Tribuna/Футбол/Блогі/Беларусский футбол/У «мініку» Беларусі гуляюць за капейкі і без заробку, нават найлепшы ў краіне мае іншую працу – а колькі дадуць зборнай за Еўра?

У «мініку» Беларусі гуляюць за капейкі і без заробку, нават найлепшы ў краіне мае іншую працу – а колькі дадуць зборнай за Еўра?

Даведвалася «Трыбуна».

Аўтар — bytribuna com
2
У «мініку» Беларусі гуляюць за капейкі і без заробку, нават найлепшы ў краіне мае іншую працу – а колькі дадуць зборнай за Еўра?

11 красавіка зборная Беларусі па футзале ўсяго ў другі раз у сваёй гісторыі выйшла на чэмпіянат Еўропы – праўда, каманду там не чакаюць, і УЕФА яшчэ трэба будзе вырашаць гэтую праблему.

Але і за першае месца ў групе адбору гульцам і трэнерам належаць прэміяльныя. Якія менавіта? Колькі ўвогуле атрымліваюць у беларускім футзале? «Трыбуна» даведалася адказы на грашовыя пытанні.

Нашыя кампетэнтныя ў тэме суразмоўцы распавялі, што знаходзіць грошы на «мінік» у Беларусі ўсё больш складана. Сістэма не гарыць жаданнем марнавацца на неалімпійскі від спорту. Каманды трымаюцца на энтузіязме і канкрэтных арганізацыях ды «ведамствах», якія гатовы выдзеліць грошы.

Калі зірнуць на табліцу ЧБ, мы ўбачым аршанскі «Вітэн», гомельскі «БЧ», менскае «Ахова-Дынама» і гарадзенскае «УУС-Дынама», брэсцкі «Меркурый-ДМК», мінскі «Дарожнік» – па назвах зразумела, што за імі стаяць рэжымныя «Мінэнерга», чыгунка, «МУС», «мытны камітэт» і «Мінтранс». Дзве каманды падтрымліваюцца заводамі – светлагорскі ЦКК (мясцовым цэлюлозна-кардонным камбінатам – праўда, грошай настолькі мала, што ў гульцоў няма зарплаты, а часам і стымулу даехаць на матчы) і гомельскі ВРЗ (вагонабудаўнічым заводам, які раней быў вагонарамонтным – як кажуць нашы суразмоўцы, тут дапамога адчувальная, але стабільнасць дасягаецца толькі дзякуючы наяўнасці і іншых спонсараў).

Яшчэ два калектывы ўваходзяць у структуру клубаў з футбольнага ЧБ – «Мінск» і мінскае «Дынама-БНТУ». У партнёрах у «Барысава-900» – мясцовы «райвыканкам». Ну і ёсць месца аднаму прыватнаму клубу – «Сталіцы» IT-кампаніі «Софтклуб».

Калі нейкі з «якарных» партнёраў страціць цікавасць – каманда, хутчэй за ўсё, знікне. Два прыклады былі ў канцы 2010-х – спынілі існаванне трохразовы чэмпіён МАПІД і чатырохразовы «Лідсельмаш». Менш рэзкі варыянт – «Дарожнік», які да 2010-га шэсць разоў узяў золата ЧБ і пяць разоў іншыя медалі, а ў апошнія гады боўтаецца ў ніжняй палове табліцы.

Зарплаты, як мы ўжо згадалі, у беларускай футзале ёсць не ўсюды. А дзе ёсць – там, мякка кажучы, невялікія. У многіх клубах гульцы маюць асноўную працу – і нават гулец 2024 года ў Беларусі Ігар Шчарбіч сумяшчае «Сталіцу» і працу ў IT, роўна як і яго аднаклубнік, кіпер зборнай Беларусі Аляксей Лукша.

Зрэшты, як кажуць нашыя суразмоўцы, у «Сталіцы» ў фінансавым плане якраз усё добра па мерках ЧБ. Як і ў яшчэ двух клубаў, якія проста цяпер дзеляць з мінчанамі першы радок табліцы – «Вітэна» і ВРЗ. Гэтыя тры каманды ў недалёкім мінулым нават запрашалі узроўневых легіянераў – некаторыя з іх, як удалося даведацца, атрымлівалі аж да 10 тысяч рублёў да выліку падаткаў. Аднак цяпер клубы сталі больш эканомнымі і аддаюць перавагу абыходзіцца беларускімі гульцамі, максімум замежнікамі з постсавецкай прасторы.

Нам удалося даведацца і цяперашнія заробкі ў камандах ЧБ (усе сумы – да выліку падаткаў). Максімумы ў топ-3 – да 3 тысяч рублёў (крыху больш за 900 долараў), але на такія грошы могуць прэтэндаваць толькі «зборнікі». Большасць з астатніх гульцоў каманд маюць 2-2,5 тысячы рублёў (каля 600-750 долараў). Плюс у кантрактах прапісаны прэміяльныя, памеры якіх звычайна індывідуальныя. Прадугледжаныя і дадатковыя бонусы за дасягненне мэтаў, напрыклад, перамогі ў ЧБ. Пры гэтым, як кажуць нашыя крыніцы, гадоў 5-7 таму вядучыя калектывы плацілі сваім лідарам да 2,5 тысячы рублёў з прэміяльнымі – тады гэта было больш за тысячу долараў.

Да сераднякоў ЧБ, якія змагаюцца за плэй-оф, адносяцца «Ахова-Дынама» і «УУС-Дынама», «Мінск», «БЧ». Там найлепшым футзалістам могуць даць максімум 2200 рублёў (у раёне 670 долараў), а большасці – 1500 рублёў (каля 450 долараў).

У калектывах са дна табліцы, паводле нашых звестак, заробкі не перавышаюць 1000 рублёў (каля 300 долараў), а недзе гульцы атрымліваюць па 300-500 рублёў (90-150 долараў). У такіх месцах (як і там, дзе ўвогуле не плацяць) «мінік» – гэта па факце хобі. Пры гэтым узровень, на якім атрымліваюць у нетопавых камандах, застаецца такім ужо шмат гадоў.

Так званы «міністр спорту» Сяргей Кавальчук да гэтага часу не падпісаў план развіцця на 2025-ы ніводнаму клубу ў гульнявых відах спорту, што робіць немагчымым атрыманне сродкаў ад дзяржпрадпрыемстваў. Аднак, як запэўніваюць нашыя крыніцы, пра якія-небудзь затрымкі выплатаў у беларускім футзале не чуваць.

У зборнай Беларусі ёсць свая грашовая сістэма. Прычым сумы выраслі з моманту першага выхаду каманды на Еўра ў 2010 годзе. Тады за сам выклік у зборную належала каля 200 долараў, а прэміяльныя за трапленне на топ-турнір склалі па 1000 долараў на гульца.

Цяпер, паводле слоў нашых крыніц, выклік прыносіць футзалісту крыху больш за тыя жа 200 долараў. А вось прэміяльныя за новы поспех сталі «значна вышэй» – праўда, дакладны памер нам не раскрылі.

ivan4ik
Система не заинтересована в развитии миника и команды держатся на энтузиазме и поддержке отдельных организаций. Мда, что тут сказать
Адказаць
1
Вітаўт
адказаў на каментарый карыстальніка ivan4ik
Згодны, калі там такія капейкі, то нейкае дно ўжо
Адказаць
0