Tribuna/Аўта/мота/Блогі/Гоначная псіхапатыя НЕ ВАЙНЕ!/Развязка пераносіцца. Лідары чэмпіянату свету па мотакросе пасля Гран Пры Турцыі чэмпіёнамі не сталі

Развязка пераносіцца. Лідары чэмпіянату свету па мотакросе пасля Гран Пры Турцыі чэмпіёнамі не сталі

Развязка пераносіцца. Лідары чэмпіянату свету па мотакросе пасля Гран Пры Турцыі чэмпіёнамі не сталі

Фота: mxgp.com і x.com/mxgp

Да канца сезону сусветнага мотакросу застаецца ўсяго-нічога, але барацьба за тытулы пакуль што не завершаная не ў адной з катэгорый. І гонкі ў Аф’ёнкарахісары ў мінулыя выхадныя толькі павысілі градус напружанасці.

Хаця, калі казаць пра малодшую катэгорыю MX2, то ў ёй шанцы Кая дэ Вольфа стаць новым чэмпіёнам значна вышэйшыя, чым нават у яго бліжэйшага пераследніка і адначасова яго ж напарніка па Nestaan Husqvarna Factory Racing Лукаса Коэнэна. Які, аднак, не здаецца, і на турэцкім этапе адзначыўся перамогай, прычым здабытай у барацьбе ў тым ліку з нідэрландцам.

Але не толькі з ім. У першай нядзельнай гонцы бельгійцу выклік сваім стартавым хол-шотам кінуў яго канкурэнт з Red Bull GASGAS Factory Racing Сімон Лангенфельдэр. А пазней цягам гонкі – паспяховай зваротнай атакай на Коэнэна, які апярэдзіў яго на першых кругах. Аднак Лукас у сваю чаргу атакаваў на перадапошнім кругу, адваяваў у немца першую пазіцыю і перамог у гонцы.

Лангенфельдэр фінішаваў другім, а замкнуў першую тройку пераможца кваліфікацыйнай гонцы Red Bull KTM Factory Racing Ліам Эвертс, для якога першы з асноўных заездаў выдаўся даволі няпростым. Але яшчэ больш няпростым ён быў для дэ Вольфа, які на першым кругу ледзь не паўдзельнічаў у завале, што зладзілі некалькі яго супернікаў.

На шчасце Кая, ён здолеў аб’ехаць месца здарэння за межамі трасы, але затым вымушаны быў прарывацца. Што, варта адзначыць, атрымалася ў лідара чэмпіянату нядрэнна – ён фінішаваў чацвёртым. А ў другой гонцы нават прэтэндаваў на перамогу, але…

Хол-шот тады дастаўся Коэнэну, але дэ Вольф абагнаў яго ўжо ў другім павароце, і затым доўгі час узначальваў заезд. Калі дакладней, то да апошняга круга, на якім Лукас здзейсніў сваю рашучую атаку, хоць некалькі папярэдніх кругоў трымаўся ў некалькіх секундах ззаду ў напарніка.

Адпаведна, менавіта ён і атрымаў выніковую перамогу ў Гран Пры Турцыі, а дэ Вольф задаволіўся другім месцам. Трэцім у другой гонцы фінішаваў Monster Energy Triumph Racing Мікел Хааруп, аднак на ніжнюю ступень подыуму ўзышоў усё ж такі Лангенфельдэр, які дабраўся да фінішнай брамы акурат за нарвежцам.

Кай дэ Вольф тым не менш захаваў чырвоную таблічку лідара. За два этапы да канца сезона ў яго 873 ачкі супраць 829-ці ў Коэнэна, які застаецца другім. Лангенфельдэр, маючы 774 балы, у сваю чаргу замыкае першую тройку. Затое Husqvarna з 995-цю ачкамі болей чым упэўнена ўзначальвае ў MX2 залік вытворцаў. KTM, у якога 866 пунктаў, на другой пазіцыі, трэцюю, маючы 781 пункт, займае GASGAS.

Не стаў вырашальны турэцкі Гран Пры і ў старэйшай катэгорыі MXGP. Дзейны чэмпіён з заводскага калектыву GASGAS Хорхе Прада, вядома, імкнецца абараніць тытул, і ў Аф’ёнкарахісары іспанец зрабіў да гэтага важны крок. Хаця цягам уік-энду, ён, верагодна, быў і не галоўнай дзейнай асобай.

Той жа лідар чэмпіянату з заводскай Хонды Цім Гайсэр таксама быў поўны рашучасці наблізіцца да свайго яшчэ аднаго тытулу. Славенец выйграў кваліфікацыйную гонку ў суботу, але першую з нядзельных пачаў не лепшым чынам. Не так дрэнна, як прадстаўнік Kawasaki Racing Team Рамэн Фэвр, які ўпаў, не дасягнуўшы і першага павароту, але напарнік француза Джэрэмі Сівер з першага павароту выйшаў акурат перад Цімам (і, адпаведна, выйграў хол-шот).

Здавалася б, швейцарац Гайсэру не канкурэнт, і атака з боку апошняга не прымусіць сябе чакаць. Але замест гэтага спачатку напарніка Ціма Рубэна Фернандэса, а потым і яго самога апярэдзіў гоншчык Monster Energy Yamaha Factory MXGP Максім Рэно! Так, Гайсэр дапусціў памылку, але ж мог і не дапускаць.

А там ужо і Прада ззаду накочваў, і крыху пазней і ён пакінуў свайго канкурэнта ў спрэчцы за тытул ззаду. Гайсэру прыйшлося задаволіцца чацвёртай пазіцыяй, а Прада скончыў гонку трэцім. Да Рэно ён на дыстанцыю атакі падабрацца не здолеў, і Максім у выніку фінішаваў чацвёртым, ну а Сівер упершыню за доўгі час выйграў гонку.

Дзеля справядлівасці, пад канец першай гонкі ў Хорхе былі праблемы з яго маскай, што моцна яму замінала, затое фінальны заезд ён адразу пачаў хол-шотам. Аднак Гайсэр быў побач, і гэтым разам ён быў у пазіцыі таго, хто атакуе. Яго супрацьстаянне з Прада працягвалася ці не да апошніх кругоў, але скончылася на карысць дзейнага чэмпіёна, які выйграў і гонку, і Гран Пры Турцыі.

Трэцім у другой гонцы фінішаваў яшчэ адзін чэмпіён – заводскі гоншчык KTM Джэфры Херлінгс. Але нідэрландцу моцна не пашанцавала ў першым заездзе, у якім ён упаў і фінішаваў толькі дзясятым. Таму выніковае трэцяе месца на этапе дасталася ўсё ж такі Сіверу, які другую гонку скончыў на шостай пазіцыі.

Наўрад ці Херлінгс, які захоўвае ў чэмпіянаце трэцюю пазіцыю, са сваімі 857-мю баламі можа разлічваць на новы тытул. Прада да яго значна бліжэй – у яго 896 ачкоў, і да Гайсэра, які лідзіруе з 910-цю, яму рукой падаць. У заліку вытворцаў у сваю чаргу працягваецца дуэль Хонды, якая лідзіруе, маючы 927 балаў, і GASGAS, які ідзе другім і мае 896 балаў. Не ўсё скончана і для KTM, які ідзе трэцім з 869-цю ачкамі.

Перадапошні этап чэмпіянату свету па мотакросе – Гран Пры Кітая – пройдзе ў Шанхаі ўжо ў бліжэйшы ўік-энд. Дакладней, галоўныя гонкі адбудуцца ў панядзелак 16 верасня, але нашы блог і Тэлеграм-канал Honačnaja psichapatyja ўсё роўна будуць за імі сачыць і распавядуць вам пра іх галоўныя падзеі. Віримо в ЗСУ! Слава Україні! Жыве Беларусь!

Падтрымаць «Гоначную псіхапатыю»: Paysera: нумар рахунку IBAN LT98 3500 0100 1753 9264. Buy Me A Coffee. Не пераводзьце грошы, калі знаходзіцеся ў Беларусі! Гэта небяспечна для вас!