Tribuna/Футбол/Блогі/Беларусский футбол/Калісьці вакол «Крумкачоў» быў варушняк – а хто сёння топіць за каманду? Мінус хіпстары і Пратасевіч

Калісьці вакол «Крумкачоў» быў варушняк – а хто сёння топіць за каманду? Мінус хіпстары і Пратасевіч

Такія вось назіранні.

Аўтар — bytribuna com
1
Калісьці вакол «Крумкачоў» быў варушняк – а хто сёння топіць за каманду? Мінус хіпстары і Пратасевіч

20 красавіка ў адным з мінскіх бараў «Крумкачы» правялі сустрэчу з заўзятарамі. На яе, як распавядаюць відавочцы, прыйшло каля 50 чалавек. Пры гэтым падтрымка на трыбунах у «Крумкачоў» куды больш вялікая, у тым ліку ў таварыскіх матчах. Хто цяпер заўзее за каманду, якую яшчэ не так даўно называлі «народнай»?

Ад моманту заснавання ў 2014 годзе «Крумкачы» мелі падтрымку. Нават на ўзроўні другой лігі ў іх былі заўзятары, якія хадзілі на хатнія матчы і ездзілі на гасцявыя. Спачатку асноўны кантынгент складалі сябры футбалістаў, прадстаўнікі іх семʼяў і проста цікаўныя аматары футбола са сталіцы, якія праявілі інтарэс да каманды, якая толькі-толькі зʼявілася.

З часам аўдыторыя пашыралася, а лік заўзятараў пайшоў на дзясяткі. Калі ў 2015-м на хатнія гульні ў першай лізе прыходзіла ў сярэднім 250 чалавек, то праз год у вышэйшай – ужо 1400. А на эпічным матчы з мінскім «Дынама» (17 траўня 2015-га «вораны» размазалі суперніка на «Маякоўцы» 4:1) увогуле сабралася 3100 чалавек.

Перад першым элітным сезонам «Крумкачы» правялі апытанне сярод заўзятараў (паўдзельнічала амаль 1000 чалавек), каб зразумець, хто ж ходзіць на іх матчы. У большасці аказаліся людзі сярэдняга ўзросту (30-40 гадоў) – амаль 70 адсоткаў. Яшчэ прыкладна 20 адсоткаў былі студэнтамі, амаль 7,5 – школьнікамі. Яшчэ прыходзілі пенсіянеры, людзі без працы, служачыя і офісныя работнікі.

У сезоне-2016 па сярэдняй наведвальнасці «Крумкачы» са сваёй не самай багатай гісторыяй былі шостымі ва ўсёй лізе.

– Калі каманда дэбютавала ў Д1, на трыбунах стала больш моднай моладзі, якая хацела быць у трэндзе і дакрануцца да чагосьці новага. Паказаць, што яны заўзятары каманды, пра якую вельмі шмат гавораць. Такія хіпстэры. Былі людзі, якіх насамрэч футбол наогул не цікавіў. Ды і самі «Крумкачы», мне здаецца, таксама не асабліва цікавілі. Проста гэтыя людзі таксама хацелі апынуцца ў варушняку, каб потым казаць, што і яны ў курсе, што ёсць такая каманда, што яны пабывалі на матчы. Усё ж гэта была «народная каманда», створаная з нуля энтузіястамі. Клуб не быў пад дзяржструктурамі. І гэта таксама прыцягвала людзей. Хоць, вядома, былі тыя, хто з камандай ад пачатку заснавання, рэальныя аматары футбола, якія ў ім разбіраюцца, – апісвае «Трыбуне» сітуацыю адзін з даўніх заўзятараў «Крумкачоў». – Што тычыцца прафесій, то людзі былі абсалютна з розных сфер: і звычайныя рабочыя, і айцішнікі, і бізнесмены, і офісныя клеркі. Але студэнтаў са школьнікамі было рэальна вельмі шмат.

З часам у клуба пачаліся фінансавыя праблемы, вынікі абселі, а разам з гэтым упала і наведвальнасць. У сезоне-2017 на хатнія матчы ў сярэднім прыходзіла ўжо тысяча чалавек.

– Тады было прыкметна, што тыя самыя хіпстэры адпалі. То бок яны пабылі годзік на хвалі, а калі ў клуба пачаліся праблемы, адышлі ў бок. Маўляў, гэта ўжо не модна – хварэць за тых, пра каго шмат не гавораць і хто не паказвае выніку. Але ядро адданых заўзятараў заставалася, – кажа адзін з іх.

Пасля перараджэння «Крумкачоў» на матчы НФК «Крумкачы» ў першай і другой лігах у сярэднім хадзіла па 500 чалавек, на выезды дабіралася каля сотні. Адным з самых вядомых заўзятараў НФК быў піяніст Юрый Бліноў, які быў яшчэ і сузаснавальнікам новай клубнай юрыдычнай асобы. Бліноў да канца жыцця заўзеў за каманду – памёр музыка ў красавіку 2019-га на фінішы паўмарафона ў Гомелі.

З 2017-га на фанацкім сектары «Крумкачоў» зʼяўляўся і Раман Пратасевіч, які пазней атрымае шырокую вядомасць як рэдактар NЕХТА і як чалавек, дзеля якога лукашэнкаўскі рэжым здзейсніў акт паветранага пірацтва. Паводле інфармацыі «Трыбуны», Пратасевіч не проста заўзеў за клуб, але і імкнуўся яму дапамагаць. Напрыклад, актыўна распаўсюджваў у сацсетках інфармацыю пра краўдфандынг, працаваў на матчах фатографам і нават аднойчы спрабаваў сябе ў ролі каментатара. Адбылося гэта восенню 2019-га, калі ў першай лізе «Крумкачы» прымалі «Смаргонь».

Гісторыя мужчыны пасля 2020-га – з затрыманнем, арыштам, памілаваннем ад лукашыстаў – вядомая. У чэрвені 2023-га на матчы «Крумкачоў» з «Трактарам» у Д3 Пратасевіч зноў быў заўважаны на трыбунах. Як сёння сцвярджаюць заўзятары «Крумкачоў», то быў адзінкавы выпадак – і больш экс-журналіст не зʼяўляўся на матчах. У сезоне-2024 ніхто з нашых суразмоўцаў на стадыёне яго не бачыў.

І хто ж тады працягвае тапіць за «Крумкачы»?

– Па маіх адчуваннях, сярэдні век заўзятараў у параўнанні з мінулымі гадамі павысіўся і стаў гадоў 40-45. Пры гэтым шмат дзяцей, якія ходзяць з бацькамі. Самае цікавае, што заўзятары выдатна ведаюць, як завуць гульцоў. Нягледзячы на тое, што каманда, па сутнасці, збіраецца кожны год наноў, прозвішчы футбалістаў крычаць з трыбун. У фаворы, вядома, Сяргей Лынько, які гуляў за «Крумкачоў» у 2020-м і вярнуўся потым у каманду ў 2023-м, – распавядае суразмоўца з ліку заўзятараў.

Касцяк цяперашняй групы падтрымкі наведваў і таварыскія матчы ў перадсезонцы – збіралася чалавек 20 і глядзела за гульнямі з броўкі. Матчы праходзілі на стадыёне «Груганы» на вуліцы Сямашкі, дзе ў свой час размяшчалася Футбольная школа Мурашкі.

– Вядома, калі пачнецца сезон, людзей будзе больш. Будуць і студэнты, і іншыя. Наогул, білет сабе дазволіць можа кожны – летась ён каштаваў пяць рублёў. Пры гэтым клуб вельмі сур'ёзна займаўся дызайнам, рабіў прыгожыя тэматычныя квіткі, – працягвае наш суразмоўца-заўзятар. – Будзе ў сярэднім на трыбунах, думаю, як і летась – пад 300-400 чалавек. Будзе класная атмасфера – нейкія плакаты, крычалкі, заўсёды з камандай. Пры гэтым важна адзначыць, што сёння за «Крумкачоў» заўзеюць не таму, што гэта модна. Хіпстараў даўно няма. «Крумкачоў» падтрымліваюць тыя, хто ўсёй душой за каманду, у якой бы лізе яна ні выступала. Таму хай цяпер і няшмат чалавек, але гэта рэальна адданыя заўзятары, якіх дакладна не трэба зганяць на трыбуны.

Мы таксама пацікавіліся, ці бывалі ў апошнія сезоны ў заўзятараў «Крумкачоў» праблемы з лукашэнкаўскімі сілавікамі. Усё ж каманда ў свой час не падтрымлівала гвалт, некаторых яе гульцоў затрымлівалі, на адзін з матчаў прыходзіла прадстаўніца штаба Святланы Ціханоўскай Марыя Калеснікава – цяперашняя палітзняволеная. Усе нашы суразмоўцы запэўніваюць, што «асаблівай» увагі да прыхільнікаў «Крумкачоў» няма, хоць і не абыходзіцца без нюансаў.

– Памятаю, як некалькі гадоў таму амапаўцы адводзілі кудысьці хлопцаў з фан-сектара, якія не ўставалі падчас гімна. Ці ўсе вярнуліся? Не магу сказаць, не памятаю. Але, мне здаецца, такія інцыдэнты маглі стаць прычынай памяншэння наведвальнасці матчаў у прынцыпе. Нават звычайныя людзі не пачуваліся ў бяспецы. А так, у цэлым, нейкіх жорсткіх інцыдэнтаў не ўзгадаю, хоць, зразумела, «міліцыя» на стадыёне ёсць, – кажа заўзятар «Крумкачоў».

fransua 2.0
Был на том самом матче с Д.Это было красиво.Спасибо Крумкачы
Адказаць
-1