Вы ведалi, што найгоршая хакейная каманда Д1 Беларусi – у прамым сэнсе армейская? Вось што там прыдумалi
Няўдалы эксперымент.
У бягучым сезоне Экстралігi ў ёй дэбютаваў «Авiятар» з Баранавiчаў. Гэты хакейны клуб з’явіўся ў 2018-м i пачаў у групе Б Экстралiгi – з яе можна было нават трапiць у плэй-оф, але камандзе гэтага не ўдавалася. Яна шла блiжэй да нiзоў – спачатку перадапошняй, потым чацвёртай з канца, затым трэцяй з канца.
З сезона 2021/22 у Экстралізе адмянiлi падзел на дывiзiёны, а «Авiятар» аказаўся ў вышэйшай лiзе – у белхакеi гэта такi, па сутнасцi, чэмпiянат дублёраў. Але i там «Авiятар» у якасцi фарма «Лiды» заняў максiмум восьмае месца ў мiнулым сезоне.
Тады ж, у сезоне-2023/24, у «Авiятары» паспрабавалi стаць сапраўды «армейскiм» клубам. Па назве ён i так быў такiм – iмя камандзе далi ў гонар таго, што ў Баранавiчах дыслакуецца знішчальная авіябаза УС Лукашэнкi. Яе аэрадром, дарэчы, выкарыстоўвала расійская акупацыйная армія для вайны ва Украiне.
Сутнасць новага этапу была ў тым, што ў «Авiятар» пачалi трапляць хакеiсты, якiх як грамадзян Беларусi мужчынскага полу прызывалi ў рэжымную армiю. У Баранавiчах дамаўлялiся, каб гульцоў адправiлi ў адну з мясцовых ваенных частак. Хакеiсты жылi ў казармах i падпарадкоўвалiся армейскiм правiлам, але хлопцаў адпускалi на трэнiроўкi i матчы «Авiятара».
Як пiсаў сайт ФХБ, у белхакеi вырашылi, што такi падыход «мае права на жыццё» – i пусцiлi «Авiятар» на сезон-2024/25 у Экстралiгу, нават вызвалiўшы ад заявачнага ўнёску. Каманда, якую ўзначалiў казахстанец з досведам працы ў ЧБ Аляксандр Палiшчук, збiрала склад фактычна з нуля – i тым жа метадам, што i раней. ФХБ неакрэслена заяўляла, што людзей з казармаў у камандзе «шмат», мы ж заўважым, што ў складзе «Авiятара» толькi грамадзяне Беларусi, з якiх усяго чатыры старэйшыя за прызыўны ўзрост, 27 гадоў. Дакладна вядома, што прыязжаюць у каманду з частак i вяртаюцца туды пасля абаронцы Уладзіслаў Гарчарук, Алег Пажыган, Фёдар Зуеўскі, форварды Вадзім Апанасевіч, Ягор Шклярскі, Ілля Марозаў.
«Пакуль праходзіў курс маладога байца, кіраўніцтва «Авіятара» дамовілася, каб мяне перавялі ў Баранавічы, у зенітна-ракетную брыгаду. Я аператар пункта баявога кіравання – даведваюся каардынаты, перадаю іх па рацыі. Але часцей пасля пад’ёму, зарадкі і сняданку пакідаю частку i знаходжуся на трэніроўках «Авіятара». Калі гульні на выездзе, мне даюць спецыяльны камандзіровачны дакумент, дзе адзначаецца, адкуль і ў колькі адбыў, куды і ў колькі прыбыў», – распавядаў Апанасевіч.
Але выйграваць на ўзроўнi Д1 у такой каманды пакуль не атрымлiваецца. Пасля 20 тураў Экстралігі на рахунку «Авіятара» 20 параз пры трох набраных балах – дацягнулi да авертаймаў у матчах супраць «Славуціча» (3:4), «Металурга» (4:5) і «Ліды» (2:3). Агулам «Авіятар» забросіў 27 шайб, а прапусціў 95. За апошнія 7 матчаў сумарная рознiца – увогуле 1:34.
У жніўні таксама з’явілася інфармацыя, што ў клубе не выплачваюцца у поўным памеры заробкі, ў штаце няма доктара і масажыста, а гульцам не выдалі форму. Пры гэтым дырэктар клуба Аляксей Крывапуст адправіўся на адпачынак у Турцыю і на тэлефонныя званкі не рэагаваў. У верасні, паводле інсайдара Сцяпана Варанкова, гульцам «Авіятара» выплацілі 90 рублёў. З ФХБ быццам бы абяцалi прыехаць i разабрацца, але ў вынiку вiзiту не адбылося. Пры гэтым 24 верасня Крывапуст заявiў, што фінансавыя пытанні з камандай вырашаныя, і запазычанасцяў «амаль няма».
Здараліся на матчах каманды і зусім камічныя эпізоды. Напрыклад, клуб не здолеў арганізаваць відэасістэму згодна з патрабаваннямi федэрацыi, i ў адным з матчаў, калi суддзя вырашыў паглядзець паўтор, усе праблемы выйшлi наверх.
Пытаннем пра сэнс удзелу «Авiятара» ў Экстралізе задаўся аўтар партала belarushockey.com Аляксандр Марозаў: «Ад пачатку было зразумела, што ў Баранавічах не магло ісці гаворкі нават пра плэй-ін, але ніхто не думаў, што будзе настолькі дрэнна. Вінаваціць хакеістаў складана. Хутчэй, незразумелы матыў вяртання [клуба ў Д1]. Хіба толькі каб вайскоўцы атрымлівалі гульнявую практыку ў наймацнейшым дывізіёне чэмпіянату Беларусі. Але што тады атрымлівае глядач?»