Адказы лідараў чэмпіянату на мотакросавым Гран Пры Швейцарыі
Фота: mxgp.com
Фініш сезону чэмпіянату свету па мотакросе ўсё бліжэй, і канчаткова лёс тытулаў пакуль што не вырашаны ні ў адной з катэгорый. Праўда, лідары турнірных табліц Кай дэ Вольф і Цім Гайсэр у швейцарскім Фраўэнфельдзе ў мінулыя выхадныя свае пазіцыі ўзмацнілі.
Пры гэтым у MX2 спачатку ўсё выглядала так, што галоўны канкурэнт дэ Вольфа і яго ж напарнік па Nestaan Husqvarna Factory Racing Лукас Коэнэн правядзе чарговы ўдалы ўік-энд і яшчэ скароціць сваё адставанне. Бельгіец выдатна выступіў у суботу, выйграўшы кваліфікацыйную гонку, аднак у нядзельных Фартуна ад яго адвярнулася.
Не абышлося без умяшання нябеснай канцылярыі – калі напярэдадні гоншчыкі каталіся па сухім грунце трасы ў Фраўэнфельдзе, то на наступны дзень яе намачыла дажджом. Верагодна, гэта перашкодзіла Коэнэну стартаваць належным чынам, і з першага павароту ён выходзіў трынаццатым. А пад канец гонкі яшчэ і памыліўся, зрэзаўшы адзін з паваротаў і паплаціўшыся потым за гэта дзвюма пазіцыямі ў пратаколе, дзе стаў у выніку восьмым.
Хто на старце бліснуў, выйграўшы пры гэтым хол-шот, дык гэта прадстаўнік Monster Energy Yamaha Factory MX2 Цібольт Беністан, які вярнуўся пасля пропуску праз траўму дзесяці этапаў. Тым не менш француз адразу ўключыўся ў працу, быццам бы і не перарываў яе, хаця і дапусціў памылку ў пачатку гонкі. Яна, зрэшты, каштавала Беністану толькі дзвюх пазіцый – яго апярэдзіў якраз дэ Вольф, а таксама гоншчык Red Bull KTM Factory Racing Ліам Эвертс, які раней пакінуў ззаду яшчэ некалькіх канкурэнтаў.
Нідэрландзец, бельгіец і француз так і фінішавалі ў першай гонцы на першай, другой і трэцяй пазіцыях адпаведна, другі ж заезд для іх склаўся ўжо іначай. Яго старт выйграў інзноў прадстаўнік заводскай Ямахі, але на гэты раз латвіец Карліс Рэйсуліс. Хаця і Беністан адразу апынуўся побач з ім, на другой пазіцыі, і на першых кругах менавіта яны спрачаліся за лідарства. За гэтым ззаду назіралі гоншчык Red Bull GASGAS Factory Racing Сімон Лангенфельдэр, які ў папярэдняй гонцы фінішаваў чацвёртым, а таксама дэ Вольф.
Немец разам з лідарам чэмпіянату маглі дазволіць сабе менш азірацца назад і больш атакаваць, бо Эвертс і Коэнэн абодва ўпалі – Ліам у самым пачатку гонкі, а Лукас на трэцім кругу. Першым атрыманую выгаду на пятым кругу рэалізаваў Лангенфельдэр, які абагнаў Беністана. З Рэйсулісам Сімону прыйшлося складаней – той адчуваў сябе больш упэўнена, чым у першым заездзе. Немца Карліс прапусціў толькі на трынаццатым кругу, але толькі яго, тады як дэ Вольф так і застаўся ў яго ззаду, задаволіўшыся трэцяй пазіцыяй.
Кай пры гэтым, як няцяжка здагадацца, здолеў прайсці Беністана, які пакрысе губляў тэмп і фінішаваў толькі восьмым, акурат за Лукасам Коэнэнам. І менавіта нідэрландскі гоншчык Хускварны і стаў пераможцам Гран Пры Швейцарыі. Другое месца заняў Лангенфельдэр, а Эвертс, які другі заезд скончыў на пятай пазіцыі, падняўся на ніжнюю ступень подыуму.
Што важней для дэ Вольфа, ён замацаваў сваё лідарства ў чэмпіянаце, дзе ў яго цяпер 831 бал. Лукас Коэнэн, у якога 770 ачкоў, застаўся другім, Лангенфельдэр, які мае 727 пунктаў, у сваю чаргу захаваў трэцюю пазіцыю. Хускварна даволі пераканаўча – з 936-цю баламі – лідзіруе ў MX2 сярод вытворцаў. KTM, у якога 820 ачкоў, на другой пазіцыі, GASGAS, маючы 734 пункты, замыкае першую тройку.
Лідар чэмпіянату ў старэйшай катэгорыі MXGP Цім Гайсэр правёў этап ва Фраўэнфельдзе наогул бездакорна. Славенец з заводскай Хонды выйграў і кваліфікацыйную гонку ў суботу, і абедзве нядзельныя, у якіх хол-шотам адзначыўся таксама гоншчык, які вярнуўся пасля доўгай адсутнасці (прапусціўшы адзінаццаць Гран Пры) – Максім Рэно, які прадстаўляе заводскую Ямаху ўжо ў вышэйшай лізе.
Як і яго суайчыннік і партнёр па калектыве Беністан, Максім таксама выглядаў нядрэнна, хаця лідарства Гайсэру ён саступіў ужо на першым кругу. Фінішаваў жа ён у выніку пятым, што, ізноў жа ўлічваючы яго вяртанне якраз на гэтым этапе, зусім нядрэнна. Тым больш што на другой пазіцыі Максім трымаўся даволі доўга.
Рэно напэўна карыстаўся падтрымкай трыбун, хоць і не такой, канечне, як мясцовы герой з Kawasaki Racing Team Джэрэмі Сівер, які ячшэ і свой двухсоты Гран Пры ў гэты ўік-энд праводзіў. І нават на першых кругах здолеў абыйсці дзейнага чэмпіёна з GASGAS Хорхе Прада. Праўда, на восьмым кругу спачатку швейцарца, а потым і іспанца ззаду пакінуў нідэрландзец з KTM Джэфры Херлінгс, прычым атакаваў ён іх на восьмым кругу ледзь не адным махам.
Двума кругамі пазней Херлінгс абагнаў і Рэно, а на чатырнаццатым кругу Максім саступіў пазіцыю і Прада, які ў сваю чаргу правёў практычна двайны абгон, перад гэтым апярэдзіўшы Сівера. Угнацца за Херлінгсам і Гайсэрам наперадзе Хорхе ўжо не мог, задаволіўшыся трэцяй пазіцыяй. Цікава, дарэчы, што трэцім дзейны чэмпіён фінішаваў і ў другой гонцы, як і Херлінгс другім.
Хаця зусім ужо аднолькавымі два заезды MXGP не былі, хаця б таму, што ў другім Рэно ўтрымліваў лідарства да шостага круга, на якім ён прапусціў наперад Прада. Хорхе наважваўся выйграць другую гонку, а разам з ёй і Гран Пры Швейцарыі, бо Гайсэру з Херлінгсам на першых кругах прыходзілася прабівацца скрозь першую дзясятку з яе канца.
Але Цім рабіў гэта эфектыўна, і ў пачатку дванаццатага круга ён паспяхова атакаваў свайго суперніка па чэмпіянаце. Херлінгс захрас быў за канкурэнтам з Кавасакі Рамэнам Фэврам, але за чатыры кругі да фінішу ён праціснуў абарону француза, падняўшыся на трэцюю пазіцыю. А крыху пазней у крутой правай шпільцы абагнаў і Прада.
Подыум швейцарскага этапу ў старэйшай катэгорыі ў выніку выглядаў гэтак жа, як і першыя тройкі ў абедзвюх гонках – Гайсэр перамог, Херлінгс заняў другое месца, Прада стаў трэцім. Гэта дазволіла Ціму крыху павялічыць свой адрыў ад Хорхе ў чэмпіянаце, дзе ён мае 860 ачкоў супраць 842-х у іспанца, які застаецца другім. Херлінгс, у якога 818 пунктаў, на трэцяй пазіцыі. Хонда з 877-мю баламі лідзіруе ў заліку вытворцаў, GASGAS займае другую пазіцыю з 842-ма пунктамі, на дванаццаць апярэджваючы KTM.
Да канца сезону чэмпіянату свету па мотакросе застаецца ўсяго тры этапы. Наступным стане Гран Пры Турцыі, які пройдзе ў Аф’ёнкарахісары 7-8 верасня. Нашы блог і Тэлеграм-канал Honačnaja psichapatyja абавязкова распавядуць пра самыя значныя падзеі яго і не толькі яго. Віримо в ЗСУ! Слава Україні! Жыве Беларусь!
Падтрымаць «Гоначную псіхапатыю»: Paysera: нумар рахунку IBAN LT98 3500 0100 1753 9264. Buy Me A Coffee. Не пераводзьце грошы, калі знаходзіцеся ў Беларусі! Гэта небяспечна для вас!