Tribuna/Аўта/мота/Блогі/Гоначная псіхапатыя НЕ ВАЙНЕ!/Падвойны ўдар Team WRT. Экіпажы бельгійскай каманды бліскалі на этапе GT World Challenge Europe у Мізана

Падвойны ўдар Team WRT. Экіпажы бельгійскай каманды бліскалі на этапе GT World Challenge Europe у Мізана

Падвойны ўдар Team WRT. Экіпажы бельгійскай каманды бліскалі на этапе GT World Challenge Europe у Мізана

Перамогі ў абедзюх гонках, хоць і рознымі машынамі – гэта важны поспех у еўрапейскай першасці Gran Turismo. Прычым абодва экіпажы, якія гэтыя перамогі атрымалі, правялі этап на трасе імя Марка Сіманчэлі ў Мізана на высокай ноце і без правалаў.

Магчыма, каб на сябе не адцягваў увагу прыхільнікаў аўтаспорту Гран Пры Эміліі-Раманьі Формулы 1, што ў гэтыя дні праходзіць па суседству ў Імале, арганізатары трэцяга этапу GT World Challenge Europe абодва заезды сваёй серыі правялі ў суботу. І правялі ў даволі незвычайным фармаце.

Гонкі самі па сабе не змяніліся, але першая праходзіла ўдзень, а другая – ужо ўвечары, пры штучным асвятленні. Што, канечне, напэўна накладала свой адбітак, бо праграваць шыны на асфальце, які хутка астывае, дакладна было няпроста.

Аднак гэта не стала заўважнай праблемай для Шарля Віртса і Дрыса Вантора з трыццаць другога экіпажа Team WRT. Затое ёй стаў сястрынскі сорак шосты экіпаж – Максім Мартан і Валянціна Росі, якія заваявалі поўл у першай гонцы і, зразумела, наважваліся на першай жа пазіцыі і фінішаваць.

Пачынаў першую гонку бельгіец, і пачаў добра, захаваўшы лідарства. На хвасце ў сорак шостай BMW M4 GT3 адразу павіснуў пяцьдзесят чацвёрты Porsche 911 GT3 R каманды Dinamic GT з Марвінам Діенстам за стырном. Аднак гэтак жа высока фінішаваць у экіпажа бронзавай катэгорыі не атрымалася, і ўжо Філіп Сагер даехаў толькі чатырнаццатым у абсалюце (але першым сярод бронзавых пілотаў).

Галоўная ж увага была прыцягнутая, бадай, да трыццаць другой BMW калектыву Team WRT, на якім выступаюць Шарль Віртс і Дрыс Вантор. Яны кваліфікаваліся шостымі, але ўжо дзве пазіцыі намаганнямі Вантора адыгралі ўжо цягам першага круга. А затым Дрыс пакінуў ззаду і чатырнаццаты Ferrari 296 GT3 каманды Emil Frey Racing, якім у той момант кіраваў Бэн Грын, чыім напарнікам з’яўляецца Конста Лапалайнен (яны стартавалі другімі).

А вось Діенст, нягледзячы на свой бронзавы статус, аказаўся для Вантора не такой простай здабычай. Бельгіец за ім натуральна захрас і губляў час, тады як сорак шосты экіпаж паступова ад’язджаў. Мартана пры гэтым у боксы на абавязковы піт-стоп заклікалі першым, а вось Дрыс наведаў механікаў кругам пазней. Затое ўжо Віртс не меў пасярэднікаў паміж сабой і Росі, які лідзіраваў наперадзе, і тут пачалося самае цікавае.

Пры ўсім майстэрстве мульцічэмпіёна MotoGP, малады бельгіец у гонках GT ўсё ж такі нашмат болей дасведчаны, тым больш што Вале выехаў на трасу непасродна перад Шарлем. Камандную тактыку ў Team WRT не выкарыстоўваюць, дый Віртс з Ванторам у чэмпіянаце ідуць вышэй за Мартан з Росі, таму на барацьбу было дадзенае зялёнае святло.

Калі б справа ішла не ў Мізана, на трасе прыгожай і тэхнічнай, але цеснай (хаця балідам Формулы Е зусім нядаўна там было зусім не цесна), хутчэй за ўсё Віртс прайшоў бы Росі. Тут жа бельгіец пару разоў быў да гэтага блізкім, асабліва на самых апошніх кругах, але так і застаўся другім, фінішаваўшы ў 0,275 секунды ад Росі, хаця забяспечыўшы пры гэтым дубль Team WRT. Трэця месца занялі аўтары самага, бадай, уражлівага прарыву – Цьеры Вермюлен і Джакама Альтоэ з шэсцьдзесят дзявятага экіпажа Emil Frey Racing, якія на сваёй Ferrari стартавалі адзінаццатымі.

Вечаровы заезд у трыццаць другім экіпажы пачынаў ужо Віртс, і пачынаў яго з поўлу. З задачай Шарль справіўся паспяхова і на старце, і потым на рэстарце пасля аўтамабіля бяспекі, які выехаў на трасу праз здарэнні на першым кругу. Лукас Аўэр на сорак восьмым Mercedes-AMG GT3 EVO каманды Winward Racing Team пераследваў яго на бяспечным аддаленні, што таксама дазволіла трыццаць другому экіпажу спакойна правесці піт-стоп.

А вось Вантор якраз меў пэўны недахоп тэмпу, бо ўжо Мара Энгель, напарнік Аўэра па экіпажы, паступова скарачаў адставанне ад яго. Праўда, ён пры гэтым быў заняты галоўным чынам абаронай ад Мартана. Максім з Валянціна гонку пачыналі пятымі, але абодва праводзілі выдатныя адрэзкі, Росі нават удалася апярэдзіць аднаго з канкурэнтаў непасродна на трасе. Ну а Мартан спрабаваў цяпер знайсці прарэху ў абароне Энгеля.

Але ізноў жа, абганяць у Мізана на такіх буйнагабарытных машынах цяжкавата, тым больш калі перад табой гоншчык узроўня таго ж Энгеля. Мара кожны раз пісьменна «крыўся» і так і не прапусціў Мартана, фінішаваўшы другім. Хаця трэцяе месца таксама стала для Максіма і Росі таксама выдатным дасягненнем.

І, трэба адзначыць, надзвычай важным для Team WRT. Калектыў Венсана Воса цяпер упэўнена ўзначальвае камандны залік, маючы 68 ачкоў і на дзевятнаццаць з паловай апярэджваючы Winward Racing Team, якія застаюцца другімі і ў сваю чаргу апярэджваюць Emil Frey Racing усяго на два балы. Віртс і Вантор цяпер з 49-цю ачкамі лідзіруюць сярод гоншчыкаў, Аўэр з Энегелем другія і саступаюць ім толькі чатыры балы. Мартан з Росі падняліся на трэцюю пазіцыю, у іх 39 ачкоў.

Наступны этап GT World Challenge Europe пройдзе ўжо ў фармаце Endurance, і заезд яго будзе адразу сутачным. Славуты марафон у Спа-Франкаршам будзе праходзіць 26-30 чэрвеня, а тэсты да яго пройдуць у бліжэйшыя аўторак і сераду. Пра падзеі ж гонкі 24 гадзіны Спа вам дакладна распавядуць нашы блог і Тэлеграм-канал Honačnaja psichapatyja. Віримо в ЗСУ! Слава Україні! Жыве Беларусь!

Вы можаце падтрымаць «Гоначную псіхапатыю», што надзвычай важна: Wise: нумар рахунку IBAN BE07 9678 4276 5466, нумар карты 4569 3348 0933 7627. Paysera: нумар рахунку IBAN LT98 3500 0100 1753 9264. Не пераводзьце грошы, калі знаходзіцеся ў Беларусі! Гэта небяспечна для вас!

Іншыя пасты блога

Усе пасты