У Парцімане ў Разгатліоглу атрымалася ізноў, у Баўцісты атрымалася амаль. Топрак – двухразовы чэмпіён WorldSBK?
Фота: worldsbk.com
Двухразовы і дзейны чэмпіён свету па Супербайку Альвара Баўціста ў мінулыя выхадныя на этапе ў Парцімане меў магчымасць хаця б часткова адыграць адставанне ў турнірнай табліцы ад свайго канкурэнта з ROKiT BMW Motorrad WorldSBK Team. Але замест гэтага іспанец толькі ўскладніў сваё становішча, і цяпер хіба што цуд можа дапамагчы яму абараніць свой тытул. Разгатліоглу ж, наадварот, упэўнена рухаецца да свайго другога.
Аднак, дзеля справядлівасці, такім дамінатарам, як у Мізана, Донінгтане і Мосце, на партугальскім этапе Эль Турка не выглядаў. Так, ён выйграў кваліфікацыю, але за перамогі ў гонках яму прыйшлося біцца. Старт першай у суботу, напрыклад, выйграў гоншчык Kawasaki Racing Team WorldSBK Алекс Лоўс, які праз пару кругоў першую пазіцыю саступіў, але не лідару чэмпіянату, а прадстаўніку Barni Spark Racing Team на кліенцкай Ducati Panigale V4 Даніла Петручы.
І калі Лоўс затым паступова пазіцыі губляў, фінішаваўшы ў выніку на пятай, то Петрукс утрымліваў першую да дванаццатага круга, на якім Разгатліоглу нарэшце яго апярэдзіў. Адзіным жа, хто ў суботу мог паспрачацца з Топракам, быў якраз Баўціста, які стартаваў не лепшым чынам, адкаціўшыся з шостай пазіцыі на дзясятую, затое потым абганяў аднаго канкурэнта за другім.
Апошнім, каго іспанец з Aruba.it Racing – Ducati пакінуў ззаду, быў якраз Петручы. Да Разгатліоглу Альвара паспеў толькі наблізіцца на адлегласць атакі, але да самой атакі давесці справу не паспеў, задаволіўшыся другім месцам. Петручы заняў трэцяе, даўшы зразумець, што і ён у гэты ўік-энд статыстам не будзе, што пацвердзіў і на наступны дзень. Дакладней, на наступны вечар, бо заезды сусветнага Супебрайка ў Парцімане якраз увечары і праходзілі, у тым ліку нядзельны Суперпоўл-спрынт.
Яго старт выйграў якраз Петручы, але хутка спачатку Алекса Лоўса, а потым і яго апярэдзіў Разгатліоглу, які потым упэўнена перамог. Даніла ж спрачаўся з Лоўсам за другую пазіцыю, на якую зрабіў быў заяву і напарнік Разгатліоглу па камандзе Міхаэль ван дэр Марк. Але Лоўс не дазволіў нідэрландцу ўтрымацца ў першай тройцы, замкнуўшы яе.
Баўціста ў Суперпоўл-спрынце выступіў не так выразна, як у першай гонцы напярэдадні. Фінішаваў ён шостым, непасродна за сваім напарнікам Нікола Булегай, у якога цяжка праходзіў якраз першы заезд. Малады італьянец у Парцімане сутыкнуўся з праблемамі з рухавіком яго матацыкла, якія перашкодзілі яму нармальна патрэніравацца ў пятніцу, а ў суботняй гонцы, стартаваўшы чацвёртым, адмашку клецістым сцягам ён атрымаў сёмым.
Але ў нядзелю справы ў Булегаса пайшлі лепей, і так атрымалася, што менавіта ён прыняў на сабе ролю першага нумару ў Aruba.it Racing – Ducati пасля таго, як штандар з ім выпаў з рук Баўцісты ў другой гонцы. Старт якой ізноў выйграў Петручы, які, зрэшты, толькі да трэцяга павароту пабыў лідарам пелатону, пасля чаго саступіў гэтую ролю Разгатліоглу. Пасля гэтага, дарэчы, Петрукс дапусціў памылку і адкаціўся на дзявятую пазіцыю, хаця затым часткова адыграўся, фінішаваўшы пятым.
Хаця і Разгатліоглу адпачываць не давялося, бо ён таксама памыліўся ў пятым павароце і прапусціў наперад Лоўса, а іх абодвух абагнаў ван дэр Марк, які выйшаў у лідары і, здавалася, рыхтаваўся прынесці ROKiT BMW Motorrad WorldSBK Team першы дубль. Праўда, хутка Міхаэль прапусціў наперад Алекса з Топракам, паміж якімі неўзабаве таксама адбыўся размен пазіцыямі, калі турак, скарыстаўшыся на галоўнай прамой сліп-стрымам, апярэдзіў брытанца (згубіўшы пры гэтым пярэдняе крыло свайго байка).
Што да ван дэр Марка, то ў яго не атрымалася прынесці камандзе дубль, фінішаваўшы і другім – ён паступова адкаціўся на сёмую пазіцыю. Надзеі на першыя дзве пазіцыі на фінішы былі і ў Aruba.it Racing – Ducati, і надзеі больш абгрунтаваныя. Той жа Баўціста быў хуткім, і калі пасля памылкі Лоўса ён выйшаў на другую пазіцыю, то пачаў хутка набліжацца і да Разгатліоглу, а Булега акурат за ім быў як мінімум не меней хуткім.
За пяць кругоў да фінішу Альвара вісеў на заднім коле ў Топрака і рыхтаваўся правесці вырашальную атаку. Але замест яе зрабіў памылку ў пятым павароце, дзе злавіў лоўсайд і страціў надзеі на перамогу. Іспанец фінішаваў, але толькі дзявятнаццатым, застаўшыся без ачкоў. Булега ж пасля няўдачы напарніка імгненна наблізіўся да Разгатліоглу, і прэсінгаваў яго да самага фінішу, саступіўшы ў выніку турку ўсяго 0,035 секунды! Нікола, адпаведна, заняў другое месца, трэцім фінішаваў Лоўс.
Чацвёрты запар хэт-трык Разгатліоглу дазволіў яму атрымаць камфортную перавагу ў чэмпіянаце, які ён узначальвае, маючы 365 ачкоў. Булега, які займае другую пазіцыю, мае 273 і пакуль што з’яўлецца фактычным лідарам каманды, на пяцьдзясят балаў апярэджваючы Баўцісту, які замыкае першую тройку. BMW паступова нарошчвае перавагу ў заліку вытворцаў, дзе мае 374 балы, на дваццаць апярэджваючы Ducati, якая ідзе другой, і на шэсцьдзесят Kawasaki, якая займае трэцюю пазіцыю.
Сусветны Супербайк пасярэдзіне свайго сезона можа дазволіць сабе некалькі месячных паўз, і пасля Парцімана сыходзіць ужо на трэцюю. Наступны этап пройдзе 6-8 верасня ў французскім Маньі-Куры, але нашы блог і Тэлеграм-канал Honačnaja psichapatyja знойдуць, пра што распавесці сваім чытачам і падпісчыкам, тым больш што іншыя чымпіянаты свету свае адпачынкі або скончылі, або скончаць у хуткім часе. Віримо в ЗСУ! Слава Україні! Жыве Беларусь!
Падтрымаць «Гоначную псіхапатыю»: Paysera: нумар рахунку IBAN LT98 3500 0100 1753 9264. Buy Me A Coffee. Не пераводзьце грошы, калі знаходзіцеся ў Беларусі! Гэта небяспечна для вас!