Tribuna/Аўта/мота/Блоги/Гоначная псіхапатыя НЕ ВАЙНЕ!/Культура адмены хуткіх кругоў. Апроч чарговай перамогі Ферстапена Гран Пры Аўстрыі запомніўся лавінай судзейскіх рашэнняў
Блогі

Культура адмены хуткіх кругоў. Апроч чарговай перамогі Ферстапена Гран Пры Аўстрыі запомніўся лавінай судзейскіх рашэнняў

Фота: formula1.com

Культура адмены хуткіх кругоў. Апроч чарговай перамогі Ферстапена Гран Пры Аўстрыі запомніўся лавінай судзейскіх рашэнняў

Гран Пры Аўстрыі ў апошнія гады стаў болей пра выкананне меж трасы, чым пра гонкі. За выезды за белыя лініі суддзі раздалі безліч штрафаў і ў суботнім спрынце, і ў галоўнай нядзельнай гонцы, а таксама бязлітасна скасоўвалі за тое ж лепшыя кругі падчас абедзвюх кваліфікацый. Макс Ферстапен заўсёды пераадольваў дыстанцыю чыста, хаця перамог ізноў па іншай прычыне.

Украіна пераможа ў сваім змаганні за сваю свабоду па прычыне вельмі простай – на яе баку праўда. Звар’яцелы і баязлівы расійскі дыктатар разам са сваім паслугачом, што акупіраваў нашу зямлю, памыліўся, калі пайшоў на сваіх суседзяў вайной. Яе вынікам будзе разбурэнне імперыі і вызваленне не толькі ўкраінцаў, але і беларусаў. Слава Україні! Героям Слава! Верым! Можам! Пераможам! Жыве Беларусь!

Тлумачэнне таго, чаму Макс Ферстапен выйграе свой трэці тытул чэмпіёна Формулы 1 (а зараз няма прычын сумнявацца, што так атрымаецца), будзе вельмі простым: у яго лепшы ў пелатоне аўтамабіль. Праўда, нават лепшым трэба ўмець кіраваць, і розніца паміж тым, як гэта атрымліваецца ў нідэрландца і яго напарніка па Red Bull Серхіа Перэса, на апошніх этапах была бачная выразна.

Цяжка было яе не заўважыць і ў Шпільбергу, куды чэмпіянат свету завітаў у мінулы ўік-энд і дзе адбыўся другі ў сезоне этап са спрынтам. Фармат яго быў такім жа, як у Баку – з кваліфікацыяй да нядзельнай гонкі ў пятніцу, кваліфікацыяй да спрынту і самім спрынтам у суботу і ўласна галоўнай гонкай у нядзелю. Ферстапен заяўку на лідарства аформіў яшчэ ў пятнічнай трэніроўцы, а потым і поўл заваяваў, здаецца, не напружваючыся.

А вось Перэсу ў першы дзень Гран Пры Аўстрыі прыйшлося няпроста. Хуткасць-та ў Чэка была, вось толькі падчас другога сегмента кваліфікацыі ён крыху перастараўся, парушыўшы межы трасы амаль ва ўсіх спробах. У Шпільбергу суддзі да гэтага вельмі строгія, таму Серхіа не прайшоў у фінал, застаўшыся пятнаццатым.

Добрай навіной было тое, што нарэшце паехалі баліды Ferrari: Шарль Леклер кваліфікаваўся другім, Карлас Сайнс – трэцім. Праўда, гэта была кваліфікацыя да нядзельнай гонкі, а ў суботу ўсіх чакалі так званы Sprint Shootout і сам спрынт. І тут ужо Перэсу нарэшце пашанцавала – ён кваліфікаваўся другім, а потым другім і фінішаваў. Пры гэтым на старце і ў першых паваротах пасля яго яны з Максам нават жорстка пабадаліся на сырой трасе.

Скончылася іх кароткая дуэль, праўда, тым, што двухразовы і дзейсны чэмпіён адбіўся, а Чэка прапусціў яшчэ і пілота Haas Ніка Хюлькенберга, які стартаваў чацвёртым. Мексіканец вярнуў сабе другую пазіцыю толькі на дванаццатым кругу, калі траса ўжо заўважна падсохла і прамежкавыя шыны працавалі эфектыўна. Некаторыя, як той жа Хюлькенберг, нават рызыкнулі перайсці на слікі, якія сапраўды забяспечвалі болей высокі тэмп. Але канкрэтна Ніка гэта мала дапамагло, і многа пазіцый пасля піт-стопу ён не адыграў, фінішаваўшы шостым.

Усе, хто скончыў спрынт перад ім, зрабілі гэта на прамежкавай гуме: Ферстапен і Перэс, Сайнс, Лэнс Строл і Фернанда Алонса. Апошнім двум, можна сказаць, пашанцавала – машыны Aston Martin высокай хуткасцю ў Шпільбергу пахваліцца не маглі. А вось Ланда Норыс, на чыю машыну каманда McLaren усталявала абнаўленні, мог – на нядзельную гонку ён кваліфікаваўся чацвёртым, а на спрынт – трэцім. Толькі на старце кароткай гонкі ў яго спрацавала сістэма anti-stall, якая не дае заглушыць рухавік, праз што брытанец адразу адкаціўся назад і фінішаваў толькі дзявятым.

Ну хоць у нядзелю Ланда адыграўся, апынуўшыся на чацвёртым месцы пратакола. Праўда, толькі пасля ўмяшання суддзяў, якія разгледзелі пратэст Aston Martin, што тычыўся выездаў іншых пілотаў за тыя самыя белыя лініі. У FIA разглядзелі 1 200 (!) паведамленняў пра такія парушэнні, пасля чаго пратакол моцна змяніўся – дадатковыя штрафы атрымалі дванаццаць гоншчыкаў. У прыватнасці, Сайнс апусціўся з чацвёртага месца на шостае, дзякуючы чаму Норыс і падняўся вышэй.

Скаргі ад пілотаў на паводзіны супернікаў падчас гонкі былі самымі распаўсюджанымі ў радыёабменах. Хіба што на Ферстапена ніхто не скардзіўся, збольшага таму, што ён адбіў атаку Леклера на старце, а пасля перыяду аўтамабіля бяспекі, што спатрэбіўся ўжо на другім кругу праз абломкі на трасе, хутка ад’ехаў ад манэгаска.

У наступны раз яны сустрэліся на трыццаць пятым кругу, калі Макс прарываўся пасля піт-стопу, абагнаўшы і Шарля. Потым ён ад’ехаў ад пілота Ferrari настолькі, што на апошніх кругах правёў яшчэ адзін піт-стоп, атрымаў мяккія шыны і праехаў лепшы круг, за які атрымаў бонусны бал. Леклер, зрэшты, і другім месцам быў задаволены, улічваючы цяперашні стан Скудэрыі. Хаця найбольш задаволеным сабой быў, напэўна, Перэс, які здолеў прарвацца на трэцяе месца. Ён таксама праходзіў трасу чыста не заўсёды, але адрабіўся толькі папярэджаннем.

Пасля дзевяці этапаў сезона ў Ферстапена 229 ачкоў – болей, чым ва ўсёй каманды Mercedes, чыім пілотам было няпроста ў Аўстрыі. Льюіс Хэмілтан, у прыватнасці, праз усё той жа выезд за межы трасы не прайшоў далей першага сегменту ў Sprint Shootout. Сам спрынт сяміразовы чэмпіён скончыў дзясятым, а па выніках галоўнай гонкі, атрымаўшы штраф і па ходу яе, і пасля, стаў толькі восьмым. Яго напарнік Джордж Расэл скончыў заезды на восьмым і сёмым месцах адпаведна.

Таму галоўным пераследнікам Ферстапена ў чэмпіянаце пакуль што застаецца Перэс, у якога 148 ачкоў. Алонса са 131-м балам пакуль што замыкае першую тройку. Red Bull узначальвае Кубак канструктараў, маючы ўжо 377 балаў. У Мерсэдэса, які захоўвае трэцюю пазіцыю, 178 ачкоў, але гэта ўсяго на тры меней, чым у Aston Martin, які ўжо грукаецца знізу.

Гран Пры Вялікабрытаніі пройдзе ўжо ў традыцыйным фармаце, а галоўнае, што ўжо ў бліжэйшы ўік-энд.

Другие посты блога

Все посты