Tribuna/Аўта/мота/Блогі/Гоначная псіхапатыя НЕ ВАЙНЕ!/Пераварот шахматнай дошкі, але ці не запозна? Што можа значыць перамога Ланда Норыса на Гран Пры Нідэрландаў

Пераварот шахматнай дошкі, але ці не запозна? Што можа значыць перамога Ланда Норыса на Гран Пры Нідэрландаў

Пераварот шахматнай дошкі, але ці не запозна? Што можа значыць перамога Ланда Норыса на Гран Пры Нідэрландаў

Фота: formula1.com

Фінішаваўшы другім у хатняй гонцы, трохразовы і дзейны чэмпіён Формулы 1 Макс Ферстапен выглядаў даволі сумным. Але ці на самой справе ў яго ёсць падставы для суму, прынамсі, у гэтым сезоне? І што значаць апошнія поспехі McLaren у доўгатэрміновай перспектыве?

Пачну, бадай, з адказу на апошняе пытанне (не сурочыць бы!): нас чакае надзвычай цікавы наступны сезон. На сёння ў чэмпіянаце свету ёсць як мінімум дзве топ-каманды з моцнымі пілотамі, і ўсё было б зусім добра, калі б адна з іх у першых гонках сезону бягучага выглядала гэтак жа файна, як у апошніх.

Я пісаў пра гэта, калі падводзіў прамежкавыя вынікі падчас паўзы пасля Гран Пры Бельгіі. Макс Ферстапен і Red Bull настолькі эфектыўна правялі першыя гонкі гэтага сезону, што ачковага запасу (у чэмпіянаце пілотаў, бо пра Кубак канструктараў гаворка асобная) ім дагэтуль хапае для ўпэўненага лідарства.

Але прайграваць на хатнім Гран Пры, на якім трыбуны заўзеюць, здаецца, за цябе аднаго, усё роўна непрыемна, і настрой Ферстапена пасля гонкі ў Зандварце быў зразумелы. Не для таго Макс тры гады запар тут перамагаў, каб цяпер фінішаваць усяго толькі другім, і нават упэўненае лідарства ў чэмпіянаце ў гэтым выпадку не дапамагае.

Зрэшты, яшчэ ў пятніцу было зразумела, што нідэрландзец не з’яўляецца гэтым разам галоўным прэтэндэнтам на перамогу. Адным з іх – так, але не галоўным, і на вяршынях пратаколаў свабодных практык, у адрозненні ад таго ж Норыса і дыскваліфікаванага пасля перамогі ў Спа пілота Mercedes Джорджа Расэла, мы яго не бачылі.

Хаця за поўл Макс усё ж такі пазмагаўся, хаця і саступіў у выніку дуэль за яго ізноў жа Норысу. Праўда, статыстыка была не на карысць брытанца, які да гэтага тройчы стартаваў першым, але гонак пры гэтым не выйграваў. Вось і ўчора на старце гонкі многія адчулі дэжавю, калі Ферстапен, а не Ланда, лідарам увайшоў у першы паварот.

Адразу пасля гэтага дзейны чэмпіён нават ад’ехаў ад свайго пераследніка болей чым на секунду і, здавалася, атрымаў перавагу, бо меў перад сабой чыстую трасу. Але праблемы з балансам баліду RB20 хутка далі пра сябе ведаць, і далей адрыў Макса не рос. Наадварот, Норыс пачаў набліжацца і на сямнаццатым кругу апярэдзіў Ферстапена.

У Red Bull паспрабавалі былі адказаць ранейшым піт-стопам, які Макс правёў на дваццаць сёмым кругу (Ланда наведаў боксы кругам пазней), але гэта мела б плён толькі пры наяўнасці перавагі ў тэмпе. А яна была якраз у брытанскага пілота McLaren, і ён пасля свайго прыпынку вярнуўся на трасу ў пяці секундах перад Ферстапенам.

Абодва пры гэтым перайшлі з шын Medium на цвёрдыя, і для абодвух жа гэта быў адзіны піт-стоп. Так што змяніць сітуацыю мог хіба што аўтамабіль бяспекі, верагоднасць выезду якога ў Зандварце даволі высокая. Але ліміт аварый быў выбраны падчас вольных практык, таму Норыс атрымаў другую ў кар’еры і абсалютна пераканаўчую перамогу, яшчэ і лепшы круг паказаўшы пад клецісты сцяг.

Ферстапен фінішаваў другім амаль у дваццаць трох секундах за Ланда, а замкнуў першую тройку пілот Ferrari Шарль Леклер. Што, дарэчы, для прыхільнікаў манэгаска ў прыватнасці і Скудэрыі наогул стала прыемным сюрпрызам. Пасля поспеху ў Манака, якога якраз Шарль і дабіўся, справы ў калектыву з Маранэла ішлі так сабе. Не быў выключэннем і Зандварт, дзе Леклер кваліфікаваўся шостым, а Карлас Сайнс наогул адзінаццатым (дзясятым пераможца Гран Пры Аўстраліі стартаваў толькі дзякуючы дыскваліфікацыі за неадпаведнае правілам днішча баліда пілота Williams Алекса Албана), аднак у гонцы абодва выглядалі нядрэнна.

Магчыма, паспрыялі надворныя ўмовы – у нядзелю ў Зандварце было крыху халаднавацей, чым у суботу. Так ці інакш, у гонцы Сайнс абганяў супернікаў непасрэдна на трасе, фінішаваўшы пятым, а ў выпадку з Леклерам спрацавала нарэшце ўдалая для Ferrari стратэгія, якая і дапамагла яму падняцца на ніжнюю ступень подыуму. Піастры, які стартаваў трэцім, на апошніх кругах спрабаваў быў навязаць Шарлю барацьбу, але ў выніку задаволіўся чацвёртым месцам.

Што, зрэшты, таксама стала поспехам з гледзішча камандных інтарэсаў McLaren. Бо Red Bull балаў ізноў крыху недабралі – Серхіа Перэс, якога Крысціан Хорнэр і Хельмут Марка вырашылі пасля Бельгіі не выганяць, у Зандварце, стартаваўшы пятым, фінішаваў толькі шостым. Тым не менш каманда ў Чэка па-ранейшаму верыць, і тут замен не будзе.

Затое адна можа адбыцца ў Williams. Не сакрэт, што вынікамі Логана Сарджэнта, асабліва на фоне Албана, у камандзе з Гроўва не задаволеныя. Да таго ж амерыканец часта б’е машыны, што ва ўмовах абмежаваных бюджэтаў не дазваляе камандзе выдаткаваць дастаткова сродкаў на развіццё баліду.

І на Гран Пры Нідэрландаў падчас суботняй сесіі свабодных заездаў, фактычна яе сарваўшы, Логан у чарговы раз «утаталіў» сваю машыну, праз гэта не прыняўшы ўдзелу ў кваліфікацыі (гонку ён скончыў шаснаццатым). Па чутках, цярпенне кіраўніцтва каманды лопнула, і ўжо ў Монцы Сарджэнта заменіць Ліам Лоўсан або былы пілот Haas Мік Шумахер.

Амерыканская каманда, дарэчы, у Зандварце патрапіла ў скандал. Мясцовыя судовыя прыставы апісалі яе маёмасць у выкананне швейцарскага арбітражнага суда, які прызнаў незаконным скасаванне пасля расійскага ўварвання ва Украіну ў 2022 годзе кантракту з тагачасным тытульным спонсарам – расійскай кампаніяй «Уралкалий». Глава Haas Аяо Камацу заявіў, што дзевяць мільёнаў долараў, якія патрабуюць расійцы, былі пераведзеныя ў пятніцу. Але па стане на зараз чакаецца пацвярджэнне гэтай транзакцыі, і абсталяванне каманды застаецца ў Зандварце.

Галовы лідараў чэмпіянату свету ж зараз занятыя зусім іншымі пытаннямі. У Макса Ферстапена іх меней – лідзіруючы са сваімі 295-цю ачкамі, ён на семдзесят апярэджвае Норыса, які займае другую пазіцыю. І пакуль што тэмп, якім Ланда скарачае сваё адставанне, наўрад ці дазволіць яму па-сапраўднаму паспрачацца за чэмпіёнства ўжо сёлета. А калі ў Ferrari вырашаць свае праблемы, то ўжо яму зможа навязаць барацьбу Шарль Леклер, які, маючы 192 балы, зараз замыкае першую тройку.

Вось у Кубку канструктараў сітуацыя зусім іншая! Red Bull мае 434 ачкі і ўзначальвае залік, але McLaren усяго ў трыццаці пунктах ззаду, на другой пазіцыі. І тут перастаноўкі яшчэ як магчымыя, улічваючы, што ў брытанскім калектыве, у адрозненні ад аўстрыйскага, дастаткова хуткія абодва пілоты. Ды нават Ferrari, займаючы з 370-цю пунктамі трэцюю пазіцыю, не губляе надзею станоўчым чынам нагадаць і пра сябе.

Хто ведае, верагодна, на згаданай вышэй Монцы, якая ўжо на гэтым тыдні прыме Гран Пры Італіі, у чырвонай каманды штосьці і атрымаецца. Храм Хуткасці не падобны ні на якую іншую трасу, і за апошнія гады мы тут неаднаразова бачылі, як гонкі развіваліся па зусім нечаканых сцэнарыях. Нашы блог і Тэлеграм-канал Honačnaja psichapatyja разам з нашымі сябрамі і партнёрамі з Тэлеграм-каналу Formuła Pieramohi | F1 будуць уважліва сачыць за падзеямі ўік-энду і навінамі перад ім. Віримо в ЗСУ! Слава Україні! Жыве Беларусь!

Падтрымаць «Гоначную псіхапатыю»: Paysera: нумар рахунку IBAN LT98 3500 0100 1753 9264. Buy Me A Coffee. Не пераводзьце грошы, калі знаходзіцеся ў Беларусі! Гэта небяспечна для вас!