і аснову «Шахцёра», «Крумкачы» і «Баранавічы». Завяршыў карʼеру ў пачатку 2019-га і пачаў працаваць у акадэміі салігорскага клуба. Летась трэнаваў каманды 2007 і 2015 гадоў нараджэння.

Дапамагаць Васілеўскаму будзе 28-гадовы Канстанцін Навуменка, які як футбаліст засвяціўся толькі ў дублі «Шахцёра», а потым пачаў працу ў акадэміі «гарнякоў». Там да нядаўняга кіраваў камандай 2008 года нараджэння і прыводзіў яе да ўзнагарод рэспубліканскіх спаборніцтваў. У 2023 годзе на цырымоніі «Зорны мяч» у ліку дзесяці дзіцячых трэнераў Беларусі атрымаў прэмію за ўклад у развіццё дзіцяча-юнацкага футбола. Трэнера брамнікаў у штабе не будзе.

Касцяк новай каманды – былыя гульцы «Шахцёра» якраз 2007 года нараджэння, якія выступалі на ліцэнзіі. Да іх далучылася нешматлікая моладзь, што засталася з асноўнай каманды «Шахцёра». Акрамя таго, рыхтуюцца да сезона з калектывам і некалькі гульцоў салігорскага «Партызана». Хто менавіта, мы не ведаем, але, як кажуць нашыя крыніцы, гэта тыя, хто ў свой час прайшоў акадэмію «гарнякоў».

Паводле нашых звестак, у АБФФ ужо адпраўленыя дакументы пра тое, што каманда «Шахцёра» 2007 года нараджэння не будзе дагульваць чэмпіянат Беларусі ў сваёй узроставай групе і здымаецца з турніру на сярэдзіне шляху. Проста цяпер салігорцы ўзначальваюць табліцу зоны «Захад» (у ёй сем удзельнікаў), маючы ў актыве 19 балаў пасля дзевяці тураў. Да якога чысла клуб павінен адправіць заяўку на ўдзел у Д3, даведацца не ўдалося, бо першую частку першынства кантралюе так званае міністэрства спорту.

Нашы дасведчаныя крыніцы кажуць, што разглядаўся варыянт стварэння новага клуба не з чыстага ліста, а на базе мясцовага «Партызана», які выступае ў Д3. Аднак кіраўнікі выканкама Лукашэнкі па Салігорскім раёне і «Шахтаспецбуда» (прадпрыемства зʼяўляецца асноўным спонсарам «Партызана»), а таксама галоўны трэнер каманды Мікалай Януш у працэсе перамоваў прыйшлі да высновы, што такі варыянт выключаны. І Януш, і генеральны дырэктар «Шахтаспецбуда» Дзяніс Дзіулін выступалі катэгарычна супраць такога зліцця і здолелі адстаяць праект. Цікава, што, па нашых звестках, за стварэнне новай каманды на базе «Партызана» выступаў былы генеральны дырэктар «Шахцёра», экс-першы намеснік старшыні АБФФ, а цяпер кіраўнік федэрацыі футбола Мінска Юрый Вяргейчык. Сваё меркаванне ён здолеў данесці да салігорскіх чыноўнікаў, аднак тыя не сталі ўпірацца.

Перад новай салігорскай камандай ужо пастаўленая задача – выйсці ў першую лігу па выніках сезона-2025. У калектыве будуць заробкі (праўда, як кажуць нашыя крыніцы, зусім невялікія, па некалькі сотняў рублёў), а таксама абяцаныя прэміяльныя за павышэнне. Гуляць калектыў будзе на сінтэтыцы стадыёна «Шахцёр».

А як справы ў «Шахцёра»?

Што тычыцца спраў у былым чэмпіёне Беларусі, то, як аказалася, працэдура банкруцтва яшчэ не стартавала і нават дакументы на яе праходжанне дагэтуль не пададзеныя. Па нашых звестках, не адбыўся і сход назіральнай рады па гэтым пытанні. Таксама застаецца адкрытым пытанне, каму перадаць базу, якая застаецца на балансе клуба.

Пры гэтым работнікі офіса «Шахцёра» працягваюць хадзіць на працу, атрымліваюць зарплату і выконваюць службовыя абавязкі, чакаючы, калі клуб афіцыйна спыніць існаванне. Як кажуць дасведчаныя крыніцы, «паміраць» «гарнякі» будуць відавочна не адзін год».

Дырэктарам «Шахцёра» па-ранейшаму зʼяўляецца расіянін Дзмітрый Агееў.

У студзені мы пісалі, што ён неўзабаве павінен заняць пасаду дырэктара СДзЮШАР «гарнякоў». І тады гэтае пытанне, па словах нашых суразмоўцаў, знаёмых з сітуацыяй, было практычна вырашанае. Аднак прызначэнне не адбылося – аказваецца, супраць выступіў новы дырэктар «Беларуськалія» Андрэй Рыбакоў. Справа ў тым, што летась СДзЮШАР перайшла на баланс прадпрыемства, і цяпер кіраўнікоў школы ўзгодняць з «Беларуськаліем». Рыбакоў кандыдатуру Агеева не ўхваліў. Са слоў крыніц «Трыбуны», рашэнне матываваў тым, што Агееў павінен застацца кіраваць у клубе, каб разграсці ўсё тое, што накруціў там. У выніку СДзЮШАР па-ранейшаму жыве без дырэктара, хоць на сайце клуба кіраўнічкай значыцца Таццяна Кабушкіна. Паводле адкрытых крыніц, яна родам з Салігорска, у 2004 годзе скончыла БДУФК, працавала метадыстам у клубе «Шахцёр».

Памочнікам Агеева ў школе, як мы пісалі раней, планавалі зрабіць Аляксандра Новіка. Аднак ён, як і Агееў, застаўся ў «Шахцёры», дзе працягвае працаваць начальнікам зніклай каманды. Па нашых звестках, цяпер ён заняты рэвізіяй маёмасці – падлічвае інвентар і ўсё ў такім духу.

Ну а што тычыцца даўгоў, клуб разлічвацца з былымі гульцамі не збіраецца (праўда, чаму колькасць пазоваў у ФІФА зменшылася, высветліць не ўдалося) і па-ранейшаму мае намер абвясціць сябе банкрутам.

Новы дырэктар «Беларуськалія» пачаў эканомію са спорту

Пры падрыхтоўцы матэрыялу нам удалося даведацца некаторыя дэталі пра новага кіраўніка «Беларуськалія» Рыбакова. Лукашэнка прызначыў яго замест Івана Галаватага 4 лістапада 2024 года.

Як кажуць нашыя крыніцы, экс-старшыні Беларускага дзяржаўнага канцэрна па нафце і хіміі для пачатку вырашыў аптымізаваць выдаткі прадпрыемства ва ўмовах санкцый і, дзе магчыма, эканоміць. І першым чынам узяўся за спорт. З футбольным «Шахцёрам» наогул усё атрымалася «выдатна»: асноўнай каманды няма, выдзяляць грошы на яе не трэба, а выдаткі на новы калектыў сабраліся ў асноўным закрываць за бюджэтны кошт.

Аднак і іншыя віды спорту, якія спансуе «Беларуськалій», трапілі пад раздачу. Паводле нашых звестак, зменшыліся заробкі ў гульцоў і трэнераў шматразовага чэмпіёна Беларусі ў валейболе «Шахцёра», істотна скарацілася фінансаванне мясцовай баскетбольнай каманды 3х3. Як кажуць нашыя дасведчаныя крыніцы, Рыбакоў наогул выказаў неразуменне, навошта патрэбны такі від спорту і навошта на яго выдаткоўвацца. У выніку баскетбольны калектыў аказаўся ў такім фінансавым становішчы, што, паводле нашых звестак, плануе пераехаць у Мінск.

Хакейнаму «Шахцёру», які нядаўна ўпершыню ў сваёй гісторыі не выйшаў у плэй-оф Экстралігі, паводле нашых звестак, «Беларуськалій» скараціў датацыі, а яшчэ за правал зрэзаў заробкі гульцам і трэнерам на дзве траціны. 5 сакавіка стала вядома, што галоўны трэнер каманды Яраслаў Чупрыс пакінуў пасаду. Як кажуць нашыя крыніцы, не без уплыву Рыбакова.

Alex1Moren
вот так вот... шахтёр ♥️
Адказаць
0