Сын – капітан пад №24, удава не была ў Мінску 11 гадоў. Як жыве сям'я легендарнага Салея
Ягоная маці даўно не бачыла ўнукаў.
24 кастрычніка ў Instagram удавы беларускага хакеіста Руслана Салея Бэтан зʼявілася фота з подпісам «Сямʼя». На ёй – сама Бэтан, а таксама трое дзяцей – дочкі Алексіс і Эйва, а таксама сын Сандра. Ну і некалькі сабак.
Тэлеграм-канал «О, спорт! Ты – мір!» даведаўся, чым сёння займаецца сямʼя Руслана Салея і ягоныя сваякі.
З моманту трагедыі пад Яраслаўлем, калі ў авіякатастрофе разбілася каманда мясцовага «Лакаматыва», мінула больш за 12 гадоў. 7 верасня 2011-га ЯК-42 неўзабаве пасля вылету з аэрапорту «Тунашна» на матч з мінскім «Дынама» пацярпеў крушэнне. Загінулі ўсе трэнеры, хакеісты і адміністратары. Сярод іх – трое беларусаў: 31-гадовы трэнер па фізпадрыхтоўцы Мікалай Крываносаў, 21-гадовы форвард Сяргей Астапчук, а таксама легенда белхакея Руслан Салей, якому на той момант было 36.
На месцы трагедыі пастаўлены помнік. Аднак Салей пахаваны ў Мінску на Усходніх могілках. Магіла хакеіста месціцца паміж пахаваннямі народнага пісьменніка Васіля Быкава і лідара «Песняроў» Уладзіміра Мулявіна. Гульнёвы нумар капітана выведзены са звароту ў зборнай Беларусі, а ягоныя джэрсі вісяць пад купаламі «Мінск-Арэны» і катка ў парку Горкага, дзе хакеіст пачынаў спартыўны шлях. Кубак Беларусі ў 2013-м быў перайменаваны ў Кубак Руслана Салея.
У момант гібелі Салея ягоная жонка і дзеці знаходзіліся ў Амерыцы. Каб не траўмаваць дзіцячую псіхіку, Бэтан на пахаванне мужа ў Мінск выправілася адна. На 40-ы дзень пасля трагедыі Бэтан прыехала ў Беларусь ужо з дзецьмі. Усе разам яны прынялі праваслаўе, каб мець адну веру з галавой сямʼі. Абрад праходзіў у Храме Усіх Святых, што непадалёк ад Усходніх могілак. Да гэтага дзеці былі няхрышчанымі.
У 2012-м, знаходзячыся з дзецьмі ў Беларусі, удава Руслана дала інтэрвʼю, дзе расказала, што плануе кожны год прылятаць на Радзіму мужа дзеля памяці аб ім і каб сустракацца з ягонымі сваякамі. Але, вярнуўшыся ў Каліфорнію, жанчына практычна перастала кантактаваць з сямʼёй Руслана і больш не наведвала ягоную магілу. Па словах Бэтан, у 2012 годзе адбылося некалькі балючых эпізодаў – некаторыя людзі далі зразумець, што «не радыя мне».
Першы час пасля трагедыі падтрымліваліся стасункі мамы хакеіста Тамары Гаўрылаўны з унукамі праз скайп. Аднак моўны барʼер не дазваляў весці паўнавартасны дыялог. З часам гэтыя званкі спыніліся, што вельмі засмучала Тамару Гаўрылаўну.
– Я вельмі хачу ўбачыць унукаў. Усе кажуць, што малодшая Эйва – мая копія, на жаль, калі Руслан загінуў, ёй было ўсяго паўтара года, яна наўрад ці памятае тату. Я вельмі сумую па ўнуках, хвалююся – чым магу ім дапамагчы? Дай Бог сіл і вытрымкі Бэтан, мы не ведаем, наколькі цяжка ёй. А яна і не скардзіцца – у апошнія гады нашыя зносіны зʼехалі на нішто. Калі раней яшчэ размаўлялі ў скайпе на сумесі рускай і англійскай, то цяпер і гэтага няма. Паміж намі моўны барʼер: я не ведаю англійскай, Бэтан – рускай. Я прасіла Бэтан вучыць дзяцей рускай мове, яна абяцала. Але ведаю, што яны чамусьці вучаць іспанскую. У мінулым годзе Вадзім (старэйшы брат Руслана) ездзіў у Амерыку, прасіў Бэтан пра сустрэчу з пляменнікамі. Яны бачыліся ў кафэ, пасядзелі, пагаварылі і разʼехаліся, – казала жанчына ў 2018-м.
Жыццё сямʼі Салея праз 13 гадоў пасля трагедыі
У 2018 годзе Бэтан дала невялікае інтэрвʼю «Камсамольскай праўдзе», дзе распавяла, як на той момант жылі ейныя дзеці. Па словах удавы Салея, дачка Алексіс гуляла ў тэніс, трохі – у валейбол, плюс вучыла іспанскую ў школе. Сын Сандра гуляў у баскетбол, хаця да гэтага паспрабаваў мноства відаў спорту, у тым ліку хакей, які ў выніку прыйшоўся не па душы. Эйве вельмі падабалася гуляць у тэніс. Пры гэтым усе дзеці, паводле слоў Бэтан, добра вучыліся і мелі пазітыўныя водгукі ў педагогаў. Пра свае справы Бэтан не расказвала.
Збіраючы інфармацыю пра тое, чым сёння жыве ўдава Салея, мы пачулі ў адказ ад некалькіх крыніц: «Без каментароў». Максімум казалі пра Бэтан – што «яна займаецца сямʼёй і выхаваннем дзяцей». Мы звярталіся да самой Бэтан у розных сацсетках з прапановай зрабіць інтэрвʼю, аднак усе паведамленні яна праігнаравала.
Зрэшты, нам удалося даведацца, што ўдава Салея па-ранейшаму жыве ў Каліфорніі, у тым самым доме, дзе жыла разам з мужам. Там усё яшчэ вісяць іх сумесныя фатаграфіі, а ў кабінеце Руслана стаяць узнагароды і знаходзяцца некаторыя яго асабістыя рэчы. У іншых пакоях вісяць джэрсі і фота хакеіста.
Пасля гібелі мужа, паводле нашай інфармацыі, жанчына не выбудоўвала ні з кім адносін – застаецца вернай Руслану і па-ранейшаму перыядычна выкладвае ў Instagram пасты, якія прысвечаныя яму. Напрыклад, на Дзень бацькі 18 чэрвеня падзякавала Салею за дзяцей, падпісаўшы пост наступным чынам: «З Днём бацькі, маё каханне ♥️ Дзякуй, што падарыла мне гэтых выдатных малеч».
Старэйшай з дачок, Алексіс, 27 чэрвеня споўнілася 18. Яна нядаўна паступіла ў каледж і па-ранейшаму вучыць іспанскую. Што тычыцца валейбола, то дзяўчына ім ужо не займаецца і ўвогуле ніякага дачынення да спорту не мае – цалкам сканцэнтраваная на вучобе.
А вось Сандра Салей, наадварот, робіць поспехі ў баскетболе, пры гэтым нядрэнна вычыцца ў школе. Жыццё падлетка (як навучальнае, так і спартовае) звязанае з Mater Dei High School. Гэта каталіцкая (хоць Сандра, як і ўся сямʼя, прыняў праваслаўе) сярэдняя школа ў каліфарнійскім горадзе Санта-Ана. Хлопец выступае за каманду гэтай школы і зʼяўляецца ейным капітанам. Нядаўна ён узяў сабе гульнявы нумар 24 – у памяць аб бацьку. Пад пастом з фатаграфіяй сына Бэтан падпісала: «У гэтым годзе Сандра атрымаў нумар свайго бацькі і капітана каманды. Дакладна так, як і ягоны тата».
Ну а што да малодшай – Эйвы – то яна вучыцца ў школе і працягвае займацца тэнісам.
Гаворачы пра родных Руслана, якія засталіся ў Беларусі, то, нагадаем, бацька Салея памёр менш як праз год пасля гібелі сына – сэрца мужчыны не вытрымала трагедыі, што прывяло да інфаркту.
Мама, Тамара Гаўрылаўна, да гэтага часу жыве ў Ратамцы, у доме, які некалі збудаваў ейны сын. Па словах нашых суразмоўцаў, у 83 яна па-ранейшаму актыўная, займаецца гаспадаркай, сочыць за ўчасткам. Зносінаў з унукамі ў Тамары Гаўрылаўны няма ўжо амаль 10 гадоў. Ды і сустрэчы таксама засталіся ў мінулым – апошні раз Бэтан з дзецьмі была ў Беларусі ў 2012-м.
Зрэшты, пэўная сувязь з амерыканскай сямʼёй Руслана ў беларускіх сваякоў хакеіста захоўваецца. Брат Вадзім Салей мае зносіны з Бэтан праз сваіх дзяцей, бо сам не валодае англійскай мовай, а яна – рускай.
Вадзім, паводле нашых звестак, сёння працуе на дзяржпрадпрыемстве ў будаўніцтве. Наогул, ён ужо даўно ў гэтай сферы і, можна сказаць, набліжаны да Аляксандра Лукашэнкі. Некалькі гадоў Вадзім Салей кіраваў заводам эфектыўных прамысловых канструкцый (цяпер на сайце прадпрыемства значыцца іншы генеральны дырэктар). Завод уваходзіць у склад дзяржаўнага вытворчага абʼяднання «Мінскбуд».
Таксама ў свой час брат Руслана Салея гуляў у хакей у адной камандзе з Лукашэнкам, браў удзел у Калядных турнірах і быў членам дысцыплінарнага камітэту Федэрацыі хакея Беларусі, але ўсе гэтыя актыўнасці засталіся ў мінулым.
Акрамя таго, у Руслана Салея ў Беларусі жыве сястра Анжэла. Па нашых звестках, сёлета жанчына выйшла на пенсію і цяпер нічым не займаецца.