Tribuna/Аўта/мота/Блогі/Гоначная псіхапатыя НЕ ВАЙНЕ!/Піастры малайчына! А астатнія? Разбіраемся, хто з пілотаў Формулы 1 як праявіў сябе на Гран Пры Азербайджана

Піастры малайчына! А астатнія? Разбіраемся, хто з пілотаў Формулы 1 як праявіў сябе на Гран Пры Азербайджана

Піастры малайчына! А астатнія? Разбіраемся, хто з пілотаў Формулы 1 як праявіў сябе на Гран Пры Азербайджана

Фота: formula1.com

Каманда McLaren перад пачаткам гэтага сезона чэмпіянату свету, відаць, выбрала высокі ўзровень складанасці. Аднак справы Оскара Піастры і Ланда Норыса буксавалі толькі ў першых гонках, а пасля ўчарашняй у Баку ў абодвух цяпер па дзве перамогі, а ў McLaren – яшчэ і лідарства ў Кубку канструктараў. Складанасці засталіся ззаду?

Два гады таму кіраўнік гоначных праграм усёй кампаніі McLaren Зак Браўн заяўляў, што ім не будзе апраўдання, калі ў 2024-м яны ў Формуле 1 не будуць змагацца за тытул. Тады, у перыяд дамінавання Red Bull і Макса Ферстапена, гэтыя словы выглядалі для ўсіх пустымі, але ж на самой справе калектыў з Уокінга ў гэтым сэнсе няма ў чым папракнуць – яны могуць стаць сёлета чэмпіёнамі.

Праблем, канечне, хапае, прычым і ў каманды ў цэлым (тактыка па ходу гонак пакуль што не з’яўляецца яе моцным бокам), так і Норысу, якому напярэдадні Гран Пры Азербайджана такі надалі статус першага нумару. Ён у чэмпіянаце да Ферстапена бліжэй за ўсіх, таму працаваць усім на яго разумна. Што, дарэчы, сам брытанец даказаў у Баку, этап у якім нечакана выдаўся для яго няпростым.

Сам Ланда ні ў чым не вінаваты – у першым сегменце кваліфікацыі яму проста не пашанцавала патрапіць пад жоўтыя сцягі, праз якія ён не здолеў палепшыць свой час, застаўся сямнаццатым і не прайшоў далей. Стартаваў, праўда, пятнаццатым, бо два з чатырох пілотаў, якія атрымалі пакаранні, былі ў яго наперадзе – гоншчык Alpine П’ер Гаслі быў дыскваліфікаваны (але дапушчаны да старту) за перавышэнне расходу паліва, а сяміразоваму чэмпіёну з Mercedes Льюісу Хэмілтану пазней памянялі элементы сілавой устаноўкі і налады падвескі, парушыўшы, такім чынам, рэжым закрытага парку.

Але прарывацца Норысу ўсё роўна трэба было, для чаго трэба атакаваць, што з блізкасцю адбойнікаў у Баку нават візуальна не выглядае простым. Пераможца свайго хатняга Гран Пры Манака і папярэдняга Гран Пры Італіі Шарль Леклер у гэтым сэнсе быў у больш выгаднай пазіцыі – на поўле, і на старце гонкі ён паспяхова адбіў атаку з боку Оскара Піастры, які дзяліў з ім першы шэраг.

Пасля гэтага манэгаск кантраляваў сітуацыю да свайго піт-стопу на васямнаццатым кругу. Але на дваццатым аўстраліец, які сваіх механікаў наведаў на круг раней за Шарля, атакаваў таго перад першым паваротам і перахапіў у яго лідарства. Оскар гэтым, канечне, не адбіў жаданне Леклера атрымаць другую запар перамогу, а вось яго далейшыя атакі адбіў, вельмі пісьменна абараняўся і бліжэй да фінішу нарэшце адарваўся ад канкурэнта з Ferrari, які «забіў» свае шыны.

І Піастры, і Леклер, стартавалі на шынах Medium і на сваіх піт-стопах змянілі іх на Hard. У Норыса ж была адваротная стратэгія – максімальна доўгі першы адрэзак на цвёрдай гуме з пераходам на пакрышкі сярэдняй цвёрдасці і фінішам на іх. Бліжэй да піт-стопу Ланда на ўжо зношаных шынах саступаў у тэмпе канкурэнтам на свежым «медыуме» і пару з іх прапусціў. Аднак пасля таго, як на трыццаць восьмым кругу Норыс пераабуўся сам, ініцыятыва была ўжо ў яго, і на сорак дзявятым кругу пілот McLaren выканаў задачу мінімум – у спрэчцы за шостую пазіцыю абагнаў свайго галоўнага канкурэнта ў чэмпіянаце.

Макс Ферстапен у Баку стартаваў шостым, што і было яго столлю ў гэты ўік-энд. Цягам гонкі трохразовы і дзейны чэмпіён так у сярэдзіне першай дзясяткі і ішоў, тады як яго напарнік па Red Bull Серхіа Перэс, якога ў гэтым сезоне не штурхае толькі ленаваты, і кваліфікаваўся ўпершыню за доўгі час лепей – чацвёртым, і ў гонцы выглядаў вельмі нядрэнна, і нават мог прынесці сваёй камандзе подыум і такія патрэбныя зараз ачкі.

На старце Чэка нават апярэдзіў напарніка Леклера Карласа Сайнса, а затым быў блізкі і да Піастры з Шарлем. А калі на апошніх кругах манэгаск пачаў адставаць ад аўстралійца, мексіканец пачаў насядаць і на яго. Праўда, сам у выніку прапусціў Сайнса на перадапошнім кругу, а калі на выхадзе з другога павароту Серхіа пайшоў у контратаку, паміж ім і Сайнсам адбыўся кантакт, і абодва скончылі гонку ў адбойніку. Гэта дазволіла фінішаваць трэцім пілоту Mercedes Джорджу Расэлу, Леклер заняў другое месца, ну а Піастры атрымаў сваю другую ў сезоне перамогу.

Аварыя Перэса і Сайнса (вінаватых у ёй суддзі не знайшлі і прызналі яе гоначным інцыдэнтам) дапамагла многа каму. Напрыклад, двум пілотам, якія праводзілі другія гонкі ў Формуле 1 – Франка Калапінта і Оліверу Бэрману. Аргенцінец, якім у складзе Williams пасля Гран Пры Нідэрландаў замянілі Логана Сарджэнта, які хіба што аварыямі і запомніўся, выдатна праводзіў увесь уік-энд у Баку, і нават разам з Алексам Албанам прайшоў у фінал кваліфікацыі. І першае ачко ён атрымаў бы і без інцыдэнту ў галаве пелатона, а так узяў тры, фінішаваўшы восьмым, акурат за напарнікам.

Бэрману, які ўжо праявіў сябе ў Саудаўскай Аравіі, калі замяняў Сайнса ў Ferrari, а цяпер замяніў Кэвіна Магнусэна, які ў Монцы стаў першым, хто сабраў усе дванаццаць штрафных балаў і Гран Пры Азербайджана праз гэта прапускаў, было гэтым разам складаней, бо Haas – гэта дакладна не Скудэрыя. Тым не менш малады брытанец стаў аўтарам ці не ўнікальнага дасягнення – яшчэ да свайго паўнавартаснага першага сезону ён, узяўшы ўдзел у складзе дзвюх розных каманд у двух Гран Пры, зарабіў ачкі ў абодвух!

У Баку Олівер фінішаваў дзясятым, дзякуючы ізноў жа інцыдэнту Сайнса і Перэса, але гэта ўжо асабістыя цяжкасці іспанца і мексіканца, а не яго. Гэты поспех Бэрмана, дарэчы, у пэўнай ступені павышае чаканні ад яго ў наступным годзе, калі ён будзе абараняць колеры Haas ужо з першай гонкі.

Ну а Калапінта ўласным прыкладам даказаў, што справы Williams ідуць не так і дрэнна, а нашае ўспрыманне стану калектыву з Гроўва было ў значнай ступені скажоным праз былую няроўнасць узроўняў яго пілотаў. Таму цяпер я цалкам дапускаю, што той жа Сайнс, падпісаўшы кантракт з Williams, паставіў на таго каня (усе асацыяцыі з эмблемай Ferrari ў дадзеным выпадку на вашым уласным сумленні!).

Што ж да Норыса і Ферстапена, то яны Гран Пры Азербайджана скончылі чацвёртым і пятым адпаведна, і Ланда ў чарговы раз крыху адгрыз у Макса яго перавагу ў чэмпіянаце. Нідэрландзец па-ранейшаму лідзіруе, маючы 313 ачкоў, брытанец другі, у яго 254 балы. Леклер з 235-цю пунктамі пакуль што трэці, але Піастры, у якога 222 балы, ужо блізка. Хаця тут сітуацыя пакуль што мае хіба што тэндэнцыю да змен, тады як у Кубку канструктараў яна ўжо змянілася – McLaren цяпер лідзіруе, маючы 476 балаў, на дваццаць апярэджваючы Red Bul, які апусціўся на другую пазіцыю. А там і Ferrari, якая ідзе трэцяй, блізка – у Скудэрыі 425 ачкоў.

Ужо канчаткова зразумела, што цікавым будзе кожны з сямі этапаў Формулы 1, што ў гэтым сезоне засталіся. Наступны – Гран Пры Сінгапура – пройдзе ўжо ў бліжэйшы ўік-энд. І мы ж памятаем, якім ён быў летась для Ферстапена і Red Bull (няхай сракі адваляцца ва ўсіх памагатых калгаснага дыктатара, праз якіх тую гонку і яшчэ некалькі мне прыйшлося глядзець у запісу!). Сачыць за ўсімі важнымі навінамі нам дапамогуць нашы сябры і партнёры з Тэлеграм-канала Formuła Pieramohi | F1, а нашы блог і Тэлеграм-канал Honačnaja psichapatyja не забудуцца і пра іншыя чэмпіянаты. Віримо в ЗСУ! Слава Україні! Жыве Беларусь!

Падтрымаць «Гоначную псіхапатыю»: Paysera: нумар рахунку IBAN LT98 3500 0100 1753 9264. Buy Me A Coffee. Не пераводзьце грошы, калі знаходзіцеся ў Беларусі! Гэта небяспечна для вас!