Tribuna/Аўта/мота/Блогі/Гоначная псіхапатыя НЕ ВАЙНЕ!/Ушчыльненне турнірных табліц на мотакросавым Гран Пры Швецыі

Ушчыльненне турнірных табліц на мотакросавым Гран Пры Швецыі

Ушчыльненне турнірных табліц на мотакросавым Гран Пры Швецыі

Фота: mxgp.com і x.com/MXGP

Сезон чэмпіянату свету па мотакросе 2024 года выходзіць на фінішную прамую, а барацьба за тытулы і не думае губляць сваёй вастрыні. І па выніках гонак у шведскай Удэвале свае амбіцыі абазначылі не толькі ўладальнікі чырвоных таблічак лідараў.

У малодшай катэгорыі MX2, дзеля справядлівасці, уладальнік гэты – гоншчык Nestaan Husqvarna Factory Racing Кай дэ Вольф – пачуваецца ўсё ж такі даволі камфортна. Нідэрландзец можа дазволіць сабе нават часам памыляцца, што з ім адбылося і ў мінулыя выхадныя на шведскім этапе.

Пачаў яго Кай зусім нядрэнна, выйграўшы кваліфікацыйную гонку, але нядзеля для яго стала не такой простай. Ён не лепшым чынам пачаў першы з галоўных заездаў, выехаўшы на першым кругу за межы трасы ў другім павароце і адкаціўшыся ў сярэдзіну другой дзясяткі, а на другім кругу яшчэ і ўпаў. Хаця тэмп пасля гэтых непрыемнасцей лідар чэмпіянату захаваў і фінішаваў сёмым.

Хол-шот жа ў першай гонцы выйграў прадстаўнік Red Bull GASGAS Factory Racing Сімон Лангенфельдэр, аднак яго на першых кругах апярэдзіў партнёр дэ Вольфа па камандзе Лукас Коэнэн. Бельгіец і выйграў заезд, а Лангенфельдэра пазней адцясніў на трэцюю пазіцыю яго канкурэнт з Monster Energy Triumph Racing Мікел Хааруп. Яны фінішавалі другім і трэцім адпаведна.

Другая гонка для Лангенфельдэра склалася аналагічным чынам – хол-шот на старце і трэцяя пазіцыя на фінішы. Хіба што гэтым разам акрамя Коэнэна ён прапусціў наперад пакуль што дзейнага чэмпіёна з Red Bull KTM Factory Racing Андрэа Адама, які ў папярэднім заездзе фінішаваў чацвёртым. У выніку італьянец заняў па выніках Гран Пры Швецыі другое месца, а Лангенфельдэр стаў трэцім.

Лукас Коэнэн, выйграўшы другую гонку, стаў пераможцам этапу, тады як дэ Вольф, які другі заезд скончыў на чацвёртай пазіцыі, задаволіўся выніковым пятым месцам. Лідарам чэмпіянату ён з 725-цю ачкамі застаўся, аднак дазволіў Коэнэну, у якога 676 пунктаў, крыху наблізіцца да сябе. Хаця галоўным чынам, калі шчыра, Лукас змагаецца з Лангенфельдэрам, які мае 653 балы і па-ранейшаму замыкае першую тройку. Залік вытворцаў у MX2, маючы 821 бал, узначальвае Husqvarna, KTM з 725-цю ачкамі на другой пазіцыі, трэці GASGAS, у якога 660 ачкоў.

А вось лідару турнірнай табліцы ў старэйшай катэгорыі MXGP Ціму Гайсэру зусім не так камфортна, як дэ Вольфу ў MX2. Славенец з заводскай Хонды таксама ў суботу перамог у кваліфікацыйным заездзе, аднак сутыкнуўся з супрацівам з боку супернікаў у нядзелю. І найперш – з боку свайго галоўнага канкурэнта, дзейнага чэмпіёна Хорхе Прада.

Хаця бліскаў у Удэвале не толькі іспанец з GASGAS. Хол-шот у першай гонцы выйграў прадстаўнік Kawasaki Racing Team Рамэн Фэвр, у якога на першым кругу лідарства перахапіў мясцовы герой Ісак Гіфцінг, які выступае за JK Racing Yamaha. Прычым контратакаваць у Фэвра не атрымалася, і ён сам прапусціў яшчэ і свайго напарніка Джэрэмі Сівера.

Гайсэр жа ў пачатку гонкі сышоўся на трасе з канкурэнтам з KTM Джэфры Херлінгсам. Нідэрландзец у выніку зрабіў візіт за межы трасы і вымушаны быў прарывацца скрозі пелатон, дабрацца ён паспеў толькі да пятай пазіцыі, тады як Гайсэр фінішаваў другім. На старце Цім апярэдзіў быў Прада, але Хорхе пазней ліхім манеўрам апярэдзіў яго ў канцы прамой перад боксамі.

І гэта быў абгон у спрэчцы за лідарства, бо Гайсэр да таго моманту паспеў абагнаць і Гіфцінга, і Сівера, паміж якімі размен пазіцыямі адбыўся на чацвёртым кругу. Прада ў выніку выйграў заезд, Гайсэр фінішаваў другім, а Сівер пазней саступіў трэцюю пазіцыю Фэвру. Гіфцінг жа пасля ўражлівага старту атрымаў адмашку клецістым сцягам толькі сёмым.

Ісак паспрабаваў усё ж такі парадаваць суайчыннікаў на трыбунах у другой гонцы. У ёй хол-шот дастаўся гоншчыку Fantic Factory Racing Глэну Колдэнхофу, а малады швед размясціўся адразу за ім. Але ні ён, ні нідэрландзец многага не дабіліся, фінішаваўшы, адпаведна дзясятым і шостым. Лідарства ўжо на першых кругах захапіў Прада, Херлінгс прабіўся на другую пазіцыю, але ўгнацца за іспанцам не меў магчымасці, фінішаваўшы другім амаль у чатырнаццаці з паловай секундах за Хорхе.

У некалькіх секундах за Джэфры ўвесь час трымаўся Гайсэр, які трэцім і фінішаваў, але на подыуме потым стаяў на другой пазіцыі, тады як Херлінгсу дасталася трэцяя. Прада з перамогамі ў абедзвюх гонках выйграў і Гран Пры Швецыі, дзякуючы чаму наблізіўся да Гайсэра ў чэмпіянаце.

Цім па-ранейшаму першы, ён мае 757 ачкоў, але ў Хорхе іх 740. Херлінгс з 709-цю пунктамі трэці і патэнцыйна таксама змагаецца за тытул. Залік вытворцаў узначальвае Honda, у якой 774 балы, GASGAS мае 740 і ідзе другім, KTM з 721-м балам замыкае першую тройку.

Ужо ў гэты ўік-энд у Арнэме пройдзе і наступны этап чэмпіянату свету па мотакросе – Гран Пры Нідэрландаў. Нашы блог і Тэлеграм-канал Honačnaja psichapatyja распавядуць і пра яго, і пра іншыя гонкі, а таксама ўспомняць і пра Формулу 1 – сачыце за публікацыямі. Віримо в ЗСУ! Слава Україні! Жыве Беларусь!

Падтрымаць «Гоначную псіхапатыю»: Paysera: нумар рахунку IBAN LT98 3500 0100 1753 9264. Buy Me A Coffee. Не пераводзьце грошы, калі знаходзіцеся ў Беларусі! Гэта небяспечна для вас!