Пасля разгрому ў Мазыры Кавальчук абражаў гульцоў і трэнераў «Дынама», замкнуў іх на базе, загадаў, як рыхтавацца да БАТЭ
А яшчэ чынуша прызначыў наглядчыка за камандай.
13 красавіка «Дынама» буйна саступіла ў гасцях «Славіі» – 0:3. У выніку мазырчукі захавалі лідарства, а мінчукі адкаціліся з шостага месца аж на 12-е – і гэта не ўсе непрыемныя наступствы для дынамаўцаў. Праз некалькі дзён пасля гульні разнос і камандзе, і кіраўніцтву клуба зладзіў так званы міністр спорту Сяргей Кавальчук. Расказваем, што адбылося на сустрэчы чынушы з калектывам.
Нягледзячы на тое, што да нядзелі супернікі размяшчаліся ў табліцы быццам і далекавата адзін ад аднаго (на адлегласці пяці месцаў), у пунктах адрыў мазырчукоў быў невялікім – усяго «+3». У выпадку перамогі мінчукі дагналі б каманду Івана Біёнчыка. У Мазыр «Дынама» ехала ў статусе фаварыта – прынамсі букмекеры аддавалі перавагу гасцям. За іх гаварыла і статыстыка: на сваім полі «Славія» не магла перамагчы дынамаўцаў з лістапада-2016 – 14 матчаў запар!
Аднак гэтым разам атрымалася, прычым з размахам. Мазырчукі разграмілі гасцей, прычым управіліся з галамі за 16 хвілін другога тайма – з 56-й па 72-ю.
Гэта паражэнне стала для мінчукоў самай буйной на ўнутранай арэне з тых часоў, як іх у лістападзе 2022-га ўзначаліў Вадзім Скрыпчанка. Да гэтага канфузы з ім здараліся толькі ў еўракубках. Коўч пасля мазырскай экзекуцыі быў настолькі раззлаваны, што адмовіўся адказваць на пытанні журналістаў на прэс-канферэнцыі.
Зрэшты, па нашай інфармацыі, у распранальні не было ніякай істэрыкі. Гульцы самі разумелі, што адбылося, і ў дадатковай прачуханцы ад Скрыпчанкі не мелі патрэбы. Той, наадварот, паспрабаваў падбадзёрыць падапечных, каб яны не апускалі рукі і працавалі далей.
Праўда, на наступны дзень «Дынама» не атрымала выхаднога, як гэта заведзена звычайна пасля тура. 14-га чысла каманда сабралася на базе ў Стайках, каб пачаць падрыхтоўку да 5-га тура, а гэта, між іншым, «класіка» – БАТЭ прыедзе ў Мінску 19 красавіка. Пры гэтым нейкага напружання ў калектыве не было – матч адбыўся, высновы зробленыя, трэба ісці далей, каб рэабілітавацца перад заўзятарамі.
Аднак у той жа дзень стала вядома, што на тыдні каманду чакае сустрэча з лукашэнкаўскім міністрам па спорце Сяргеем Кавальчуком. І яна адбылася ў сераду 16 красавіка. Чынуша сам прыехаў у Стайкі. Паслухаць яго сабраліся не толькі трэнеры і футбалісты, але і кіраўнікі клуба.
Паводле нашых звестак, у першай палове дня лукашыст зладзіў дынамаўцам цалкам хамскі разнос, чаго раней сабе не дазваляў: абражаў гульцоў і трэнераў, выкарыстоўваў прыніжальныя абароты, папракаў заробкамі. Акрамя таго пагражаў пераменамі ў камандзе, калі яна працягне прайграваць. «Сход» быў нядоўгім, але максімальна эмацыйным з боку візіцёра.
Аднак толькі словамі Кавальчук не абмежаваўся. Як аказалася, ён прыставіў да каманды наглядчыка – чалавека, які будзе сачыць за тым, як вядзецца праца на базе, наколькі рупліва працуюць футбалісты, якія наогул настроі ў калектыве. Вынікі «назіранняў» будуць перадавацца ў так званае міністэрства. У наглядчыкі вызначылі экс-форварда зборнай Беларусі Пятра Качура, які ў свой час сам пару месяцаў не вельмі ўдала трэнаваў мінчукоў.
Па звестках «Трыбуны», выбар абумоўлены тым, што ўжо некалькі месяцаў 52-гадовы спецыяліст зʼяўляецца дзяржаўным трэнерам па футболе і аформлены на стаўку ў «мінспорта». Гэты пост яму перайшоў ад Анатоля Юрэвіча, які адбывае пяцігадовае адхіленне ад футбола за махінацыі (зрэшты, пасаду ён пакінуў па нейкай іншай, нам невядомай, прычыне).
Ці будзе Качура ўвесь час знаходзіцца ў Стайках, мы не ведаем, аднак тое, што «Дынама» будзе працаваць пад яшчэ больш пільнай увагай Кавальчука, – гэта факт.
Аднак і гэтым не абмежавалася ўмяшанне чынушы па выніках мазырскага разгрому. Да БАТЭ Скрыпчанка распрацаваў свой план трэнінгаў. У нейкія дні былі прадугледжаныя аднаразовыя заняткі, а ў нейкія збіраліся праводзіць дзве трэнавальныя сесіі. За суткі да матчу планаваўся заезд на базу. Аднак Кавальчук пастанавіў для калектыву свой распарадак.
«Дынама» фактычна замкнулі на базе – да сустрэчы з БАТЭ гульцам і трэнерам забаронена пакідаць Стайкі. Больш за тое, псеўдаміністр загадаў трэнавацца з падвышанымі нагрузкамі ў штодзённым двухразовым рэжыме. Невядома, да чаго гэта прывядзе і ці здолее Скрыпчанка мінімізаваць наступствы ад такіх «каштоўных» указанняў. Аднак у выпадку няўдачы трэнеру прыйдзецца адказваць за ўсё.
Яшчэ па нашай інфармацыі адразу пасля паразы ў Мазыры махінатар Юрэвіч меў размову з Кавальчуком, у якой настойваў на звальненні Скрыпчанкі і яго памочнікаў – пакінуць прапаноўвала толькі Паўлава, якога сам жа прапхнуў у «Дынама» ў канцы мінулага года з відамі на фатэль галоўнага трэнера. Чынуша пакуль не адважыўся на такія радыкальныя меры.
Дадамо, што сустрэчы Кавальчука з мінскай камандай – практыка не новая. Праўда, раней яны праходзілі не ў такім грубым рэчышчы. У пачатку верасня 2024-га Кавальчук збіраў на «Дынама-Юні» дзіцячых трэнераў клубнай акадэміі і прадстаўнікоў першай каманды, каб правесці палітінфармацыю, пры гэтым сам спазніўся на дзве гадзіны. Той сход быў насычаны прапагандай: на Захадзе ўсё кепска, там беларускія спартсменкі становяцца лесбіянкамі, а ў Беларусі ўсё выдатна і стабільна – і за гэта трэба дзякаваць рэжыму. Што тычыцца футбола, то, нягледзячы на тое, што «Дынама» трапіла ў групу Лігі канферэнцый, Кавальчук выказваў незадаволенасць панылай, на яго думку, гульнёй і тым, што футбалісты дрэнна падрыхтаваныя фізічна.