Ці заслужыў Оскар Піастры сваю першую перамогу на Гран Пры Вугоршчыны?
Фота: formula1.com
Гэтую гонку на Хунгарорынгу ўспамінаць будуць шмат, і не толькі ў стане McLaren. Спрэчкі пра тое, ці абавязаны быў Ланда Норыс аддаваць першую пазіцыю, ды яшчэ такім чынам, як ён гэта зрабіў, скончацца не хутка. Эксперты і каментатары ўжо ўспамінаюць Гран Пры Аўстрыі 2002 года. Ці справядліва?
Першая думка, якая тут, насамрэч, прыходзіць у галаву – гэта што жыццё наогул несправядлівае. У адных усё, у другіх нічога, адны заслугоўваюць мець штосьці або чагосьці дасягаць больш за іншых і наадварот. Гонкі – гэта таксама жыццё, і ў ім/у іх справядлівасці не болей, асабліва ў Формуле 1.
Павінен быў Ланда Норыс прапускаць Оскара Піастры пад фініш Гран Пры Вугоршчыны, калі ён упэўнена лідзіраваў? Правільнага адказу ў сітуацыі, калі ў кожнага свая праўда, не знайсці. Таму мы проста паспрабуем прааналізаваць, як у McLaren атрымалася давесці сітуацыю да такой развязкі. І спрагназаваць, чым гэта камандзе з Уокінга пагражае.
Што менавіта ён заслугоўвае ўзысці на вяршыню подыуму Хунгарорынга, Ланда Норыс даказаў у кваліфікацыі, якую напярэдадні выйграў. Але яго Оскар у суботу саступіў яму ўсяго 0,022 секунды, а стартаваў наогул заўважна лепей, фактычна ўвайшоўшы ў першы паварот лідарам. Пры гэтым Норыс яшчэ і трохразовага і дзейнага чэмпіёна Макса Ферстапена, які стартаваў следам, наперад прапусціў.
Праўда, хутка нідэрландзец аддаў брытанцу пазіцыю, бо заваяваў яе, атакаваўшы за межамі трасы. Натуральна, ён сам з такой пастаноўкай пытання быў не згодны, маўляў, яго выціснулі (хаця на ўсіх паўторах было бачна, што гэта не так). Хаця па тэмпе Red Bull гэтым разам усё роўна на лідарства не прэтэндаваў, што паказалі далейшыя падзеі.
Сітуацыя наперадзе потым даволі доўга была стабільнай: Піастры лідзіраваў і ішоў да гэтай самай сваёй першай у сваёй кар’еры перамогі. Норыс аб’ектыўна яго не даганяў, знаходзячыся на другой пазіцыі і хіба што кантралюючы адрыў ад Ферстапена, які пасля свайго піт-стопу на дваццаць першым кругу прапусціў наперад сяміразовага чэмпіёна з Mercedes Льюіса Хэмілтана, які тыднем раней трыумфальна выйграў свой хатні Гран Пры Вялікабрытаніі.
Да гэтага боксы наведалі і гоншчыкі McLaren – спачатку Норыс, затым Піастры. Напэўна, калі ўжо ў камандзе дамовіліся аб нечым перад гонкай, варта было б далей развесці сваіх пілотаў па тактыцы – запланаваць для іх адрэзкі рознай даўжыні на розных тыпах шын. Аднак прыпыніліся яны з розніцай у круг, перайшоўшы з новага «медыума» на ўжываны «хард».
На цвёрдай гуме Ланда ў пэўны момант пачаў пад’язджаць да Оскара, тым больш што той сам дапамог невялікай памаркай на сорак першым кругу, калі выехаў за межы трасы. І пасля другой хвалі піт-стопаў, калі абодва прадстаўнікі McLaren атрымалі ўжываныя шыны сярэдняй жорсткасці, наперадзе апынуўся менавіта брытанец, які апярэджваў напарніка болей чым на тры секунды. Памылка каманды, якую варта было б прызнаць і дазволіць фінішаваць першым Норысу, якому да таго ж стратэгічна ачкі болей патрэбныя – ён-та ў чэмпіянаце другі.
Замест гэтага Норыса спачатку проста папрасілі прапусціць Піастры, калі яму будзе зручна. Відавочна, для гэтага Ланда прыйшлося б занадта запаволіцца, хаця ён ішоў у тэмпе вышэйшым, чым у Оскара. І ў гэты момант ужо ён заслугоўваў перамогу, аднак з боксаў яму пачалі спачатку намякаць (маўляў, шыны трэба берагчы ў тым павароце, у гэтым), пасля брытанцу пачалі нагадваць пра камандныя інтарэсы і ранішнія размовы кожную нядзелю.
Норыс жа дэманстрацыйна ад’язджаў усё далей, пакуль не ад’ехаў на шэсць секунд. І толькі за тры кругі да фінішу – таксама дэманстрацыйна – збавіў тэмп на галоўнай прамой і даў Піастры прайсці наперад. Ачкоў адносна Red Bull у McLaren адыгралі ўчора багата, але напэўна ж можна было адыграць столькі ж і без такіх рэпутацыйных страт.
Ну але хаця б адыграліся адносна Red Bul, гэта праўда. І дзякуючы ўжо не правалу Перэса. Серхіа ізноў ускладніў сваё і так незайздроснае становішча аварыяй у кваліфікацыі, якая прывяла да першых чырвоных сцягоў (другія ў фінале зладзіў магчымы кандыдат на месца Чэка з RB Юкі Цунода). Гонку-та мексіканец правёў паспяхова, стартаваўшы шаснаццатым і фінішаваўшы сёмым. А вось Ферстапен…
Прапусціўшы Хэмілтана наперад пасля першага піт-стопу, Макс пачаў на яго насядаць, імкнучыся адваяваць трэцяе месца. Барацьба двух чэмпіёнаў працягвалася да моманту, пакуль сяміразовы на сорак першым кругу не правёў другі-піт стоп. Ферстапен прыпыніўся праз дзевяць кругоў, прапусціўшы яшчэ і пілота Ferrari Шарля Леклера, але з манэгаскам Макс справіўся, абагнаўшы яго на сорак сёмым кругу.
Неўзабаве пілот Red Bull пад’ехаў і да Хэмілтана і атакаваў яго зноў, але Льюіс адбіўся. А пазней, відаць, сур’ёзна выведзены з раўнавагі Ферстапен (ён сам жорстка вінаваціў свой калектыў у тым, што яго гонка зруйнаваная непісьменнай стратэгіяй, а ён яе цяпер спрабуе ўратаваць) здзейсніў зусім ужо дзіцячы ўчынак, не варты чэмпіёна, за які па радыё атрымаў на арэхі нават ад свайго гоначнага інжынера Джанп’ера Ламб’язэ, які да гэтага кожны раз выразна абараняў пазіцыю свайго падначаленага.
На шэсцьдзесят трэцім кругу, атакуючы Льюіса ізноў, Макс заблакаваў шыны на тармажэнні перад першым паваротам і апынуўся на траекторыі брытанца, які ўжо пачаў паварочваць. Балід нідэрландца падскочыў на правым пярэднім коле машыны Хэмілтана і апынуўся за межамі трасы. Ферстапен прапусціў і Хэмілтана, і Леклера, задаволіўшыся ў выніку толькі пятым месцам.
Лідарам чэмпіянату з 265-цю ачкамі Макс застаўся, хаця яшчэ крыху бліжэй да сябе падпусціў Норыса, у якога 189 балаў. Трэці па-ранейшаму Леклер, у якога 162 пункты. Нашмат цікавей сітуацыя ў Кубку канструктараў, дзе Red Bull таксама па-ранейшаму лідзіруе, маючы 389 балаў, але McLaren цяпер на другой пазіцыі і з 338-мю ачкамі – паміж дзвюма камандамі зусім не прорва. Ferrari, у якой 322 ачкі, апусцілася на трэцюю пазіцыю.
Гісторыя на Гран Пры Вугоршчыны дакладна не палепшыла атмасферу ў МакЛарэне, хаця паміж Оскарам і Ланда, на шчасце, паразуменне захавалася. Ніхто з іх, у тым, што адбылося, не вінаваты, а вось давер да кіраўніцтва, асабліва ў выпадку з Норысам, напэўна падарваны. Пры гэтым Піастры сваю першую ў кар’еры перамогу абсалютна заслужыў. Не яго віна, што яна атрымалася з такім непрыемным прысмакам.
Паглядзім цяпер, ці атрымае гэтая сітуацыя развіццё на гэтым тыдні на Гран Пры Бельгіі ў Спа, пасля якога Формула 1 сыйдзе на летні адпачынак. Ён зараз будзе надзвычай дарэчным для ўсіх, хаця нашы блог і Тэлеграм-канал Honačnaja psichapatyja адной Формулай 1 не абмяжоўваюцца, і таму працягнуць сваю працу. Віримо в ЗСУ! Слава Україні! Жыве Беларусь!
Падтрымаць «Гоначную псіхапатыю»: Wise: нумар рахунку IBAN BE07 9678 4276 5466, нумар карты 4569 3348 0933 7627. Paysera: нумар рахунку IBAN LT98 3500 0100 1753 9264. Buy Me A Coffee. Не пераводзьце грошы, калі знаходзіцеся ў Беларусі! Гэта небяспечна для вас!