Сцены дапамаглі ўсім па-рознаму. Па-сапраўднаму на мотакросавым Гран Пры Нідэрландаў бліснуў толькі адзін нідэрландзец
Фота: mxgp.com
Прадстаўнікоў краіны цюльпанаў у чэмпіянаце свету па мотакросе хапае, але на сённяшні дзень нідэрландцы найперш заўзеюць за двух – лідара турнірнай табліцы ў малодшай катэгорыі MX2 Кая дэ Вольфа і неаднаразовага чэмпіёна і аднаго з фаварытаў старэйшай катэгорыі MXGP Джэфры Херлінгса. Абодва сваіх суайчыннікаў на хатнім Гран Пры ў Арнэме ў мінулыя выхадныя парадавалі, хаця і крыху ў рознай ступені.
Каю, зрэшты, спяшацца няма куды, і галоўнае для яго зараз не рабіць дурных памылак. Такіх ён перад хатнімі трыбунамі і не нарабіў, хаця зусім без іх у лідара чэмпіянату не абышлося. Чым скарыстаўся яго напарнік па Nestaan Husqvarna Factory Racing Лукас Коэнэн, які гэтым разам выступіў хоць і крыху, але болей удала і яшчэ, ізноў жа, крыху, наблізіўся да дэ Вольфа ў чэмпіянаце.
Нідэрландзец таксама не быў у Арнэме статыстам, выйграўшы кваліфікацыйную гонку ў суботу і нядрэнна пачаўшы першую ў нядзелю. Хол-шот у ёй выйграў брат Лукаса Коэнэна Саша, які выступае за Red Bull KTM Factory Racing і якога цягам ужо першага круга апярэдзіў яго партнёр па камандзе Ліам Эвертс. Але ўсё на тым жа першым кругу паміж двума бельгійцамі ўціснуўся дэ Вольф, які раней абагнаў яшчэ аднаго прадстаўніка KTM, дзейнага чэмпіёна Андрэа Адама.
Для Лукаса Коэнэна першы заезд выдаўся болей складаным, першы круг ён скончыў толькі на шостай пазіцыі. Ён цяжка праціскаў абарону спачатку канкурэнта з Monster Energy Triumph Racing Камдэна МакЛелана, а потым Адама. Сашы, зрэшты, было яшчэ складаней, ён неўзабаве пачаў губляць пазіцыі, фінішаваўшы толькі дзясятым.
Тым часам дэ Вольф праціснуў абарону Эвертса і пачаў быў адрывацца, але яго напарнік, на пятым кругу ў сваю чаргу пакінуўшы ззаду Ліама (які, забягаючы наперад, фінішаваў трэцім), нагадаў Каю, што не толькі ў яго самы хуткі матацыкл у пелатоне. Лукас хутка скараціў адставанне ад дэ Вольфа і ціснуў на яго да самага фінішу, саступіўшы нідэрландцу меней за секунду.
Другую гонку хол-шотам пачаў ізноў Саша Коэнэн, але ізноў жа надоўга на першай пазіцыі ён не затрымаўся, хаця фінішаваў гэтым разам лепей, чым у першым заездзе – на шостай пазіцыі. Дзеля справядлівасці, і страціў лідарства ён не адразу, а толькі на пятым кругу, прапусціўшы наперад, аднак, не дэ Вольфа, які раней абагнаў некалькіх супернікаў і вырваўся быў на другую пазіцыю. Але затым Кай упаў і адкаціўся назад.
Таму першым, каго прапусціў Саша Коэнэн, быў Лукас, які за першыя кругі таксама пакінуў ззаду некалькіх супернікаў. Саша ж затым, наадварот, некалькіх прапусціў, у тым ліку дэ Вольфа, які фінішаваў чацвёртым. Другім жа і трэцім адмашку клецістым сцягам атрымалі Адама і МакЛелан. Лукас Коэнэн жа выйграў другую гонку, а з ёй і Гран Пры Нідэрландаў, дэ Вольф на хатнім этапе задаволіўся другім месцам, трэцяе заняў Адама.
Лідарства ў чэмпіянаце дэ Вольф пры гэтым захаваў, хаця і дазволіў Лукасу Коэнэну яшчэ наблізіцца да сябе – у іх цяпер 777 ачкоў і 773 адпаведна. Прадстаўнік Red Bull GASGAS Factory Racing Сімон Лангенфельдэр, які замыкае першую тройку, ад пары гоншчыкаў Хускварны ўжо далёка, ён мае 676 балаў. Немец у Арнэме выступіў невыразна, фінішаваўшы дзявятым у першай гонцы і дзясятым у другой. Залік вытворцаў у MX2 узначальвае Husqvarna, у якой 881 бал, KTM з 775-цю на другой пазіцыі, GASGAS, у якога 683 пункты, трэці.
Вось Джэфры Херлінгс сваіх фанатаў на трыбунах парадаваў без абмовак. І не толькі ён, бо кваліфікацыйную гонку напярэдадні выйграў яшчэ адзін нідэрландзец – прадстаўнік Fantic Factory Racing Глэн Колдэнхоф, які, дарэчы, і ў нядзелю выступіў вельмі нядрэнна. Ён выйграў хол-шот у першым заездзе, а фінішаваў у ім трэцім, прапусціўшы толькі дзейнага чэмпіёна з GASGAS Хорхе Прада і свайго суайчынніка Херлінгса.
Для Джэфры першая гонка пачыналася даволі складана, ён спачатку апынуўся на сёмай пазіцыі і вымушаны быў прабівацца скрозь натоўп хуткіх супернікаў. Але не забываемся пра тое, што яго самога не выпадкова назвалі Куляй. На пятым кругу ад Прада яго аддзялала васямнаццаць секунд і трое супернікаў, з першым з якіх – гоншчыкам Kawasaki Racing Team Рамэнам Фэврам – Херлінгс разабраўся на тым жа пятым кругу.
Лідар чэмпіянату з заводскай Хонды Цім Гайсэр быў для нідэрландца наступным кандыдатам на абгон, але гэты абгон адбыўся толькі бліжэй да фінішу – на трынаццатым кругу. Затое і Колдэнхоф, і Прада пасля гэтага былі ўжо зусім блізка, і атакі на іх Джэфры надоўга адкладаць не стаў і неўзабаве правёў іх, прычым ледзь не з кантактамі ў паветры. Затое абедзве былі паспяховымі, і да фінішнай брамы Херлінгс дабраўся першым.
Колдэнхоф адзначыўся хол-шотам і ў фінальнай гонцы ўік-энду, першы круг якой запомніўся таксама адчайнай – і прынцыповай! – барацьбой Прада і Гайсэра ў Глэна за спінай. Хорхе скарыстаўся быў памаркай з боку Херлінгса, дзякучы якой падабраўся да Ціма, якія разам з Джэфры хутка пасля гэтага ўтрох прайшлі Колдэнхофа, які гэтым разам задаволіўся чацвёртай пазіцыяй на фінішы, што, аднак, усё роўна стала выдатным дасягненнем.
Аднак галоўная ўвага мясцовых фанатаў была скіраваная, канечне, на Херлінгса, і ён сваіх суайчыннікаў парадаваў зноў, калі на восьмым кругу разам абышоў і Гайсэра, і Прада, захапіўшы лідарства, пачаўшы адрывацца і выйграўшы і другі заезд, і хатні Гран Пры. Прада, двойчы фінішаваўшы другім, другое месца па выніках этапу і заняў, Гайсэр стаў трэцім і ў другой гонцы (першую славенец скончыў на чацвёртай пазіцыі), і ў фінальным пратаколе Гран Пры Нідэрландаў.
На якім, дарэчы, адбылося вяртанне ў сусветны мотакрос легендарнага Антоніа Кайролі, які пасля разрыву сувязей з KTM узяўся вучыць ездзіць першы ў гісторыі мотакросавы байк Ducati – Desmo450 MX. Дэбют яго і адбыўся ў Арнэме, хоць і не надта гучны (а такога ніхто і не патрабаваў). Тым не менш італьянец на італьянскім матацыкле фінішаваў у абедзвюх гонках, прычым у абедзвюх пятнаццатым. У наступным годзе кампанія з Борга-Панігале, да перамог якой у MotoGP і сусветным Супербайку мы ўжо прызвычаіліся, распачне паўнавартасную праграму і паспрабуе дабіцца поспеху і ў MXGP.
Хто яго даб’ецца ў гэтым сезоне – пытанне пакуль адкрытае. Гайсэр з 801-м ачком лідзіруе ў чэмпіянаце, але Прада саступае яму ўсяго дзевяць пунктаў. Дый Херлінгс, які па-ранейшаму замыкае першую тройку, даволі блізка – у яго 766 балаў. Honda ў заліку вытворцаў лідзіруе таксама не за яўнай перавагай, маючы 818 ачкоў супраць 792-х у GASGAS, які ідзе другім. KTM з 778-мю пунктамі трэці.
Праўда, і фініш сезону ўжо блізка, засталося толькі чатыры этапы. Наступны – Гран Пры Швейцарыі – пройдзе ўжо ў бліжэйшыя выхадныя ў Фраўэнфельдзе. За ім і не толькі абавязкова будуць сачыць нашы блог і Тэлеграм-канал Honačnaja psichapatyja. Віримо в ЗСУ! Слава Україні! Жыве Беларусь!
Падтрымаць «Гоначную псіхапатыю»: Paysera: нумар рахунку IBAN LT98 3500 0100 1753 9264. Buy Me A Coffee. Не пераводзьце грошы, калі знаходзіцеся ў Беларусі! Гэта небяспечна для вас!